Люты крынж. Рэчыцкай гімназіі падарылі кувалду з лога ПВК «Вагнер»
«Каштоўны экспанат» для музея ў рэчыцкую гімназію прывёз беларус Мікалай Будзько. Менавіта ён загадаў садысцкі забіць сірыйца ў 2017 годзе. Пра гэта распавядае «Н*ша Ніва» са спасылкай на reform.by.
Фота цэнтра «Дасье»
Мікалай Будзько, камандзір 4-га штурмавага атрада ПВК
«Вагнер», вядомы тым, што аддаў загад пасля доўгіх катаванняў пакараць смерцю бяззбройнага
сірыйца ў 2017 годзе. Сірыйцу раздрабілі канечнасці кувалдай, узарвалі ў
пахвіне запал ад ручной гранаты, адсеклі рукі, цела падвесілі за ногі і
спалілі, адрэзаную галаву змясцілі на ўсеагульны агляд. Увесь працэс быў
запісаны на відэа.
І вось той самы Будзько падарыў брэндзіраваную кавадлу
ПВК «Вагнер» музею ПДВ пры Рэчыцкай раённай гімназіі.
Нагадаем, 15 сакавіка ў музеі пры гімназіі зʼявіўся новы экспанат —
кувалда ПВК «Вагнер». Падарункам пахваліўся прарасійскі актывіст Уладзімір
Габраў, які вядомы ў Рэчыцы як кіраўнік ваенна-патрыятычнага цэнтра спецыяльнай
падрыхтоўкі дапрызыўнай моладзі «Скіф».
На кувалдзе невядомы напісаў «Ад заснавальніка брэнда»,
пакінуў аўтограф і падпісаўся пазыўным «Бес».
Менавіта гэты пазыўны меў камандзір 4-га штурматрада
Мікалай Будзько. У канцы лютага расійскае выданне «Дасье» апублікавала расследаванне, у
якім былі названыя імёны ўдзельнікаў жудаснага пакарання сірыйца ў 2017 годзе.
Відэа шакавала інтэрнэт-карыстальнікаў.
Сярод удзельнікаў былі два беларусы — Мікалай Будзько з
Горак з пазыўным «Бес» і Андрэй Бакуновіч з Калінкавічаў з пазыўным «Страпа».
Бакуновіча затрымлівалі пад Мінскам у 2020 годзе ў складзе атрада з 33
«вагнераўцаў», а вось Будзько шырокай публіцы стаў вядомы толькі ў 2023 годзе
дзякуючы расследаванню расійскіх журналістаў.
Мікалай Будзько нарадзіўся ў 1975 годзе ў Магілёўскай вобласці.
У 1993-1994 гадах ён быў на тэрміновай службе ў беларускім войску, намеснік
камандзіра ўзвода ў паветрана-дэсантных войсках. Затым пераязджае ў Расію,
атрымлівае грамадзянства, у 1996-2003 гадах служыць у кастрамскім АМАПе. У
паслужным спісе — баявыя камандзіроўкі ў Чачню і Дагестан. Затым — служба ў
французскім Замежным легіёне, расійскай ПВК Moran Security Group. У «Вагнер»
завербаваўся ў маі 2015 года, быў прызначаны камандзірам узвода ў 4-ю роту,
неўзабаве яе ўзначаліў.
Паводле інфармацыі «Дасье», менавіта Будзько аддаў загад
караць смерцю бяззбройнага сірыйца з дапамогай кувалды.
Але што да «падарунка» рэчыцкай гімназіі, то невядома, калі
Габраў атрымаў кувалду ад ПВК «Вагнер». У яго блогу першае відэа са скрыпічным
футаралам і кувалдай зʼявілася 28 лютага 2023 года. Габраў выхваляецца, што яго
музей ПДВ атрымаў каштоўны падарунак, і паказвае кувалду без надпісаў. 14
сакавіка ён размяшчае новае відэа, на якім мужчына робіць надпіс на дзяржальні
кувалды і падпісваецца «Бесам».
Ёсць і яшчэ адно цікавае відэа ў блогу Габрава. Яно
апублікавана 6 лютага 2023 года, на ім ён сядзіць за сталом, перад ім слоік
чырвонай ікры і бутэлька гарэлкі з гербам Расіі. Габраў прамаўляе палымяны тост
у гонар свайго сябра Колі. Ён згадвае гераічнае мінулае сябра і ў пацверджанне
прыкладвае фота ўзнагарод «героя» — на «іканастасе» зорка героя Расіі, 6
ордэнаў Мужнасці, ордэн «За заслугі перад Айчынай» 4-й ступені, медаль «За
адвагу» і іншае.
«Хачу выпіць вельмі моцна і з вялікім гонарам за майго
сябра, за майго аднакласніка, за такога ж, як я, дэсантніка, які пачынаў свой
шлях воіна ў далёкім 95-м годзе ў 103-й віцебскай брыгадзе. На сённяшні дзень
прадстаўлены і ўзнагароджаны Залатой зоркай Героя Расійскай Федэрацыі. Наш
сціплы зямляк з Рэчыцы. Акрамя гэтага шэсць ордэнаў Мужнасці, ордэн «За заслугі
перад Айчынай» чацвёртай ступені, медаль «За адвагу» і іншае. Проста каласальны
ашаламляльны іканастас. За майго сябра. Усе, хто яго ведаюць, і ўсе, хто проста
падтрымлівае гэты рух наш ветэранскі, што ў нас такія гераічныя людзі на нашай
беларускай зямлі, на рэчыцкай. Таму ўсе, хто яго ведае, усе, хто не ведаюць,
думаю, мяне падтрымаюць — Коля, за цябе, дарагі», — кажа Габраў і выпівае
чарку.
Факты ў лёсе Колі не цалкам супадаюць з інфармацыяй выдання
«Дасье», напрыклад, Габраў кажа, што Коля пачаў службу ў ПДВ у 1995 годзе, а
сам ён родам з Рэчыцы, але нестыкоўкі можна спісаць на недакладную інфармацыю
адной з крыніц.
У любым выпадку, «заснавальнік брэнда» «Бес» — гэта, відавочна,
Мікалай Будзько (Габраў прыклаў да фота кувалды здымак пасведчання героя Расіі).
І менавіта ён падарыў дзецям рэчыцкай гімназіі сімвал ваенных злачынцаў. А каб
не было сумневаў, параўнайце подпіс Будзько на анкеце для ПВК «Вагнер» і подпіс
на кувалдзе.
Калаж reform.by