МАЗ паспрабуе скарыць «Дакар»
Каманда «МАЗ-СПОРТаўта» будзе змагацца за топавыя месцы ў класе грузавікоў у саракавым ралі-марафоне «Дакар-2018». Ён будзе праходзіць з 6 па 20 студзеня 2018 года ў Паўднёвай Амерыцы. Траса пракладзена праз Перу, Балівію і Аргентыну.
Беларускі экіпаж нядаўна прайшоў езразійскае ралі «Шаўковы шлях». Пасля яго спецыялісты дадаткова папрацавалі над рухавікамі і трансмісіяй. Але самі пілоты пераконваюць, што з тэхнікай праблем амаль не было. Праблемы былі збольшага праз тое, што са старту ўдзельнікі занадта захапіліся хуткасцю. У выніку, машына Аляксея Вішнеўскага, калі намагалася абагнаць «Газэль» і рухалася збоку трасы, перакулілася.
Ці ёсць у МАЗа шанцы на перамогу?
«Дакар» стане самым складаным ралі-марафонам за апошнія гады. Працягласць хуткасных частак будзе складаць каля 4000 кіламетраў. Наогул гоншчыкі мусяць праехаць больш за 9000 кіламетраў. Экіпажу прыйдзецца прабірацца праз дзюны, горныя перавалы, саланчакі.
Супернікаў у беларускай каманды шмат. На трапленне ў топ-3 прэтэндуюць каля 18 каманд. Асаблівасці ўдзелу беларускай каманды заключаюцца ў тым, што шмат новаўводзінаў і тэхнічных механізмаў прыходзіцца выпрабоўваць на самой гонцы. «Немагчыма лімітаваць прабег у 10 000 кіламетраў, — дзеліцца пілот экіпажу Сяргей Вязовіч. — Таму нам заўжды ёсць што выпрабоўваць на гонцы. З намі едзе група механікаў, якія павінны разбірацца з праблемамі нягледзячы на сціслыя тэрміны і неспрыяльны клімат. Мы разлічваем трапіць у топ-10. Складаная траса, бо дзюны. А далей — стратэгія будзе абмяркоўвацца напрацягу кожнага дня гонкі».
У Перу, адкуль стартуюць гоншчыкі, машыны прыбудуць паромам 3 студзеня. Сам жа экіпаж у снежні будзе займацца фізічнай падрыхтоўкай, бо Балівія знаходзіцца прыкладна каля 4,5 тысячы кіламетраў над узроўнем мора.
Машыны вытворчасці «МАЗ»
У некаторых закрадваюцца сумневы пра тое, што спартыўныя машыны — гэта машыны МАЗу. Прынамсі, некаторыя думаюць, што зборка ў іх — імпартная. Пілот Сяргей Вязовіч патлумачыў: «Адна з умоваў рэгламенту на ралі — выкарыстанне серыйных запчастак. Скажу шчыра, немногія конкурсныя аўто прытрымліваюцца гэтага рэгламенту. Таму казаць, што нашая тэхніка не МАЗ — глупства. Пры тым, маем персанальную канструкцыю аўтамабіля. У спартыўным аўтамабілі вельмі важная яго канструкцыя. У нас спартыўныя машыны сабраныя МАЗАм, абслуговаюцца супрацоўнікамі МАЗу, у кабіне едуць таксама супрацоўнікі МАЗ».
Спаборніцтва МАЗа з КАМАЗам
Сярод сур’ёзных канкурэнтаў у МАЗа будуць Petronas Iveco, MAN, Tatra, Renault. Сярод канкурэнтаў і расійскі КАМАЗ, які выставіў на гонку адразу чатыры экіпажы. Калі «Дакару» сёлета спаўняецца сорак гадоў, то КАМАЗ удзельнічае ў ралі ў трыццаты раз.
«Не варта забывацца на тое, што мы ўдзельнічаем у «Дакары» толькі сёмы год, — каментуе Сяргей Вязовіч. — Ад досведу шмат што залежыць. Бо канструкцыя і тэхніка дазваляюць нам паказаць высокія вынікі. І толькі дзякуючу досведу можна прадказаць паломку на трасе і памяняць дэталь раней, чым яна паспее зламацца».
У той жа час пілоты экіпажаў запэўнілі, што яны не спяць і не стаяць на месцы, а аналізуюць памылкі мінулых гадоў: «Як нам не салодка з нашымі супернікамі, так і ім не салодка, калі мы праязжаем міма іх».