«Родная мова дапамагла знайсці сапраўднае каханне!..»

Хімік з Бабруйска, інжынер са Смаргоні ды паэтка з сонечнай іспанскай Малагі. Усе яны — удзельніцы перапісу беларускамоўнага насельніцтва, арганізаванага курсамі «Мова Нанова». І хто цяпер скажы, што цікавасць да мовы — сталічны трэнд?

8e682c1b_280e_4ad5_9842_e4dfb5887bab_mw1024_mh1024_s_1.jpg

Фота Радыё Свабода

Юлія, хімік, Бабруйск

— Я дакладна дык і не памятаю, калі пачала размаўляць па-беларуску, таму што ў нашай сям’і ўсе карыстаюцца роднай мовай. З аднаго боку, так адбылося дзякуючы таму, што мама майго таты — мая бабуля — была настаўніцай беларускай мовы і пачатковых класаў, таму мы не маглі не ведаць мовы. Тата — гэта літаральна жывы слоўнік, да яго заўсёды звяртаюцца калегі і знаёмыя, калі патрэбна перакладаць дакументы.

А з мамінага боку іншая гісторыя. Дзядуля, мамін бацька, сам быў з Асіповіцкага раёна, вайсковая служба занесла яго аж на Далёкі Усход, дзе сустрэў ён сваё каханне, сваю Ганну, а мая мама нарадзілася ў горадзе над вялізнай ракой — Амурам. Але добра, што дзядуля прывёз сваю сям’ю на Радзіму, бабуля навучылася чытаць па-беларуску, вельмі захаплялася беларускімі кінастужкамі, адзін з яе любімых твораў — «Людзі на балоце».

bagdanovich_1.jpg

Мая мама ў савецкі час магла вызначыцца з нацыянальнасцю на карысць рускай, але яна заўсёды казала, што яна — беларуска, яе ж бацька — беларус, і больш ніякіх ваганняў! Яна была цудоўным чалавекам, добрым і неабыякавым. А якой яна магла быць, калі абрала прафесію настаўніка?! Вучні неаднойчы прызнаваліся, што прыходзяць у школу толькі дзеля яе ўрокаў. Вывучаць гісторыю Беларусі можна толькі па-беларуску! І павагу да мовы, да сваёй гісторыі яна прывівала не толькі нам з сястрой, але ўсім, каму пашчасціла быць яе вучнямі.

Пра сябе асабіста скажу: дакладна заўважыла, што стала думаць па-беларуску, калі пачала чытаць Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Гэта, насамрэч, цяжка, таму што асяроддзе па большасці рускамоўнае, але вялікі майстар слова ўплывае каласальна!

А яшчэ мая беларускамоўнасць дапамагла мне знайсці сваё сапраўднае каханне!.. Чалавек, без якога я ўжо не ўяўляю свайго жыцця, аднойчы напачатку нашага знаёмства прызнаўся пра вяшчунства сваёй бабулі: калі ён быў зусім малады і шукаў сябе, шмат вандраваў па свеце, працаваў за мяжой, бабуля яму прадказала сустрэчу з беларусачкай, якая запоўніць сабой усё яго вялікае сэрца! Прайшло нямала часу, але так і здарылася!

Дома паміж сабой мы карыстаемся мовай, ёсць беларускамоўныя сябры рознага ўзросту. Ёсць беларускамоўныя сябры майго таты — людзі, з якімі я знаёмая з дзяцінства, гэта пераважна настаўнікі сталага ўзросту, і багата новых знаёмых, моладзі нашага Бабруйска, якія ўжываюць беларускую мову штодзённа і размаўляюць толькі на ёй.

На жаль, ёсць і тыя, хто не разумее мовы, хоць і не адно дзесяцігоддзе жыве тут. Таму ветліва камунікую з імі ўжо на зручнай ім рускай. Сярод калег — а гэта персанал лабараторыі — стасункі на рускай, бо няма тых, хто валодае адпаведнай хімічнай і тэхнічнай тэрміналогіяй, уся дакументацыя вядзецца на рускай мове, а трасянка для мяне недапушчальна, лічу, што гэта ганьбіць мову...

Прыемна, што сярод калег ёсць тыя, хто з задавальненнем папрактыкуецца ў роднай мове паміж сабой падчас адпачынку, калі нішто нам не замінае ўзняць адзін аднаму настрой шчырай гутаркай.


parfianiuk.jpg

Аляксандра Парфянюк, інжынер, Смаргонь

— Беларуская мова ўвайшла ў маё жыццё праз курсы «Мова Нанова» ў Маладзечна — як схадзіла адзін раз, не змагла спыніцца! Агулам карыстаюся роднай мовай, на жаль, не стала, але з беларускамоўнымi сябрамі заўсёды размаўляем на мове. Вельмі запомнілася, як падзякаваў па-беларуску ў маленькай вёсачцы на Крыце гандляр, калі даведаўся, што мы з Беларусі. Было прыемна!

Анхела Эспіноса, паэтка, ганаровы сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, Іспанія

espinosa.jpg



— Нягледзячы на тое (альбо, можа, менавіта таму), што я цяпер жыву ў Варшаве, я размаўляю па-беларуску 90% часу. Па-польску размаўляю ў крамах, з тэхнікамі, з лекарамі і з нешматлікімі польскімі знаёмымі, якія не разумеюць беларускую мову. Вучуся на варшаўскім факультэце беларускай філалогіі, таму камунікаванне ва ўніверы на 99% па-беларуску, большасць знаёмых альбо філолагі, альбо з беларускай дыяспары (беларускамоўныя прынамсі часткова, у тым ліку ў размовах са мной).

Рэгулярна хаджу на беларускія мерапрыемствы, перапісваюся з сябрамі пераважна па-беларуску (бывае, па-англійску, па-іспанску, напрыклад, з сямʼёй), чытаю шмат па-беларуску, бо ў мяне літаратуразнаўчая спецыяльнасць у магістратуры...

Першы раз я пачула беларускую мову, як мне здаецца, у ЗША. Я зʼездзіла ў Паўночную Караліну на месяц вучыцца на семінарах для маладых дыпламатаў. Мне было 15 гадоў. Там было шмат людзей, якія размаўлялі на розных славянскіх мовах, але раней я ніколі не чула ніякіх моваў з гэтай групы, таму не ведала дакладна, дзе беларуская, а дзе руская, польская, украінская.

Пачула беларускую мову свядома я пазней у Варшаве, пасля перамогі на конкурсе «Беларусь у фокусе», калі мяне запрасілі на ўзнагароджанне, а там было многа беларускамоўных журналістаў і іншыя беларускамоўныя госці, дзякуючы якім я палюбіла беларускую мову і вырашыла яе вывучыць. Доўга збірала матэрыялы (у Іспаніі нічога няма па дыдактыцы/вывучэнні беларускай мовы), і доўга вучылася сама, без магчымасці практыкавацца, размаўляла з люстэркам, каб папраўляць вымаўленне, шмат чытала, часта ледзь разумеючы.

Потым дзеля моўнай практыкі я пачала пісаць беларускамоўны блог, пасля зʼявіліся першыя вершы (я заўсёды спрабую пісаць вершы на новых мовах), мяне заўважылі ў літаратурным асяроддзі, і я пачала друкавацца. У гэтым акадэмічным годзе маю абараніць магістарскую працу ў галіне літаратуразнаўства — вядома, па-беларуску.

Маё жыццё змянілася кардынальна, бо цяпер беларушчына — гэта мая прафесія і большасць маіх хобі. І новыя сябры зʼявіліся, і новыя кнігі для чытання, новая музыка... У беларускай літаратурнай «тусоўцы» хто прыняў лепш, хто горш. Большасць людзей паставілася станоўча да мяне (магчыма, палічылі несправядлівым адмовіць мне ў праве пісаць па-беларуску толькі за тое, што не нарадзілася ў Беларусі і ведаю мову з кніг).

З іншага боку, нават сярод літаратараў мала для каго беларуская мова — менавіта першая. Людзі ў сваёй большасці перайшлі на беларускую мову раней ці пазней. Чаму чалавек мае больш ці менш права пісаць па-беларуску ў залежнасці ад таго, з якой мовы перайшоў на яе?

Былі і людзі, якія яўна зайздросцілі і казалі, што мае творы друкуюць толькі таму, што я іншаземка. Прызнаю, што я таксама пра гэта думала, былі асабістыя крызісы (асабліва праз сумненні, ці заслугоўваю назваць свае творы літаратураю, і ці правільна публікаваць іх па-беларуску), але, мяркую, калі б мае вершы не мелі ніякай вартасці, іх (адносная) папулярнасць трымалася б не так доўга (ужо больш за два гады друкуюся), я проста сышла б з моды, не?

Таксама было некалькі лю­дзей, якія казалі адкрыта, што я не маю права займацца беларускай літаратурай, а пісаць павінная толькі па-іспанску. З імі перастала камунікаваць, бо гэта расізм, расізм — гэта прыкмета дурноты і вузкага ўспрымання свету, а да такога ў мяне нізкая талерантнасць. Хто хоча крытыкаваць, калі ласка! Але хай крытыкуе якасць твораў, а не пашпарт аўтара.

Я заўсёды была дзіўнаватым чалавекам, таму сваякі да маёй захопленасці беларускай мовай ставяцца спакойна (прынамсі, ужо прывыклі). Калі я яшчэ вучылася ў школе, бацькі хацелі, каб я паступіла на права і займалася дыпламатыяй ці палітыкай якой, альбо каб здала дзяржаўны іспыт і сядзела ў офісе ў адміністрацыі. Але было ясна, што гэта не здарыцца, і хутка прынялі — маўляў, рабі, што хочаш.

Багата было забаўных сітуацый з мовай, ладна, калі не верылі, што я сама вершы напісала, але некаторыя людзі нават падумалі, што я — «качка», і мяне прыдумаў які хітры журналіст.


Усе гісторыі з рубрыкі «Гэта я — беларускамоўны…»