Мазырскі праваабаронца заклікае мясцовую ўладу прыняць меры для рэальнага забеспячэння права на родную мову
Мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун звярнуўся з пісьмовым зваротам да старшыні Мазырскага райвыканкаму Яўгена Адаменкі і старшыні райсавету дэпутатаў Сяргея Гваздзя.
Уладзімір Целяпун
Заяўнік заклікае мясцовых кіраўнікоў прыняць усе меры для рэальнага забеспячэння права грамадзян на родную мову.
Зварот прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы (21 лютага). Праваабаронца нагадвае, што беларуская мова, якая мае статус дзяржаўнай, з’яўляецца ў Беларусі роднай большасці насельніцтва. Так, паводле апошняга перапісу насельніцтва 2009 года, каля 84% грамадзян краіны з’яўляюцца па нацыянальнасці беларусамі. З агульнай колькасці насельніцтва беларускую мову роднай назвалі 53,2%. Разам з тым, у дзіцячых садках, школах, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах, дзяржапараце, арміі, сілавых структурах, справаводстве і судах, у дзяржаўных СМІ беларуская мова амаль не прысутнічае.
У Мазыры няма ніводнага дзіцячага садка з беларускай мовай выхавання, беларускамоўнага класа, школы ці гімназіі. Нават шыльды з назвамі вуліц апошні час размяшчаюць на рускай мове. Уладзімір Целяпун мае досвед, калі ў судзе яго заявы, сведчанні па-беларуску перакладалі потым, для рашэння, на рускую мову. У канцылярыі пракуратуры праваабаронцу неяк папярэдзілі, што адказ на заяву па-беларуску будзе дадзены на рускай мове.
«Ні з адным з чыноўнікам райвыканкама, дэпутатамі раённага Савета і Нацыянальнага сходу не атрымалася наўпрост пагаварыць на беларускай дзяржаўнай мове, аднак адказы на мае пісьмовыя заявы атрымліваю па-беларуску. Мясцовая газета «Жыццё Палесся», заснавальнікамі якога з’яўляюцца райвыканкам і райсавет, па-беларуску друкуюць толькі назву выдання. Змест СМІ цалкам падаецца на рускай мове», — акцэнтуе ўвагу заяўнік.
Ён мяркуе, што такія падыходы парушаюць прынцып роўнасці (арт. 22 Канстытуцыі), прыводзяць да пераважнага ўжывання рускай мовы за кошт беларускай і могуць быць ацэнены як дыскрымінацыйныя.
Праваабаронца нагадвае чыноўнікам, што валоданне беларускай мовай з’яўляецца адным з абавязковых кваліфікацыйных патрабаванняў паступлення на дзяржаўную службу (падпункт 1.3 часткі 1 арт. 26 Закона «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь»).
«Тое, што чыноўнікі не размаўляюць на беларускай мове — гэта адсутнасць у іх здольнасцяў альбо нежаданне карыстацца ёй? Маючы ў горадзе дзяржаўны ўніверсітэт, цяжка арганізаваць курсы па вывучэнні беларускай мовы?» — здзіўляецца Уладзімір Целяпун.
Ён успамінае, што ў савецкія часы мясцовая газета «Камуніст Палесся» (папярэдняя назва мясцовага выдання «Жыццё Палесся») была цалкам па-беларуску.
«Усе, хто прыязджаў з іншых месцаў СССР на жыхарства ў наш горад — вывучалі беларускую мову па гэтай газеце. З прызначэннем галоўным рэдактарам газеты Ларысы Чорнай (рускай па нацыянальнасці) газета паступова перайшла цалкам на рускую мову. І нацыянальнасць рэдактара тут не самая істотная прычына. Важнай з’яўляецца пазіцыя саміх заснавальнікаў газеты. І калі галоўны Закон краіны нам гарантуе роўнасць двух дзяржаўных моваў, то і пазіцыя галоўнага рэдактара і заснавальнікаў выдання павінны адпавядаць і не супярэчыць Канстытуцыі», — адзначыў у звароце праваабаронца.