«Лобі чыноўнікаў і вытворцаў вельмі моцнае», — Алена Анісім пра сітуацыю вакол беларускай мовы на этыкетках
Міністэрскія чыноўнікі, прадстаўнікі прамысловых прадпрыемстваў, вытворцы, дэпутаты абмяркоўвалі на круглым стале ў Палаце прадстаўнікоў, ці трэба замацоўваць у заканадаўстве, каб на этыкетках і ўпакоўцы тавараў абавязкова падавалася інфармацыя па-беларуску.
Цяпер вытворцы могуць рабіць гэта, як палічаць патрэбным — альбо па-расейску, альбо па-беларуску.
«Самае большае, чаго мы дасягнулі — што мы не пасварыліся, не разышліся ворагамі. Гэта вялікае дасягненне», — так коратка падсумавала вынікі круглага стала дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.
Яна сказала, што ў Палату прадстаўнікоў паступіла каля 250 зваротаў грамадзянаў з патрабаваннем абавязкова разьмяшчаць інфармацыю пра тавары на беларускай мове.
«Але, як мне падалося, і дэпутаты, і чыноўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, і вытворцы не зусім схільныя гэтыя звароты прымаць пад увагу. Бо, маўляў, „яны ўсе аднатыпныя, спампавалі з аднаго месца і даслалі. Некаторыя звароты эмацыйныя: „абараніце мае правы“ — і ўсё, неканкрэтныя“. Так казалі пра звароты прысутныя на круглым стале», — кажа Алена Анісім.
Начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Барышнікава сказала, што пытанне пра абавязковае разьмяшчэнне інфармацыі пра тавары па-беларуску разглядалася на паседжанні грамадска-кансультацыйнай рады. І менавіта рада прыняла рашэньне ня ўносіць зменаў у Закон аб правах спажыўцоў.
«Я, канечне, даносіла ўсім прысутным, што людзі выказваліся за беларускую мову на этыкетках і ўпакоўцы падчас радыёэфіру, і бізнэс цяпер выказваецца за беларускую мову і рухаецца ў гэтым кірунку, многія рэкламуюць і прасоўваюць сваю прадукцыю па-беларуску. Кажу: „Вы ж не адставайце ад тых трэндаў, што зараз ідуць — моладзь хоча чуць беларускую мову, глядзіце, каб вы не адсталі ад тых працэсаў, якія зараз ідуць. Дый замежныя вытворцы прымушаюць нас гэта рабіць, яны пішуць па-беларуску на прадукцыі, якая ідзе да нас. А мы самі ніяк сябе не пазыцыянуем“», — сказала Алена Анісім.
На круглым стале ніякіх канкрэтных рашэнняў не прымалася, гэта быў вольны абмен думкамі. Але, паводле Алены Анісім, лобі чыноўнікаў і вытворцаў вельмі моцнае:
«Гэта была масіраваная атака, што „ніякіх зменаў уносіць не трэба“, і наагул, маўляў, „да моўнага пытання трэба ставіцца асцярожна“. Вось гэтае „або“ (або руская мова, або беларуская) у цяперашняй рэдакцыі Закону аб правах спажыўцоў дазваляе выбіраць адну мову. І выбіраюць у асноўным адну — рускую.
Ясна, што лобі вытворцаў і чыноўнікаў вельмі моцнае, яны баяцца нечага. Самае большае, чаго мы дасягнулі — што мы не пасварыліся, не разышліся ворагамі. Гэта ўжо вялікае дасягненне!
Іншая справа — кожны баіцца ўзяць на сябе адказнасць. Яны баяцца, што калі ўнясём у Закон аб абароне правоў спажыўцоў адназначнае рашэнне пра абавязковасць дзвюх моваў, то тады ўсё — не толькі этыкеткі, але і шыльды давядзецца рабіць на дзвюх мовах. Іх гэта напружвае, што давядзецца несці адказнасць. Таму яны і ўпіраюцца.
Але мы абмяняліся думкамі, я думаю, працэс пойдзе, і прыйдзем да таго, да чаго трэба», — выказала спадзяванне дэпутатка Алена Анісім.
Чыноўніца з Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Барышнікава паведаміла, што законапраект цяпер на разглядзе ў Савеце міністраў і хутка павінен паступіць у Палату прадстаўнікоў.
Паводле Радыё Свабода