Мары чыноўнікаў пра IT-краіну: чытаем стратэгію ўстойлівага развіцця
Як беларускія чыноўнікі ацэньваюць стан беларускай IT-індустрыі, што плануюць зрабіць у будучыні і што разлічваюць атрымаць у выніку — усё гэта прапісана ў праекце Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2040 года. Напалеонаўскія планы і страта сувязі з рэчаіснасцю — ці сапраўдная стратэгія, якая будзе працаваць?
Мінэканомікі апублікавала праект Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2040 года. Асобны раздзел там пра развіццё лічбавай індустрыі і пабудову інтэлектуальнай эканомікі. Журналісты Dev.by прачыталі і вылучылі самае цікавае пра ІТ.
У якім пункце Беларусь цяпер
Ужо цяпер амаль ІТ-хаб Усходняй Еўропы і магніт для міжнародных кампаній.
«Сфармаваныя і паспяхова функцыянуюць кластары ў лічбавай індустрыі, створаны рынак лічбавых прадуктаў.
Умацоўваючы пазіцыі ў ІТ-сектары, краіна рэалізуе свой нацыянальны лічбавы суверэнітэт і становіцца ІТ-хабам Усходняй Еўропы. Тэхнапаркі і інавацыйныя цэнтры з’яўляюцца магнітамі для міжнародных кампаній.
Інтэграцыя інавацый і прарыўных тэхналогій у сістэму дзяржаўнага кіравання павысіла даступнасць дзяржаўных сэрвісаў для насельніцтва».
Куды ўсё рухаецца
Да тэхналагічнага суверэнітэту.
Дзеля яго Беларусь будзе ўкараняць перспектыўныя ІКТ-рашэнні з дапамогай пілотных праектаў і развіваць нацыянальную ІТ-індустрыю, імпартазамяшчаючы праграмныя сродкі. І рабіць яшчэ многае іншае. Напрыклад, аўдыт ІТ-ландшафту — для «фармавання заказу ў айчынных вытворцаў».
Усё — на базе ПВТ. Дарэчы, туды (і ў «Вялікі камень» таксама) абяцаюць прыток інвестыцый «для стварэння высокатэхналагічных вытворчасцяў». Прынамсі, «працягнецца праца па прыцягненні».
«Мяркуецца максімальнае ўцягванне айчынных ІКТ-рэсурсаў у лічбавую трансфармацыю эканомікі, што забяспечыць вырашэнне задачы ўмацавання нацыянальнага суверэнітэту ў сферы лічбавага развіцця.
Гэта будзе дасягацца шляхам прыярытэтнага выкарыстання айчынных апаратных і праграмных сродкаў, паэтапнай замены замежных рашэнняў на адпаведныя айчынныя распрацоўкі, мінімізуючы такім чынам залежнасць нацыянальнай эканомікі ад замежных ІКТ-тавараў і паслуг.
У мэтах фармавання замовы ў айчынных вытворцаў на пастаяннай аснове будзе праводзіцца аўдыт ІТ-ландшафту — наменклатуры выкарыстаных арганізацыямі праграмных і праграмна-апаратных сродкаў. Пляцоўкай для вырашэння гэтых задач выступіць Парк высокіх тэхналогій».
У планах шмат чаго стварыць, ад дзяржпартала адкрытых даных да рэестра даверанага софту нацраспрацоўшчыкаў і рэпазіторыя свабодна распаўсюджванага софту.
Яшчэ чакаецца пераход ад электроннага ўрада да «лічбавай дзяржавы». Калі першае — гэта аўтаматызацыя асноўных працэсаў і электронныя паслугі, то другое — «бясшвовыя бізнес-працэсы на базе адзінай платформы».
Каб усё гэта працавала, патрэбныя кадры. Таму іх прыток у краіну прастымулююць, а адток мінімізуюць.
«Сярод першарадных задач — забеспячэнне дастатковасці кадравага патэнцыялу, неабходнага для лічбавай трансфармацыі эканомікі, з дапамогай рэалізацыі комплексу мер па навучанні лічбавым навыкам і неабходным кампетэнцыям, мінімізацыі адтоку кваліфікаваных ІТ-спецыялістаў, стымуляванні прытоку і замацаванні маладых кадраў у сферы высокіх тэхналогій».
У выніку ўсіх мер экспарт ІКТ-паслуг за 2026–2040 гады вырасце ў 1,4-1,7 разу, а Беларусь увойдзе ў топ-50 дзяржаў па індэксе гатоўнасці да штучнага інтэлекту і лічбавага індэксу якасці жыцця.