Магілёўскія актывісты ТБМ усталявалі Крыж памяці

У Магілёве на месцы масавых расстрэлаў грамадзян, якія адбываліся ў 1920-30 гады, мясцовыя актывісты Таварыства беларускай мовы ўсталявалі Крыж памяці. 



kryzh4.jpg

svaboda.org

Памятны знак зроблены ў форме крыжа Еўфрасінні Полацкай. Ён узвышаецца над кар’ерам, які насупраць магілёўскага мясакамбінату на праспекце Дзімітрава. Гэта мясціна прызнаецца ўладаю як месца сталінскіх расстрэлаў. Прыканцы 1980-ых тут выявілі чалавечыя парэшткі. Адмысловая камісія канстатавала: тут стралялі людзей. Сябры першай адраджэнскай арганізацыі Магілёва, мясцовай філіі «Мартыралог Беларусі» адшукалі сведак тых падзеяў і запісвалі іх успаміны.

«Гэта для Магілёва дужа знакавая месца, — кажа кіраўнік магілёўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў. — Калі кажуць, што няма ніводнай сям’і, якая б не пацярпела ад Другой усясветнай вайны, то няма і такой сям’і, якую б не закранулі сталінскія рэпрэсіі, таму сталінскія рэпрэсіі гэткія ж знакавыя для Беларусі, як і Другая ўсясветная вайна. Актывісты адраджэнскіх арганізацыяў усталявалі ў 1989 годзе на гэтым месцы крыж. Тады ім дапамагала і ўлада. Крыжы з часам парахнеюць і іх варта мяняць. Вось і мы зрабілі ўнёсак у гэтую справу», — зазначае актывіст.

Рашэнне пра ўсталяванне крыжа, паводле Алега Дзьячкова, прымала рада арганізацыі. Ажыццявіць задуманае дапамаглі прадпрымальнікі. «Рада, пастанавіла, што Крыж мусіць стаяць да Дзядоў. Гэтак і выйшла», — зазначае тэбээмавец.

Разам з крыжам усталяваная і мармуровая пліта з надпісам: «Крыж памяці аб бязвінна забітых у 20-30 гады 20 стагоддзя».

kryzh1.jpg

Усталяваны камунальнымі службамі горада крыж, якім яны замянілі стары падгнілы, пакінуты актывістамі ТБМ. 31 кастрычніка ля яго правёў памінальную службу святар з праваслаўнай Свята-прэабражэнскай царквы, паведамляе Радыё Свабода.