Маміны гісторыі. Як мы ваявалі за кавалачкі
Каша (гародніна, мяса) сцякае па шчаках дзіцяці, размазваецца па жываце, нагах, галаве, а таксама па крэсле, стале, падлозе, бліжэйшых шафах і маме. Ежа раскіданая паўсюль. Само дзіця пры гэтым няўцешна раве, дый мама блізкая да істэрыкі. Бо гатавала, драбніла, душу ўкладвала — а ён ці яна не есць.
Знаёма, мамачкі? Так-так, прызнаюся, часам гэта і наша гісторыя.
З самага пачатку мае ружовыя мроі пра шчакастага карапуза, які з задавальненнем уплятае змесціва талеркі, разбіліся аб рэаліі ўвядзення прыкорму. Сын проста не разумеў, што гэта мама суне яму ў рот і што з гэтым трэба рабіць. Хаця я імкнулася рабіць усё, як напісана ў кніжках: ела пры дзіцяці, брала яго з сабой за стол, давала памацаць і разгледзець ежу. Што праўда, харчовы інтарэс у сына прачнуўся толькі месяцаў у восем, а не ў шэсць, калі рэкамендавана пачынаць прыкорм. На шчасце, цягам першага месяца знаёмства з "дарослай" ежай малы зразумеў, што, калі лыжка набліжаецца да роту, яго трэба адкрыць, а змесціва — праглынуць.
Але ў кніжках, апроч іншага, пісалі, што восем-дзевяць месяцаў — вакно для ўвядзення кавалачкаў. Іначай, калі пачаць рабіць гэта пазней, будзе зусім цяжка, у дзіцяці не выпрацуюцца навыкі жаванння, няправільна будзе фарміравацца прыкус, і ўвогуле ўзнікнуць праблемы са страўнікава-кішачным трактам.
І тут пачаўся мой асабісты кашмар. Сын ніяк не ўспрымаў іншую кансістэнцыю ежы, апроч гамагенізаванага пюрэ — ні ў выглядзе кавалка банана, яблыка ці бульбіны ў руцэ (затое як яму падабалася іх мяць!), ні ў выглядзе размятых відэльцам ці перацертых праз сіта прадуктаў. Калі ў кашы трапляліся камячкі, а ў мясным пюрэ — валокны, то малы проста душыўся, пляваўся, а часам нават ванітаваў.
Кожнае кармленне пераўтвараліся ў стрэс для мяне і дзіцяці. Я бачыла і разумела, што малы яшчэ не гатовы да кавалачкаў, але спісвала гэта на тое, што я нешта няправільна раблю, магчыма, недастаткова настойваю. Бо ў сябровак дзеці ў дзевяць месяцаў ужо ўпляталі сырнікі і катлеткі. А меню ў інтэрнэце для адпаведнага ўзросту прапаноўвала фрыкадэлькі і бліны. Значыць, і нам пара! Але нешта ішло не так. Асабліва ў сум уводзілі спачувальныя позіркі дасведчаных маці, калі яны чулі, што сын яшчэ не есць цвёрдую ежу…
Канечне, я не ставіла задачу любым коштам увапхнуць у дзіця абед, не даводзіла да істэрык і пасля многіх спробаў у выніку са скрухой размінала прадукты да звыклай яму кансістэнцыі. Але шторазу ўсё роўна настойліва прапаноўвала неаднародныя стравы. І з часам заўважыла, што яда перастала быць выпрабаваннем для сына і для мяне. І хоць ён па-ранейшаму пляваўся паравымі катлеткамі і недастаткова перацертымі кашамі, але з задавальненнем жаваў суквецці варанай брокалі ці квяцістай капусты.
Аднак мне гэтага было недастаткова. І калі ў 11 месяцаў малы чарговы раз запляваў мяне кашай, я проста села і расплакалася. Бо як так: дзіцяці амаль год, а яно яшчэ не ўмее есці!
А потым я зразумела, што справа не ў дзіцяці. І мае прэтэнзіі — не да яго, а да самой сябе. Бо гэта я, уся такая дарослая, адказная і самастойная, аказалася не ў стане своечасова навучыць сына спраўляцца з "дарослай" ежай. Калі я ў гэтым сабе прызналася, дастала блэндэр і стала размінаць малому ежу да зручнай яму кансістэнцыі. Я прымірылася з думкай пра тое, што не будзе нічога страшнага, калі сын будзе есці тое, што яму падабаецца — бо ежа не павінна быць праз гвалт (і ўвогуле нішто не павінна). Урэшце рэшт, да школы навучыцца…
І ведаеце, што? На наступны дзень сын амаль што без пратэсту з'еў порцыю "дарослай" кашы. Аказалася, што для таго, каб дзіця пачало есці, маме проста трэба стаць менш катэгарычнай.
Падазраю, што гэтае правіла працуе не толькі з ядой, але і іншымі навыкамі.