«Медыкі — не сілавікі, гэта людзі з іншым мысленнем»
Беларускі кіраўнік спрабуе трымаць пад кантролем сферу аховы здароўя. Аднак жа не трэба думаць, што медыкі будуць моўчкі падпарадкоўвацца Лукашэнку проста таму, што той лічыць сябе прэзідэнтам.
Палітычная аглядальніца — пра кантроль Лукашэнкі ў сферы аховы здароўя.
Тэма аховы здароўя для Лукашэнкі адна з самых вострых. Практычна кожны год адбываюцца змены ў сістэме аховы здароўя, у заканадаўстве аб ахове здароўя і сярод медыкаў. Беларусы бачылі, як Лукашэнка наведвае ў кавідным аддзяленні пацыентаў, як не хоча адзяваць маску і аблівае сябе антысептыкам. Відавочна, што Лукашэнку кантроль над лекарамі неабходны, асабліва цяпер, падчас масавага ад'езду медыкаў з краіны.
Напрыклад, у канцы траўня гэтага года Лукашэнка даручыў да 1 студзеня 2024 года ліквідаваць усе недахопы ў ахове здароўя. А перад гэтым, нібыта «незалежная рабочая група», якая складаецца са «спецыялістаў» у сферы медыцыны, аб'ездзіла Беларусь і праверыла ўстановы аховы здароўя. Натуральна, не абышлося без Генеральнай пракуратуры і Камітэта дзяржаўнага кантролю — гэтыя ведамствы знайшлі, на каго завесці справы.
«Белыя халаты» пацікавіліся ў палітычнай аглядальніцы і журналісткі Таццяны Ашуркевіч, навошта Лукашэнка кантралюе медыкаў.
«Лукашэнка — аўтарытарны кіраўнік, якому хочацца кантраляваць усе сферы жыцця: СМІ, медыкаў, сілавікоў, настаўнікаў. Але медыкі – не сілавікі, гэта людзі з іншым мысленнем, з вышэйшай адукацыяй. Гэта людзі, якім заўсёды складана вучыцца і працаваць. І наўрад ці такія людзі будуць беспярэчна падпарадкоўвацца Лукашэнку проста таму, што той лічыць сябе прэзідэнтам.
Медыцына — гэта важная як сацыяльная сфера, так і эканамічная. Лукашэнка гэта выдатна разумее, таму спрабуе кантраляваць медыцыну, каб атрымаць са свайго боку нейкую стабільнасць. Усё яшчэ застаецца вялікая рызыка адтоку медыкаў або таму, што медыкі неяк запрацівяцца рэжыму. У тым жа 2020 годзе медыкі масава выходзілі на акцыі пратэстаў, а пасля ўлады рэпрэсавалі лекараў.
Адзіны інструмент, які ёсць у Лукашэнкі — гэта рэпрэсіі. І з дапамогай іх ён спрабуе вярнуць сабе стабільнасць. Медыцына ў Беларусі часта з'яўляецца «рэкламным лістком», які раскручвае прапаганда. Можна звярнуць увагу, як падаюцца дасягненні ў медыцыне сярод дзяржаўных СМІ — гэта заўсёды значкі-смайлікі «маланка» ў тэлеграме.
Лукашэнка разумее, што яму трэба ўтрымаць лекараў унутры Беларусі, але і не кантраляваць іх не можа.
Гэты чалавек не даруе, і для яго было моцным ударам тое, што адбылося ў 2020 годзе.
А яшчэ медыкі маюць доступ да адчувальнай інфармацыі. Медыкі могуць паведамляць тым жа журналістам важную інфармацыю. Успомніць хоць бы справу журналісткі Кацярыны Барысевіч — ёй паведаміў інфармацыю пра стан Рамана Бандарэнкі медык.
Лукашэнка разумее гэта, таму спрабуе трымаць пад кантролем сферу аховы здароўя».