Львоў цяпер стаў бліжэй за Растоў
Вайна раздзяліла гэту сям'ю фізічна. Ужо больш за год брат і сястра не могуць абняць адзін аднаго. Але духоўна яны разам. У іх радаводзе ёсць і грэкі, і эстонцы, і данскія казакі. Самі ж сябе яны залічваюць да «ўкропаў».
Наталля і Аляксей Зорыны
Наталля і Аляксей Зорыны — брат і сястра, абодва нарадзіліся і выраслі ў Марыупалі, з дзяцінства ў іх былі вельмі цёплыя сяброўскія стасункі, такімі ж яны застаюцца і цяпер, калі ім ужо за трыццаць. Да вясны мінулага году ім не перашкаджала пастаянна сустракацца і сябраваць сем'ямі тое, што Аляксей жыў у Растове, дзе застаўся, паехаўшы атрымаць вышэйшую адукацыю. Балазе ад Марыупаля да Растова ўсяго 180 кіламетраў. Цяпер 180 кіламетраў ператварыліся ў 1500 — мінімальная адлегласць, каб даехаць з Марыупаля да Растова, абмінаючы акупаваныя тэрыторыі. «Львоў цяпер стаў бліжэйшы да Марыупаля за Растоў», — кажа Кірыл, муж Наталлі.
Таму Наталля дасюль бачыла сваю пляменніцу, 10-месячную Шурачку, толькі на фотаздымках. Малая нарадзілася ў чэрвені мінулага году, калі ва Украіне ўжо напоўніцу палала вайна. Не бачылі яе і дзядуля з бабуляй. Аляксей нават наважыўся быў на даволі рызыкоўную вандроўку «акваспынам» — хацеў дабрацца да Марыупаля з сям'ёй на грузавым катэры з Таганрогу, але гэты варыянт сарваўся. Цяпер сям'я шукае магчымасць сустрэцца дзе-небудзь на нейтральнай тэрыторыі. У якасці такой тэрыторыі, дарэчы, разглядаўся Мінск, аднак аказалася, што танней усё-ткі зладзіць сустрэчу ў Турцыі.
Раней Наталля і Аляксей пастаянна адпачывалі разам з сем'ямі ў Крыму. Цяпер жа на пытанне, ці паедуць туды гэтым летам, упэўнена кажуць: «Прынцыпова не! Пакуль ён знаходзіцца пад акупацыяй, не паедзем».
«Добра, што ёсць варожыя заходнія тэхналогіі...»
Наталля расказвае, што яны вельмі падобныя з братам вонкава і ўнутрана. Аляксей сыграў у станаўленні яе як асобы важную ролю. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце — амаль чатыры гады, якая ў дзяцінстве была адчувальнай, ён з маленства прысвячаў ёй багата свайго часу.
«Нам заўсёды было цікава разам. Ва ўсякім выпадку добры густ у музыцы і літаратуры на яго сумленні. А ў цяжкую хвіліну ў мяне не стаіць пытанне да каго звярнуцца па дапамогу або параду», — гаворыць Наталля пра брата.
Свой адказ пра адносіны з сястрой Аляксей пачынае са згадкі іхнага бацькі. Якога ён зразумеў толькі тады, калі сам стаў бацькам. Раней, гаворыць ён, бацька яму здаваўся «невыносным проста да ікаўкі».
«Ён мяне пастаянна чым-небудзь грузіў. Казаў шмат розных рэчаў, якія яму здаваліся разумнымі, а мне не надта. І, як правіла, заканчваў свае тырады такімі словамі: будуць у цябе дзеці — ты мяне зразумееш. Стаўшы бацькам, я патэлефанаваў яму і кажу: тата, я цябе нарэшце зразумеў! Я дараваў табе ўсе твае павучэнні і маралі, падчас якіх я шаптаў быў: ды каб ты праваліўся!» — распавядае Аляксей.
Менавіта бацька вучыў брата і сястру трымацца адно аднаго.
«У нас з вамі, з дзецьмі, вялікая розніца ва ўзросце, казаў мне бацька. Я скончуся, мама скончыцца, а вы з Наташай застанецеся адно ў аднаго адзінымі роднымі людзьмі ў свеце, таму сябруйце! І мы заўсёды сябравалі і адчувалі адказнасць адно за аднаго. Калі мы перасягнулі пэўны ўзроставы парог, і розніца ва ўзросце нівеліравалася, ну ўсяго толькі чатыры гады, я пачаў прыслухоўвацца да яе думкі. Па многіх жыццёвых пытаннях вельмі ўважліва, таму што яна сваёй жаночай мудрасцю... мудрая...» — кажа Аляксей пра сястру.
Наталля і Аляксей у дзяцінстве
Мой суразмоўца збіваецца, маўчыць, па скайпу чуваць, як ён уздыхае.
«...Карацей, гэта катастрофа, што я іх не бачыў так доўга. І як добра, што ёсць варожыя заходнія тэхналогіі, і што мы можам лёгка камунікаваць, іначай давялося б на якім-небудзь дурацкім перагаворным пункце стаяць у чарзе, крычаць у слухаўку і манеткі кідаць у апарат», — знаходзіць Аляксей нагоду для аптымізму.
«Каралі лайна і пары»
У Растоў Аляксей прыехаў 18 гадоў таму. Тады, кажа ён, расійскае грамадзянства давалі каму заўгодна, а ў яго ў Растове жыў дзед. Усяго толькі і трэба было — падпісаць у АВІРы заяву, што дзед патрабуе догляду. Прывабіла хлопца магчымасць атрымаць адукацыю ў былым Варшаўскім універсітэце (створаны з эвакуяванага Аляксандрам І Варшаўскага універсітэта), які меў добрую навуковую школу. Спачатку паступіў на мехмат, потым, спакусіўшыся на запатрабаваную на той час прафесію, перавёўся на факультэт эканомікі. «Па дурасці», — ацэньвае свой выбар Аляксей цяпер. Працаваў у сістэме дзяржкіравання, спачатку на федэральным узроўні, у Кантрольна-рэвізійным упраўленні Мінфіна, пазней перавёўся на муніцыпальны. Досвед знаёмства з расійскай сістэмай дзяржкіравання ў яго атрымаўся негатыўным.
«Дзяржаве карысць прынесці, як у Грыбаедава, у мяне не атрымалася. Кіраўнікі ад падначаленых патрабавалі не імпэту, ведаў і уменняў, а толькі лаяльнасці. Ужо тады мне было зразумела, што ўся сістэма дзяржкіравання ў Расіі — фікцыя і лухта. Па вялікім рахунку, увесь гэты час мы самі ў сябе пазычалі, цягнулі-цягнулі гуму, і было відавочна, што яна раней ці пазней лопне... Гэта былі тлустыя гады — дарагая нафта, лёгкія грошы, слой глянцу, але ўсім распараджаліся каралі лайна і пары (моўны зварот, ужываецца адносна чалавека, які неабгрунтавана ўявіў сабе важнай персонай — аўт.), таму і вынік вядомы», — распавядае Аляксей.
«Цырк з конямі»
Як і брат, Наталля працавала ў дзяржаўных органах, займалася праверкай фінансава-гаспадарчай дзейнасці, толькі ў Марыупалі. Цяпер яна хатняя гаспадыня, але не з уласнай волі, сваім пакліканнем гэта не лічыць, адсутнасць працы яе напружвае. Хаця з гарадской адміністрацыі сышла свядома.
«Сышла, калі змяніўся характар працы. Спачатку ўсё рабілася вельмі талкова, мы займаліся карыснай справай, але пасля рэарганізацыі з аптымізацыяй нас адправілі пад крыло іншага ўпраўлення, я адчула, што пачаліся карна-запалохвальныя замовы ад начальства. Такія, проста каб «нахіліць» каго-небудзь непакорлівага. Натуральна, як прыстойны чалавек, я звольнілася», — дзеліцца Наталля сваёй гісторыяй, даволі падобнай на гісторыю брата.
Перыяд, калі Марыупаль знаходзіўся нібыта пад уладай ДНР, Наталля характарызуе як «цырк з конямі». Па яе словах, сепаратысцкі актыў, які «акупаваў» будынак гарадской адміністрацыі, складаўся з дзясятка чалавек, іх можна было пры жаданні «пазногцем раздушыць». А з імі нешта важдаліся, выводзілі з адміністрацыі, потым заводзілі ізноў. Усё таму, кажа Наталля, што адміністрацыя была «гатовая легчы пад любога».
Партрэт «укропа»
У радаводзе Зорыных ёсць і грэкі, і эстонцы, і данскія казакі. Сваіх з Наталляй бацькоў Аляксей ахарактарызаваў так: «Рускія. Якасныя ўкраінскія рускія». Самі ж сябе яны залічваюць да «ўкропаў». Насамрэч, у Марыупалі, дзе этна-культарнае, успадкаванае ўкраінства сустракаецца даволі рэдка, асабліва добра бачна, што «ўкропамі» не нараджаюцца.
Сустракаючыся з самымі рознымі людзьмі, у тым ліку людзьмі розных нацыянальнасцяў, якія зацята падтрымліваюць Украіну, я спрабаваў зразумець, што паміж імі агульнага. Збольшага гэта былі людзі, якія маюць хлеб і да хлеба, тыя, каго прынята залічаць у сярэдні клас. Але ці зводзіцца ўсё да эканамічнага стану? Зусім не. На Данбасе мне трапляліся заможныя людзі з Пуціным у галаве і простыя рабацягі — без яго. Тых «укропаў», якія выраслі не з глебы і крыві, а такіх, бадай, большасць, аб'ядноўвала адна рыса. Можна пералічыць шэраг — гэта і шырокі кругагляд, і здольнасць крытычна мысліць, пралічваць наступствы дзеянняў, самастойнасць, свабодалюбства ды іншае. Але ёсць адна галоўная. Па гісторыі Наталлі і Аляксея яна якраз добра бачная. Гэта нежаданне дасягаць дабрабыту любым коштам, незважаючы на заганнасць сродкаў, нежаданне мірыцца з брыдкасцю.
Нават дапускаючы, што ў дзеяннях Расіі ёсць нейкая таемная праўда, Аляксей, напрыклад, ніяк не можа яе прыняць, праз метады, якімі яе ўвасабляюць у жыццё.
«Калі пасыл ідзе настолькі хлуслівы, 100% канцэнтраваная хлусня, якой бы добрай ні была мэта, нават невядомая нам мэта, яна вось ад нас схаваная, дапусцім, пад патройнай завесай таямніцы, і яна насамрэч добрая, ні ў якім выпадку нельга дасягаць яе такімі метадамі. Гэта проста катастрофа», — гаворыць ён.
Пуцін не дасць прапасці
Наталля і Кірыл падрыхтавалі ўсё, каб у выпадку захопу Марыупаля імгненна сабрацца і выехаць разам з сынам, 4-гадовым Іллёй. Яны ўжо выязджалі так аднаго разу на пэўны час, але не вытрымалі, вярнуліся. Ілля ведае, што такое вайна. Ён чуў абстрэлы, у іх доме жыў бежанец — доктар з Данецку, у дзіцячым садку яму выдалі адмысловую візітоўку з групай крыві і памятку на выпадак атакі. Хлопчык часта праязджаў праз блокпасты і палюбіў вітаць вайскоўцаў воклічам «Слава Украіне!». Таму, заўважае Кірыл, праз блокпасты ДНР ехаць ім дакладна нельга.
Ілля чуў абстрэлы і ведае, што такое вайна
Аляксей з сям'ёй таксама сядзіць на чамаданах, гатовы з'ехаць. Расію, кажа ён, нічога добрага ў будучыні не чакае. Абсалютная большасць расіянаў падхапілі вірус імперскага шаленства, цалкам шчыра яго ў сабе падтрымліваюць.
«На многіх, такое ўражанне, выраслі скуранкі з маўзерамі. Нейкае вар'яцтва адбываецца... Пасля крымнаша людзі перасталі рэфлексаваць, крытычна ўспрымаць інфармацыю, апошнія firewall'ы ўпалі, апошняя інфармацыйная абарона ўпала і ўсё. Людзям анатамавалі чарапную каробку, цяпер бяры і корпайся ў мозгу чым хочаш. Хочаш скальпелем, хочаш штопарам, хочаш відэльцам, чым заўгодна... А галоўнае — ім гэта даспадобы! Ім падабаецца, што болей не трэба думаць самім. Яны радыя не несці ні за што адказнасці, а зноўку проста падтрымліваць партыю і ўрад, што б тыя не рабілі. Не хачу жыць у такіх умовах. Украіна — гэта магчымасць выйсця, надзея, тады як Расія — проста тупік», — кажа Аляксей.
Зрэшты, як расказвае Кірыл, які працуе ў фінансавай адміністрацыі марупальскага порта, каля 70% ягоных падначаленых таксама не надта схільныя рэфлексаваць і спадзяюцца на расійскага цара-бацюшку, на прыход ДНР.
Хаця менавіта праз авантуру на Данбасе, распавядае Кірыл, значна знізіўся грузапаток. І пасля перамір'я дасюль не аднавіўся. Таму што большасць грузаадправіцеляў знаходзяцца на акупаваных тэрыторыях, гэта каля 50% грузаў. Засталіся толькі марыупальскія металургічныя камбінаты з іх патрэбамі. Тое, што раней да іх падвозілі па чыгунцы: руда, гліна, вугаль, цяпер гэта ідзе морам з-за мяжы, вузлавыя станцыі ўзарваны — вось і атрымліваецца, яны не паспяваюць чыгункай перавезці ўсё і цяпер возяць морам сюды. З кастрычніка мінулага году порт перайшоў на чатырохдзёнку, толькі з цяперашняга сакавіка працуюць па пяць дзён. Але порт «выязджае» за кошт таго, што атрымлівае даходы ў валюце. Такім чынам падзенне грыўны кампенсуе зніжэнне грузапатоку.
Можна колькі заўгодна даказваць ім, гаворыць Кірыл, што калі яны стануць жыць на непрызнанай тэрыторыі, порт проста загібее, цяперашнія праблемы здадуцца кветачкамі, яны проста застануцца без працы... Не, усё роўна яны будуць адмахвацца: «Неяк будзе! Пуцін не дасць прапасці».
Палёты па-над вайной
Наталля і Кірыл захапляюцца кайтсёрфінгам — палётамі па-над вадой. У іх склалася вялікая змяшаная кампанія з украінцаў і расіянаў. Да іх часта прыязджалі аматары кайтсёрфінгу з Растова, бо Таганрогскі заліў не вельмі добра пасуе для гэтага спорту. Наталля распавядае, што многія з іх знаёмых расіянаў тэлефануюць і выбачаюцца за дзеянні Расіі ў дачыненні да Украіны. Яны цяпер не могуць сабрацца разам у сваім улюбёным месцы пад Марыупалем, бо там небяспечна, страляюць, але іхныя сумесныя палёты па-над вадой сталі палётамі па-над вайной...
Аляксей таксама адчувае сваю пэўную віну і пераконвае сваіх растоўскіх сяброў: «Нам мусіць быць сорамна. Ну як жа так... Гэты кашмар адбываецца нібыта і з нашай маўклівай згоды. Зрэшты, я веру, што ён мае скончыцца і мы абавязкова ўсе сустрэнемся ў мірнай Украіне».
Падчас гутаркі дома ў Наталлі і Кірыла чатырохгадовы Ілля займаўся самастойна сваімі справамі і толькі аднойчы падбег, каб заспяваць украінскую песеньку. Хлопчык якраз вывучыў яе днём у дзіцячым садочку, які знаходзіцца каля будынку Усходняй мытні. Летам там з'явіліся барыкады ДНР. А неўзабаве — зварот мамаў і бабуляў: «Спадары з ДНР! Калі хоць адзін стрэл прагучыць каля нашага садочку, мы знясем вас разам з вашымі барыкадамі!».
Потравичцiзелененькій
Я біжу, біжу
І промінчик сонечка
У руках несу.
Подарую ненечці —
Хай цвіте завжди.
Подарую квіточкам —
Хай цвітуть сади.
Фотаздымкі з сямейнага архіва сям'і Зорыных