Мікола Папека: Пад суды над намі трэба адводзіць стадыёны, але мы нічога падсуднага не зрабілі

Сёння ў Ленінскім раённым судзе Брэста пачаўся разгляд крымінальнай справы трэцяй групы «карагоднікаў» – фігурантаў падзей леташняй паслявыбарнай восені. Сярод падсудных і паэт Мікола Папека. На суд прыйшло каля ста родзічаў, сяброў, журналістаў. Пусцілі толькі траціну.

fota_3._logo.jpg


«Пасля абеда памяняецеся, – прапанавала сакратарка суда. – Хто быў да абеда, адпачнеце, а хто не трапіў цяпер, зможаце быць».
Разгляд вядзе суддзя Сяргей Маручак.
Спадар Папека дабіваецца, каб разгляд справы датычна яго вёўся па-беларуску. Між тым, дакументы справы складзеныя следчым на рускай мове. «Не магу азнаёміцца з матэрыяламі справы. Хадайнічаў, каб пераклалі, але мне адмовілі, – сказаў Мікола Папека. – Маўляў, у нас дзве дзяржаўныя мовы. Дураць людзей, нахабнічаюць, перакручваюць закон. Гэта службоўцам трэба ведаць дзве мовы і пры патрэбе адной з іх карыстацца. А я не павінен».
Са словаў спадара Папекі, тую самую пазіцыю заняў і суддзя Маручак. «Няхай наймаюць перакладчыка, а не дык заяўлю адвод, – сказаў ён карэспандэнту і патлумачыў сваю пазіцыю Артыкулам 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: «Усе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на аднолькавую абарону правоў і законных інтарэсаў».

fota_1._logo.jpg


Некаторыя падсудныя гэтай групы маюць абаронцаў. Мікола Папека абараняе сябе сам. Першае пасяджэнне мае папярэдні характар. Чарговае пасяджэнне суда прызначанае на суботу 15 траўня.
Нагадаю, агулам па так званай «карагоднай» справе праходзіць каля сотні асобаў. 13 верасня мінулага года ў Брэсце пад час чарговай шматтысячнай акцыі пратэсту супраць скандальных прэзідэнцкіх выбараў сілавікі заблакавалі звычайную для збору плошчу Леніна, і пратэстоўцы прайшлі калонай да скрыжавання праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў і там перакрылі рух. Цягам гадзіны яны вадзілі на скрыжаванні карагод і спявалі песні. Потым акцыя была разагнаная з дапамогай вадамёта.

fota_2._1_logo.jpg


Цяпер па справе асуджана каля трыццаці чалавек. Прысуды розныя, ад гадоў у калоніі да «хатняй хіміі», – абмежавання волі без накіравання ў пенітэнцыярную ўстанову.
Спадар Папека належыць да вядомых у Беларусі асобаў. Ён аўтар адзначанага літаратурнай прэміяй паэтычнага зборніка «Чарнавікі», краязнавец, сам з’яўляецца заснавальнікам унікальнай «Мядовай прэміі» (16 кілаграмаў мёду), якую ўжо 20 гадоў уручае аўтарам адметных літаратурных твораў Берасцейшчыны.


Аднойчы (у 2013 годзе) прэмія дасталася вядомай украінскай паэтцы Ніне Горык. Паводле роду заняткаў Мікола Папека пчаляр, індывідуальны прадпрымальнік. З яго словаў, крылатыя спонсары дапамагаюць яму выдаваць свае творы. Днямі спадар Папека забраў з выдавецтва пераклад на беларускую мову паэмы Юзафа Ігнацыя Крашэўскага «Чортава магіла». Самы плодны (у такой якасці ўнесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса) аўтар раманаў і кніг паэзіі меў сядзібу недалёка ад мястэчка Лінова пад Пружанамі, дзе жыве спадар Папека.