Штучны інтэлект — пагроза чалавецтву? Дасье ў карыкатурах

Эксперты ў галіне штучнага інтэлекту (AI) б'юць трывогу наконт тэмпаў і маштабаў апошніх дасягненняў у гэтай галіне, папярэджваючы, што машыны ўяўляюць сабой не што іншае, як пагрозу для нашай цывілізацыі.

Тэма робатаў, якія валодаюць штучным інтэлектам, здольным выконваць функцыі людзей, яшчэ ўчора здавалася бяскрыўднай фантастыкай. Доўгі час штучныя інтэлектуальныя сістэмы мелі дастаткова вузкія сферы прымянення. Напрыклад, праграмы былі здольныя абгуляць чалавека ў шахматы, дыягнаставаць невялікі набор захворванняў, абслужыць кліентаў у банках. У прынцыпе, тэма пашырэння прысутнасці робатаў у нашым побыце нікога не палохала. Як ілюстрацыя падобнага падыходу да праблемы — малюнак з рэсурса «Toonpole».

1_710.jpg


Аднак нечакана AI пачала ператварацца ў праблему. І за прыкладам хадзіць не трэба: якраз цяпер у Галівудзе ідзе забастоўка сцэнарыстаў. Такое здаралася і раней, але гэтым разам сцэнарысты баяцца, што ім на змену прыйдуць робаты. Сярод патрабаванняў страйкоўцаў — абмежаваць выкарыстанне штучнага інтэлекту, які навучыўся ствараць базавыя сцэнары. Мастак выдання «The Нollywood Reporter» баіцца, што ў будучыні сустрэчы сцэнарыстаў з дырэкцыяй студый будзе выглядаць прыкладна так.

2_659.jpg


Але пагроза навісла не толькі над сцэнарыстамі. Паводле даных Сусветнага эканамічнага форума, да 2027 года ў свеце можа знікнуць 14 мільёнаў працоўных месцаў — у асноўным, з-за штучнага інтэлекту. А ў справаздачы «Goldman Sachs» гаворыцца, што гэтая тэхналогія можа паставіць пад пагрозу 300 мільёнаў працоўных месцаў па ўсім свеце. На малюнку мастака «Dallas Morning News» робат просіць ад чалавека саступіць яму працоўнае месца.

3_588.jpg


Зрэшты, праблема выцяснення робатамі людзей развязальная за кошт рэгуляцыі працоўнага рынку. Куды страшней пагроза таго, што тэхналогіі AI становяцца разумнейшыя за чалавека. На днях навуковец-кампутарнік Джэфры Хінтан, вядомы як «хросны бацька AI», падзяліўся сваімі асцярогамі з нагоды бескантрольнага развіцця новых прылад АІ. «Я змяніў свае погляды на тое, ці стануць яны (АІ) больш разумнымі, чым мы. Я думаю, што цяпер яны вельмі блізкія да гэтага, а ў будучыні яны будуць нашмат разумнейшымі за нас», — сказаў 75-гадовы Хінтан у інтэрв'ю «MIT Technology Review».

Што будуць рабіць больш разумныя, чым чалавек, сістэмы? Адзін з варыянтаў заключаецца ў тым, што фанатыкі, крымінальныя групы або цэлыя дзяржавы могуць выкарыстоўваць іх для дасягнення сваіх уласных мэт. Інструменты АІ могуць быць выкарыстаны для падтасоўкі вынікаў выбараў і нават для войн. На думку мастака рэсурса «Cartoon Movement», калі б Пуцін зараз меў смяротныя AI, ён тут жа б скарыстаўся ім, каб стаць новым «тэрмінатарам».

4_551.jpg


Ёсць і іншы прагноз. Напрыклад варыянт таго, што машыны дасягнуць такога ўзроўню свядомасці, што пачнуць лічыць сябе як мінімум роўнымі з людзьмі. Што будуць рабіць робаты ў такім разе? Можа быць, яны адразу запатрабуюць роўных правоў з чалавекам, хаця б у галіне аплаты працы. Менавіта так адбываецца на малюнку Адама Гартона. Назіраючы за робатам, які патрабуе павышэння заробку, персанажы карыкатуры прызнаюць, што робаты становяцца ўсё больш разумнымі.

5_508.jpg


Іншыя ўпэўненыя, што па ходзе росту суб'ектнасці робатаў паўстання супраць людзей не пазбегнуць. Бунт машын на ўзроўні адной хатняй гаспадаркі прадставіў мастак выдання «CT News». Тут рознага кшталту пыласмокі не жадаюць пускаць гаспадара, абвяшчаючы дом сваім.

6_380.jpg


Ад паўстання да захопу машынамі планеты адзін крок. І для гэтага не трэба ваяваць. Як піша часопіс «The Economist», AI набыў выдатныя здольнасці маніпуляваць мовай гома сапіенсаў. Дзякуючы валоданню мовай людзей АІ можа лёгка ўстанаўліваць блізкія адносіны з намі і выкарыстоўваць сілу блізкасці, каб змяніць нашы меркаванні і светапогляд.

Спачатку AІ, верагодна, будзе падобным да чалавечых прататыпаў, якія навучалі нас у маленстве. Але з кожным годам культура АІ будзе смела ісці туды, куды раней не ступала нага чалавека. На працягу тысячагоддзяў людзі жылі ў фантазіях іншых людзей. У бліжэйшыя дзесяцігоддзі мы можам аказацца ў снах штучнага розуму. Мастак Маркус Гродлік бачыць падобны сцэнар будучыні вось так.

7_275.jpg

Зрэшты, ёсць і такія, хто наадварот вітаюць прыход да ўлады на планеце больш разумных за людзей машын. Так мяркуе герой карыкатуры «Boston Globe». На газеце, якую ён трымае ў руках. пералічаны асноўныя выклікі сучаснасці, з якімі не можа справіцца чалавецтва: клімат, войны, дыктатуры, фэйкі…

8_185.jpg