Расія ўкараняе сваіх людзей у шэрагі фермераў-пратэстоўцаў?

У Варшаве абураныя тым, што ў фермераў-пратэстоўцаў з'явіліся антыўкраінскія лозунгі. Польшча непакоіцца, што расійскія спецслужбы спрабуюць усталяваць кантроль над пратэстамі.

Пратэсты фермераў у Польшчы. Фота: Czarek Sokolowski/AP/Рicture Аlliance

Пратэсты фермераў у Польшчы. Фота: Czarek Sokolowski/AP/Рicture Аlliance

Апошнія некалькі месяцаў на ўкраінска-польскай мяжы рэгулярна перакрываецца рух. Крызіс абвастраецца — і на ўзроўні рыторыкі, і на ўзроўні дзеянняў.

Мяжа не функцыянуе належным чынам, свабодны гандаль сутыкаецца з неабгрунтаванымі перашкодамі, узнікаюць высокія рызыкі бяспекі з-за затрымкі ваенных паставак і рызыкі эскалацыі гвалту на мяжы, улады не ў стане забяспечыць кантроль над сітуацыяй і належнае функцыянаванне мяжы. Некаторыя пачалі казаць, што Украіне і Польшчы патрэбная дапамога місіі Frontex — агенцтва памежнай і берагавой аховы ЕС. У адрозненне ад многіх іншых інстытутаў ЕС, FRONTEX ведае, як хутка разгортвацца, тлумачаць аўтары ідэі.  

МЗС Польшчы: занепакоенасць з-за плакатаў, якія ўслаўляюць Пуціна

Польскі ўрад і МЗС непакояцца наконт магчымага ўплыву і пранікнення расійскіх агентаў у асяродак пратэстнага руху фермераў, піша dw.com.

«Паводле нашай ацэнкі, антыўкраінскія лозунгі, якія з'явіліся падчас нядаўняй фермерскай блакады, з'яўляюцца спробай усталявання кантролю над пратэстным рухам з боку груп, якія, магчыма, знаходзяцца пад уплывам расійскіх спецслужбаў», — заявіла міністэрства замежных спраў у Варшаве ў сераду, 21 лютага.

У дакуменце выказваецца глыбокая занепакоенасць з нагоды з’яўлення на фермерскіх пратэстах плакатаў, якія ўслаўляюць прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і яго вайну супраць Украіны.

Польшча ў палітычных і ваенных адносінах — адзін з найбліжэйшых саюзнікаў Украіны, якая зведала агрэсію з боку Расіі. Польшча, якая з'яўляецца сябрам Еўрасаюза і НАТА, прыняла каля аднаго мільёна бежанцаў з Украіны.

Пратэсты фермераў у Польшчы

Пратэсты фермераў у Польшчы накіраваны не толькі супраць аграрнай палітыкі Еўрасаюза, але і супраць таннай сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны. Напярэдадні фермеры заблакіравалі транспартныя вузлы па ўсёй Польшчы, а на памежным КПП «Медыка» выкінулі зерне з украінскіх грузавых вагонаў.

Глыбокае хваляванне ў польскім урадзе выклікалі кадры з населенага пункта Горзычкі, на якіх відаць трактар з савецкім сцягам і плакатам: «Пуцін, разбірайся з Украінай, Бруселем і нашымі кіраўнікамі». Пракуратура распачала справу супраць гаспадароў трактароў па абвінавачванні ў «прапагандзе фашызму, камунізму або іншай аўтарытарнай формы гаспадарства», якая заклікае да нянавісці.


Глядзіце таксама

Генконсул Польшчы ў Львове: Сапраўдны паляк ніколі б не ўдарыў у спіну сваіх суседзяў

Генеральны консул Польшчы ў Львове Эліза Дзванкевіч прызналася, што больш не можа моўчкі назіраць за ганебнымі дзеяннямі сваіх суайчыннікаў на польска-ўкраінскай мяжы, піша «Польскае радыё».

«Я больш не магу маўчаць. Дзеля любові да сваёй краіны. Не магу рабіць выгляд, што не бачу гэтых ганебных дзеянняў Польшчы на польска-ўкраінскай мяжы. Прабачце, мае дарагія ўкраінскія сябры. Тое, што адбываецца, не можа быць справа майго народа», – напісала яна ў сацсетцы.

Дыпламат нагадала падзеі Варшаўскага паўстання 1944 года, у прыватнасці, як савецкія войскі забаранілі пасадку самалётаў саюзнікаў на падкантрольнай ім тэрыторыі.

«Я думала, што так ганебна маглі паводзіць сябе толькі расіяне. Бо дапамога, прызначаная паўстанцам, што была выпадкова скінутая з гэтых самалётаў на ўскраіне Варшавы, апынулася ў руках немцаў. Я была пераканана, што толькі рускія могуць спакойна глядзець, як іншыя народы сыходзяць крывёю. Я ведаю, што мы, палякі, ніколі не зробім нічога падобнага», — падкрэсліў дыпламат.

Эліза Дзванкевіч дадала, што гаворка ідзе не пра патрабаванні польскіх фермераў, а пра форму пратэсту: «Сапраўдны паляк ніколі б не ўдарыў у спіну сваіх суседзяў – змагароў за свабоду. Гэта сорам і ганьба. Прабач, Украіна, якая ваюе, прабач».

Напярэдадні прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што Варшава вядзе перамовы з сельскагаспадарчымі саюзамі аб разблакаванні праходу паміж дзвюма краінамі, падкрэсліўшы, што гэтае блакаванне мяжы не з'яўляецца рашэннем афіцыйных уладаў – гэта пазіцыя выключна фермераў.

Паводле www.eurointegration.com.uawww.polskieradio.plwww.dw.com