«Лукашэнка зрабіў з Бабарыкі беларускага Нэльсана Мандэлу»

Сябра палітрады АГП Леў Марголін у каментары UDF адзначыў два аспекты, звязаныя з прысудам банкіру. Ён лічыць, што ў крайнім выпадку Бабарыка пасядзіць год-два — і яшчэ можа стаць прэзідэнтам.

Фота з сайта 24tv.ua

Фота з сайта 24tv.ua

«Мабыць, на думку Лукашэнкі, чым большы тэрмін — тым даражэйшы тавар, за які можна потым будзе пагандлявацца. І, як сумна пажартаваў адзін таварыш у сацсетках, цяпер па-новаму пачынаеш глядзець на фразу "прэзідэнцкі тэрмін". Калісьці Статкевічу далі 6 гадоў, але гісторыя паказала, што такі прысуд не спалохаў людзей. Лукашэнка, напэўна, зрабіў выснову: тэрмін павінен быць вялікім, каб нікому панадна не было прэтэндаваць на прэзідэнцкі фатэль», — сказаў Марголін.

— Бабарыку звязвалі з людзьмі з «Газпрама». Чаму ж з Расіі не змаглі дамагчыся яго вызвалення?

— Не варта забываць, што Беларусь, якой бы яна ні была, але дэ-юрэ з'яўляецца незалежнай дзяржавай. Можна ўспомніць, як сядзеў у Беларусі гендырэктар «Уралкалія» Баўмгертнер. Практычна кожнага ў Беларусі могуць арыштаваць і зрабіць з яго тавар для абмену, — мяркуе Марголін.

Пры гэтым, на думку Марголіна, Бабарыку «сядзець давядзецца нядоўга»

— Не рызыкну назваць канкрэтны тэрмін, але гэта далёка не 14, не 10 і нават не 5 гадоў. Думаю, лік будзе ісці на месяцы, у крайнім выпадку, Бабарыка пасядзіць год-два, — мяркуе Марголін.

Ён лічыць, што ў банкіра добрая палітычная будучыня.

— Лукашэнка зрабіў з Бабарыкі беларускага Нэльсана Мандэлу — палітыка, які пацярпеў за народ. У нас такіх любяць, таму лічу, што шанцы Бабарыкі стаць прэзідэнтам па-ранейшаму будуць высокімі. За ім няма адмоўных момантаў, а да яго вопыту работы ў бізнесе, паспяховага кіраўніцтва банкам дадасца яшчэ і ахвярнасць.

У адрозненне ад усіх сваіх «змоўшчыкаў», ён віну не прызнаў, не сагнуўся пад ціскам. Хоць яны выйдуць на волю, хутчэй за ўсё, усе разам, — лічыць Марголін.

— Як ацаніць дзеянні Бабарыкі вясной 2020 года?

— Безумоўна, у яго не магло быць дакладнага ўяўлення пра прэзідэнцкую кампанію, сітуацыю ў краіне, таму што Бабарыка не быў чалавекам з палітыкі. З іншага боку, ён адкрыў некаторыя паняцці, якія лічыліся да яго паходу на выбары нерэальнымі. Напрыклад, ён сказаў, што сфальсіфікаваць 80% галасоў нельга. І мы пераканаліся, што сапраўды нельга: што ўсе выдатна зразумелі, якія на самой справе вынікі выбараў, — адзначыў Марголін.