Лявон Вольскі: «Каб людзі паверылі, што іх удзел прывядзе да зменаў, яны б не спыніліся»

Беларусы праігнаравалі выбары ў Каардынацыйную раду. І што, да іх масава вярнулася спрадвечная беларуская хвароба «агульная млявасьць і абыякавасьць да жыцця»? Пра тое, як прайшлі выбары ў Каардынацыйную Раду і якія высновы з гэтага можна зрабіць, піша Лявон Вольскі.

ljavon_volski_4_1.webp

Выбары, якіх (амаль) не было

Народ не прагаласаваў. Праігнараваў. Вырашыў не абцяжарвацца. Ну, добра, у Беларусі людзі пабаяліся галасаваць — трэба ўводзіць асабістыя даныя (яны, нібыта, стоадсоткава абароненыя, але народ добра памятае плян «Перамога» і ўсё, што здарылася з тымі «надзейна абароненымі» сьпісамі), а за мяжою! Там жа ж, паводле самых сьціплых падлікаў, знаходзяцца сотні і сотні тысячаў беларусаў, якія былі вымушаныя зьехаць пасьля падзеяў 2020 году. І што, да іх масава вярнулася спрадвечная беларуская хвароба «агульная млявасьць і абыякавасьць да жыцьця»? Ці як? 

Дагрукацца да масаў

Мне падаецца, народ у масе ня надта зразумеў, што такое гэтая Каардынацыйная Рада, чым яна займалася і што зьбіраецца рабіць надалей. Чаму раней іх ня трэба было выбіраць, а цяпер вось раптам спатрэбілася? 

Можа быць, я нешта прапусьціў, не заўважыў, і недзе на спэцыяльных пляцоўках у інтэрнэце падрабязна тлумачылася, што і да чаго. Але, я думаю, каб дасягнуць выніку, трэба было дагрукацца да масаў, ну, вось, напрыклад, да мяне, і растлумачыць, абгрунтаваць, пераканаць у неабходнасьці галасаваньня. Гэта варта было рабіць на ўсіх папулярных пляцоўках, скінуцца на піяр, запусьціць рэклямныя ролікі, прыкласьці намаганьні! Распіярыць кандыдатаў, распавесьці пра іхнія добрыя справы, пра тое, якія яны дзейсныя і працаздольныя людзі. Бо, зноў жа ж, праглядзеўшы сьпісы кандыдатаў, я з прыкрасьцю зразумеў, што пра большасьць зь іх нічога ня ведаю. Натуральна, можа быць, недзе ў нетрах інтэрнэту актыўна праводзіліся сустрэчы з кандыдатамі, перадвыбарчыя дыскусіі, але я на ўсё гэта нейкім чынам не натыкнуўся. Магчыма, праз сваю няўважлівасьць?

Разьлічваць на ўдзел людзей у Беларусі не выпадае

І з гэтай рэгістрацыяй — таксама вельмі коўзкі момант. Пасьля таго, як адбыўся зьліў удзельнікаў пляну «Перамога», разьлічваць на ўдзел людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі, у розных ініцыятывах, дзе трэба рэгістравацца, уводзіць пашпартовыя даныя і любыя іншыя зьвесткі, не выпадае. Гэта занадта небясьпечна. Можна бясконца тлумачыць пра «абароненасьць», але хто ведае — раптам якія праўладныя хакеры ўсё ж дабяруцца да базы даных? Што тады? Не, лепей я ўстрымаюся!

Чаму ж баяцца людзі за мяжою? 

Чаму і чаго? Баяцца — таму што прызвычаіліся баяцца. Баяцца і не давяраць. А чаго баяцца? Ну, напрыклад, што забяруць кватэру. Ужо ж быў адмысловы паказальны рэйд па кватэрах кандыдатаў. Дык чаму ня можа быць і па кватэрах выбарцаў? Ад гэтых «уладаў» можна ўсяго чакаць. Яны ж дыктуюць правілы гульні. Потым самі іх парушаюць, і высьвятляецца, што гульня йдзе ўжо паводле новых правілаў, прыдуманых «уладамі» дзьве хвіліны таму. А заўтра правілы зноў могуць зьмяніцца. Вось народ і баіцца. Якія там рэгістрацыі? Якія галасаваньні? Не, ня трэба ўсяго гэтага!

Як бы там ні было, я ўпэўнены, каб людзі адчулі сапраўдную матывацыю, каб паверылі ў тое, што іхні ўдзел можа прывесьці да зьменаў, да лепшай будучыні, да новай вольнай Беларусі, яны б не спыніліся перад гэтымі ўяўнымі пагрозамі. 

Дык вось не адчулі. Не паверылі. Не прасякнуліся. Не натхніліся. Не рызыкнулі. Не прагаласавалі.

Дэмакратычнае інтэрнэт-галасаваньне — занадта нязвыклая рэч?

Vybary

А можа, проста прыглядаліся, асэнсоўвалі, прынюхваліся? Занадта нязвыклая гэта рэч для шырокіх народных масаў — дэмакратычнае інтэрнэт-галасаваньне. Магчыма, наступным разам апазыцыйныя структуры ўлічаць мінулыя памылкі, зарганізуюць масавую піяр-кампанію — з парадам кандыдатаў, бел-чырвона-белым салютам і ўсім тым, што так прываблівае народ, і ён, гэты народ, масава прагаласуе за гэтых новых дзейсных і працавітых людзей і, убачыўшы гэтае шматмільённае волевыяўленьне, уражаныя эрбэшныя намэнклятуршчыкі заплачуць, кінуць свае пасады і пойдуць у дворнікі, мэханізатары і маляры, а сілавікі складуць зброю і будуць прасіцца ў турму: «Пасадзіце мяне, я займаўся недапушчальным гвалтам падчас пратэстаў!», а кіраўніцтва краіны загрузіцца ў свой «Боінг» і возьме курс на ААЭ, але борт будзе настолькі перагружаны каштоўнымі мэталамі і камянямі, што ня вытрымае і...

Але гэта ўсё ў будучыні. Недалёкай, спадзяюся. І рыхтавацца да яе трэба ўжо цяпер. І дзеячам апазыцыі, і народу.

Лявон Вольскі, Budzma.org