Яшчэ нядаўна і ў Беларусі з размахам святкавалі Дзень вышыванкі — паглядзіце, як гэта было
Ва Украіне 16 траўня адзначылі Дзень вышыванкі. Той самы, калі ўсе навокал апранаюць сарочкі з нацыянальным арнаментам. Такі ж самы, які ёсць у Беларусі і адзначаецца 2 ліпеня. Вырашылі згадаць, як у мінулыя гады праходзіў гэты дзень у нашай краіне.
![Архіўнае фота. Аўтар Алена Ляшкевіч Архіўнае фота. Аўтар Алена Ляшкевіч](/img/v1/images/2017_05_20_a.ljaszkevicz_img_4661_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1716099685&w=528)
Спойлер: высокапасадныя беларускія чыноўнікі ў БЧБ — гэта не страшны сон ГУБАЗіКа. Гэта рэальнасць, якую ўлады вынішчылі пасля выбараў 2020-га. І працягваюць апантана вынішчаць, руйнуючы ўсё нацыянальнае, нават кнігі.
Пачатак свята нацыянальнага арнаменту
Дзень вышыванкі ў Беларусі пачалі шырока святкаваць у 2016 годзе. Улады прызначылі яго на 2 ліпеня, як бы напярэдадні афіцыйнага Дня незалежнасці, і прымеркавалі да 25-годдзя набыцця суверэнітэту.
Да таго, нягледзячы на наяўнасць бела-чырвонага арнаменту на дзяржаўным неасавецкім сцягу, спалучэнне гэтых спрадвечна беларускіх колераў лічылася прыкметай апазіцыйных настрояў. І ўлады ўсяляк ад іх дыстанцынаваліся.
Але бач ты: аднойчы рэжым Аляксандра Лукашэнкі зрабіў ідэалагічны разварот на 180 і павярнуўся тварам да нацыянальных каштоўнасцяў беларусаў. Не тое, каб зусім — і не тое, каб шчыра (ведаем мы гэтае ўлюбёнае геапалітычнае лавіраванне) — але ж факт стаўся фактам. БЧБ-матывы аднавілі прысутнасць у дзяржаўным парадку дня, і адным з тых матываў стаў Дзень вышыванкі.
Мінула восем гадоў. Усе бела-чырвонае зараз фактычна абвешчана па-за законам. То самы час узгадаць, а якім яно было — гэтае кароткае вяртанне рэжыму да таго, што зараз у тэлевізары называць «фашысцкім», «нацысцкім» і «калабаранцкім».
«Нацыяналіст» Макей
Уласна кажучы, па-сапраўднаму з размахам Дзень вышыванкі святкавалі толькі да 2019-га. Далей пачалася электаральная турбулентнасць і ледзьве ўкаранёную традыцыю паціху звялі да фармальных, слаба заўважных мерапрыемстваў дзеля птушачкі. З удзелам БРСМ ды іншай нешматлікай паслухмянай масоўкі. З дамінаваннем ужо не бела-чырвонага, а хутчэй чырвона-зялёнага ды астатняй дзівоснай аграэстэтыкай.
Але ж былі часы, калі ўсё адбывалася іначай. І калі нават самыя набліжаныя да Лукашэнкі вертыкальшчыкі раптам выходзілі ў людзі ў такім выглядзе, што спадабалася б і Зянону Пазняку.
Болей за ўсіх гэтым вызначыўся міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Ёсць меркаванне, што ён асабіста і стаяў ля вытокаў Дня вышыванкі. Нібыта на яго ўсклалі місію прымірэння з Захадам, і гэтае збліжэнне адбывалася ў тым ліку праз такія культурніцкія праекты.
І Макей шчыраваў. Нават арганізоўваў афіцыйныя прыёмы для замежных амбасадараў, куды тыя мусілі прыходзіць у нацыянальных строях. Падчас такіх прыёмаў міністр прамаўляў па-беларуску, нахвальваў вышыванку і казаў пра неабходнасць пашырэння выкарыстання роднай мовы. У бела-чырвонае ён апранаў не толькі сябе, але і сваю сям’ю, і глядзелася гэта ўражвальна.
![semya_makei_v_belarusi_kak_doma_20190705_shuk_tutby_phsl_8626.jpg semya_makei_v_belarusi_kak_doma_20190705_shuk_tutby_phsl_8626.jpg](/img/v1/images/semya_makei_v_belarusi_kak_doma_20190705_shuk_tutby_phsl_8626.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Цяпер успрымаецца, канешне, іначай. Пройдзе некалькі гадоў, і Макей будзе зацята ваяваць з Захадам, называючы яго амаль што ворагам усяго жывога і «фашыствуюшчэй» дэмакратыяй, а яго жонка актрыса Вера Палякова ўзначаліць Тэатр юнага гледача і агучыць жаданне русіфікаваць рэпертуар.
Глядзіце таксама
![Уладзімір Макей: Год пасля смерці «Усё больш ясна, што смерць не насіла натуральнага характару». Год як памёр Макей](/img/v1/images/_127790937_gettyimages_1236474196.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Глядзіце таксама
![Удава Макея трапіла ў апалу? Крыніцы: Удава Макея актрыса Вера Палякова трапіла ў апалу](/img/v1/images/qmximvixajqjb65e.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Адным з тых, хто яскрава далучаўся да святкавання Дня вышыванкі, быў і Максім Рыжанкоў — першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. У 2017-м ён нават апынуўся на сцэне ў кашулі з арнаментам. Разам з ім на ўзвышша ўскараскаліся тагачасны міністр культуры і прадстаўнікі Мінгарвыканкама, і ў выніку дэпутацыя атрымалася важкая.
![20170702214526.jpg 20170702214526.jpg](/img/v1/images/20170702214526.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Што праўда — вышыванку Рыжанкоў прадбачліва абраў сабе не бела-чырвоную, а нейкай іншай расфарбоўкі. І сёння ён, відаць, з чыстым сумленнем называе БЧБ-сцяг анучай, бо, маўляў, святы святамі, а генеральнай лініі варта трымацца заўсёды і не адхіляцца пад уплывам сітуацыйнай кан’юнктуры.
Румас з Вячоркам і Белавусам
Увогуле ў тыя часы нацыянальнае мацавалася паўсюль — улады нават пайшлі на тое, каб санкцыянаваць юбілейны Дзень Волі ў 2018-м, калі каля Опернага тэатра сабраліся тысячы людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі.
![2018_03_26_04.09.58_2_logo_1.jpg 2018_03_26_04.09.58_2_logo_1.jpg](/img/v1/images/2018_03_26_04.09.58_2_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Але ці не найбольш паслядоўна трэнд трываў у спорце — і менавіта ў футболе. Абвесткі на стадыёнах шмат дзе рабіліся на беларускай мове, па-беларуску клубы вялі сацсеткі і пісалі прозвішчы гульцоў на цішотках, а на ТБ каментавалі матчы.
Глядзіце таксама
![Футбалісты мінскага «Дынама» выйшлі на поле ў вышымайках Футбалісты мінскага «Дынама» выйшлі на поле ў вышымайках](/img/v1/images/din_vysh_6.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Нацыянальнай зборнай нават прыдумалі адмысловы брэнд «Белыя крылы», і гульнявую форму аздобілі ўсё тым жа — вышываначнымі матывамі бела-чырвоных колераў. Сярод заўзятараў быў уздым, яны прыходзілі на матчы ў такіх жа вышымайках, продаж якіх хутка наладзіла федэрацыя футбола.
![20160809180045.jpg 20160809180045.jpg](/img/v1/images/20160809180045.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Федэрацыяй тады кіраваў Сяргей Румас — самы сістэмны з лібералаў і самы ліберальны сярод сістэмнікаў. Спачатку ён узначальваў БФФ з дзяржаўнай пасады кіраўніка «Банка развіцця», а потым узвысіўся ажно да прэм’ер-міністра. І ўвесь гэты час ён усяляк падтрымліваў нацыянальную ідэнтычнасць айчыннага футбола, а на афіцыйных мерапрыемствах не цураўся прамаўляць па-беларуску.
![20170331160942.jpg 20170331160942.jpg](/img/v1/images/20170331160942.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Часам даходзіла да такога, што сёння назвалі б ганебнымі сувязямі. Неяк Румас прыняў у сваім працоўным кабінеце не каго-небудзь, а Франака Вячорку і Паўла Белавуса. Хлопцы тады ад імя «АртСядзібы» ладзілі крэатыўную калабарацыю з футбольнай федэрацыяй і прасоўвалі сумесны праект з красамоўнай назвай «Мова, музыка, футбол».
![1634456185_1612391803_39390207_10155884755597169_1159308799580831744_o.jpg 1634456185_1612391803_39390207_10155884755597169_1159308799580831744_o.jpg](/img/v1/images/1634456185_1612391803_39390207_10155884755597169_1159308799580831744_o.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пройдзе час, і ўсё зменіцца. Вячорка з’едзе за мяжу, далучыцца да штаба Святланы Ціханоўскай і збярэ груду крымінальных спраў. Белавус перажыве разгром уласнай крамы беларускага адзення (бізнес расквітнеў зноў жа ў тыя самыя гады) і апынецца за кратамі ў статусе палітвязня. Румас атрымае адстаўку з усіх дзяржаўных пасадаў і знойдзе працу па-за Беларуссю. Арэол апазіцыйнасці яму надасць пост жонкі ў сацсетках 16 красавіка 2020-га, у якім Жана Румас падтрымае пратэсты.
![photo_2020_08_16_21_09_29.jpg photo_2020_08_16_21_09_29.jpg](/img/v1/images/photo_2020_08_16_21_09_29.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
І Лукашэнка таксама
Калі вы думаеце, што Лукашэнка апошні раз быў заўважаны ў бел-чырвона-белым падчас першай інаўгурацыі ў 1994-м, то ў вас кароткая памяць. У 2006-м ён з’явіўся на публіцы ўсё ў той жа БЧБ-вышыванцы. З нейкай нагоды такія колеры былі абраныя для сустрэчы кіраўнікоў краін СНД, і гэты здымак тады шырока разышоўся ў медыях.
![luk2006.jpg luk2006.jpg](/img/v1/images/luk2006.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сёння за такія недазваляльныя вольнасці Лукашэнка арыштаваў бы сам сябе. Пасля 2020-га ўсё бела-чырвонае ў Беларусі забаронена, а любыя яго парасткі бязлітасна здушваюць штурмавікі з ГУБАЗіКа. «Рускі свет» запанаваў у краіне пад белымі крыламі, і ўсе вышыванкі схаваныя да лепшых часоў.
Арыгінал артыкулу ўпершыню апублікаваны ў «Новым Часе» 20 траўня 2022 года. Фото Сяргей Гудзіліна, Дзіяны Пінчук, sb.by, pressball.by, прэс-служба МЗС, сацсеткі.