«Не магу заставацца ў краіне, якая вядзе подлую вайну». Яшчэ адзін вядомы акцёр з'ехаў з Расіі
49-гадовы Анатоль Белы звольніўся з тэатра і пакінуў Расію. Ён зрабіў гэта яшчэ да трагедыі ў Вінніцы, але так супала — артыст родам з Вінніцкай вобласці. Свой учынак Белы патлумачыў у фэйсбуку.
— Так, я з'ехаў. Так, сышоў з тэатра і наогул адусюль, — напісаў Анатоль Белы. — Кіруючыся паняццем прафесійнага гонару, даслужыў, дагуляў, рыпаючы зубамі і сціснуўшы зубы, свой 20-ы сезон у родным МХТ, каб не падстаўляць тэатр, і вырваў яго з сябе з крывёю. Таму што больш не магу заставацца ў краіне, якая вядзе подлую, няправедную, страшную, крывавую вайну. Не магу рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, не магу бачыць як смяюцца ў летніх кафэ людзі, не магу чуць вясёлую музыку, якая льецца з адчыненых дзвярэй. Не магу больш маўчаць.
Маю краіну выбілі з пад ног разам з людзьмі, якіх я лічыў сябрамі (засталіся адзінкі), разам з тымі, каму я граў са сцэны, наіўна мяркуючы, што хоць неяк дзейнічаю на іх душы і сэрцы. Дурань.
Я выказаў сваю пазіцыю ў пачатку вайны і на «Дажджы», і ў сябе ў сацсетках. Абрынулася такая колькасць зла і нянавісці, што я зразумеў: гэта марна, сапраўды большасць Za. І я змоўк. Напэўна, мяне можна назваць паражэнцам. Але я праўда думаю, што мы прайгралі ў гэтай бітве. Мы — гэта культура, гэта тыя, хто думаў і спадзяваўся на дэмакратычнае развіццё сваёй краіны. Нас мала. І нас можна садзьмуць з твару зямлі і гісторыі вельмі лёгка. Мы не патрэбныя Расіі. Вельмі шкада. Таму што ў Расіі вялікая колькасць выдатных людзей. Прыгожых людзей. Але цемры больш.
Гэта горкая праўда, але яе трэба прыняць. Самае галоўнае маё слова ў гэтым цёмным часе — расчараванне. Яно вельмі глыбокае і рознабаковае. Расчараванне ў прыродзе чалавека, у перамозе звярынага несвядомага над слабым розумам. Цемра руліць. Адразу апярэджу такога кшталту думкі — я не ўзвышаю сябе, я не на белым кані, я сам выходжу са свайго Егіпта кожны дзень і многае не ўдаецца. Але я стараюся.
Напэўна, я з тых, хто не можа смяяцца пасля Аўшвіца. Той быў гістарычна далёка і не так адчуваўся, але вось ён прыйшоў у маё жыццё. Прыйшоў нечакана і страшна. І як з гэтым жыць, пакуль не ведаю. Я песіміст і думаю, што цемра, якая прыйшла на рускую зямлю, вельмі надоўга. На мой век яе хопіць дакладна.
Сёння з раніцы ракета ўпала ў Вінніцы. Загінулі дарослыя, дзеці. Я нарадзіўся ў Вінніцкай вобласці. З 24 лютага ў мяне ўнутры велізарны камень, ён цісне і сэрца маё баліць кожны дзень. Не вайне.