Маміны гісторыі. Як (не) выгадаваць дзіця-неўротыка

Спойлер: запхаць падалей сваю трывожнасць, расслабіцца і атрымліваць асалоду ад мацярынства.

_belarus_czalavek_halodnaja_vjasna_sum_czakanne__belarus_pryroda_zjablik_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__3__logo.jpg

Яшчэ падчас цяжарнасці я пазнаёмілася з Кацяй, якая таксама чакала дзіця. Мне, аматарцы ўсё планаваць і ўвесь час кантраляваць сітуацыю, імпанаваў яе падыход да мацярынства: усё ў яе было прадугледжана, схоплена, падрыхтавана. Яшчэ да цяжарнасці яна перавялася на аддаленую працу. Калі прайшоў толькі першы трыместр, яна ўжо ведала, як назавуць дзіця (хаця пол яшчэ дакладна пацвердзіць не маглі), муж завяршаў рамонт у дзіцячым пакоі і ўжо былі нагледжаныя ложачак і вазок. «Ваў, вось гэта адказны падыход! Калі ўсё падрыхтавана загадзя – потым значна прасцей», – думала я. 

Кацін сын нарадзіўся за месяц да майго. Я старалася кансультавацца з ёю, бо яна ў маіх вачах выглядала больш дасведчанай. І сама яна з задавальненнем і вельмі падрабязна давала парады па доглядзе малечы. 

Амаль адразу пасля родаў Каця выклікала дахаты кансультанта па грудным гадаванні. Яна сцвярджала, што атрымала шмат карысных парад у гэтай справе. Праз пару месяцаў я вырашыла скарыстацца Каціным прыкладам і таксама папрасіць дапамогі спецыяліста, бо карміць было балюча, з'яўляліся трэшчыны, і ўвогуле я не была ўпэўнена, што ўсё раблю правільна. Але, як паказаў час, патрэбы ў гэтым не было – проста трэба было пачакаць, калі наладзіцца лактацыя і мы з малым прыстасуемся адно да аднаго.


Глядзіце таксама

Калі майму сыну было тры месяцы, а Кацінаму ўжо чатыры, яна падзялілася табліцамі з рэжымам сну і чування немаўлятаў. Тады я схапілася за галаву, бо ў нас усё было не па табліцах, хаця сын цалкам нармальна спаў і чаргаваў сны з гуляннямі па сваім уласным графіку, пры гэтым самастойна засынаючы, калі захоча, і ўкладваючыся ў адпаведныя ўзросту межы сну. Але я моцна пераймалася, што, паводле табліцы, малы мусіць гуляць паміж снамі 1,5–2 гадзіны, а ў мяне мог спакойна трываць 2,5–3. «Гэта ж шкодзіць яго нервовай сістэме!» – жахнулася я. І кінулася ўстанаўліваць сыну рэжым – але дзе там! Ён усё роўна рабіў так, як хацеў. А вось Кацін зайчык усё рабіў у адпаведнасці з табліцамі. Я толькі ўздыхала і трохі зайздросціла Каці і яе парадку. 

Першы зуб у Кацінага сына з'явіўся таксама «па графіку», як і ў самой Каці: у пяць месяцаў і адзін дзень. У той час я, хоць чакала сынавых зубоў з чатырох месяцаў, да васьмі так і не дачакалася. 

У шэсць месяцаў Кацін малы пачаў поўзаць і станавіцца на калені, караскаючыся рукамі па апоры. Мой жа сын да сямі з паловай месяцаў увогуле не разумеў, навошта яму поўзаць, бо і ляжаць на жываце было някепска. Калі ж пачаў перамяшчацца па кватэры, гэта было што заўгодна: кулянне, падскокванне, падцягванне ног – толькі не поўзанне. Педыятр на мае перажыванні адказвала, што ўсе дзеці поўзаюць так, як ім зручна, а некаторыя ўвогуле не поўзаюць. Каця на гэта толькі паціснула плячыма: маўляў, педыятру прасцей за ўсё так сказаць, чым разбірацца. І пачала закідваць мяне відэа з практыкаваннямі для поўзання. Хоць да гэтага мы рабілі ўсе гэтыя практыкаванні цягам двух месяцаў і выніку яны не далі. 


Глядзіце таксама

Калі я звярнулася да Каці па парады па ўвядзенні прыкорму, яна сказала, што набыла платны курс. Я, шчыра кажучы, нават не ведала, што такія курсы існуюць. Аднак, як выявілася, не толькі існуюць, але і маюць попыт. І зразумела чаму: калі я паглядзела відэа, як адна блогерка нібыта ўпершыню давала дзіцяці пакаштаваць кабачок, яно з задавальненнем адкрыла рот і з'ела пюрэ з лыжачкі. Ну, суцэльнае замілаванне! Асабліва ў параўнанні з тым, як каштаваў «дарослую» ежу мой сын: ён адварочваўся, рабіў выгляд, што мяне не ведае, пляваўся, размазваў пюрэ рукамі, навучыўся плакаць, не адкрываючы рот, і глядзець на мяне з такім папрокам, нібыта я катую яго самым дасканалым чынам.

Потым аказалася, што, нягледзячы на платны курс па прыкорме, з ежай у Кацінага сына ўсё роўна не надта ладзілася. Да таго ж, яна сама перажыла лактастаз (прывітанне, кансультант па ГГ), у малога былі нізкі гемаглабін, дэрматыт і праблемы са страўнікава-кішачным трактам, а яшчэ ён некалькі першых месяцаў жыцця блытаў дзень з ноччу.

Нас, дзякуй Богу, такія праблемы абмінулі. Магчыма, проста пашанцавала. Але я задумалася: як людзі ўвогуле выжылі ў часы, калі не было кансультантаў па ГГ, сне, платных курсаў па прыкорме і іншых рэчаў, якія цяпер нам імкнуцца навязаць як неабходныя? Не, я не супраць усяго гэтага, у прынцыпе, і вельмі рада, калі яно сапраўды камусьці – нават вельмі многім – дапамагае. Але ў тым, як развіваецца рынак падобных паслуг, мне бачыцца татальная бацькоўская трывожнасць, няўпэўненасць у сабе як у бацьках, жаданне ўсё кантраляваць і няўменне прыглядацца-прыслухоўвацца да свайго дзіцяці. А гэта — прамы шлях да таго, каб выгадаваць дзіця-неўротыка, перадаўшы яму свае перажыванні.


Глядзіце таксама

Мне здаецца, каб гэтага не было, бацькам (найперш – маме) трэба расслабіцца. Прыняць, што ў іх дзіцяці, нават такога маленькага, ужо ёсць свой тэмперамент, характар, рытм, а яшчэ мноства генетычных і іншых чыннікаў, якія ўплываюць на развіццё. Даць дзіцяці свабоду расці ў сваім тэмпе, дапамагаючы там, дзе гэта сапраўды неабходна. І ўсё абавязкова атрымаецца!

А што да майго сына, то ён урэшце і папоўз, і сеў, і зубы ў яго прарэзаліся — карацей, усё як ва ўсіх.