Мастачка зрабіла 3D-мадэль камеры, у якой утрымлівалі палітычных

Візуальная мастачка і фем-квір актывістка Вікторыя Грабеннікава адсядзела 15 сутак у беларускіх ізалятарах і вырашыла паказаць, як выглядаюць камеры знутры, зрабіўшы 3D-мадэль адной з іх.

photo_2022_07_14_11_55_512_nt0c4.jpg


Вікторыя даўно працуе з траўматычнымі і дыскрымінуючымі тэмамі, выкарыстоўваючы візуальную мастацкую мову.

«Свет турмы максімальна ізаляваны ад знешняга. Рэчы і навіны, усё праходзіць адтуль і туды дзіка складана, з цэнзурай і забаронамі. І мне захацелася неяк аспрэчыць, парушыць гэтыя правілы, адабраць у іх трошкі кантролю. Вось! Я нешта пранесла, сведчанне гэтага жаху, і на шмоне яго не адабраць», — расказвае Вікторыя, як у яе з’явілася ідэя стварэння 3D-мадэлі камеры.

У працы Вікторыі візуалізаваная камера з ІЧУ ў Жодзіна пад нумарам 80, дзе яна правяла большую частку з 15 сутак, прысуджаных ёй 28 лютага — пасля дня рэферэндуму. Дзяўчыну затрымалі каля будынка вакзала ў Мінску, аформіўшы пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

«У пратаколе было напісана, што я крычала правакацыйныя лозунгі: “Не вайне” і “Жыве Україна”. Смешныя фармулёўкі, каб гэта не было легальным дакументам. На самой справе, у той дзень ніякага мітынгу не было і блізка, не тое што слоганы крычаць. Перад вакзалам было ў пяць разоў больш міліцыі, чым людзей. Мяне папрасілі прайсці “праверыць дакументы” праз хвіліну, як я выйшла з будынка вакзала. У наступны раз я кудысьці выйшла ўжо пасля сваіх 15 сутак», — расказвае Вікторыя.

6_4oqwu.png


У маленькай камеры на Акрэсціна з дзяўчынай было ад 15 да 23 чалавек. У Жодзіна — 10.

У камеры Вікторыя пазнаёмілася з людзьмі розных прафесій: настаўніцай, бухгалтаркай, дызайнеркай, канструктаркай абутку. Умовы — звычайныя на сёння для так званых палітычных, «кантрольных» арыштантаў.

«Нейкі час у Жодзіна ў нас былі матрацы. А потым іх забралі і пачаўся жах: ложкі там металічныя, з несуцэльнага ліста металу, было вельмі балюча і халодна. Плюс яшчэ ўвесь час светла: арганізм не разумеў, калі спаць. Нам заўсёды грубіянілі, нас зневажалі.

Увогуле, уся турэмная сістэма ў нас працуе такім чынам, каб тваёй менталцы было вельмі дрэнна, каб ты ўвогуле не адчуваў ці не адчувала сябе асобай», — кажа актывістка.

screenshot2022_07_14at122316_jfaes.png


«Складана не мець магчымасці адказаць міліцыі, абараніць сябе. Складана адчуваць, што ў іх ёсць поўная ўлада над тваім жыццём і здароўем. Складана думаць пра тое, што гэта ўсё можа не скончыцца, калі яны захочуць. Не ведаць, што з тваімі блізкімі, пакуль ты ў няволі. Складана ведаць, што ніякай легальнай абароны ў цябе ад гэтай пякельная сістэмы няма», —  дадае яна.

У бліжэйшай будучыні Вікторыя збіраецца дапоўніць свой праект опцыяй кіравання відамі ў камеры, каб можна было разглядаць яе з розных ракурсаў і пазіцый, як бы шпацыруючы там.



screenshot2022_07_14at111842_ed7lc.png