Па «карагоднай справе» ў Брэсце будуць судзіць цяжарную жанчыну, у якой двое малых дзяцей

14 мая ў Брэсце пачнецца разгляд крымінальнай справы па «карагодзе». Гэта ўжо чацвёртая «партыя» жыхароў гораду над Бугам, якія трапілі пад крымінальны пераслед за карагод на праспекце Машэрава, распавядае «Свабода».

7218728f_b94a_4e16_8613_3320611516bf_cx8_cy10_cw83_w1023_r1_s.webp

Сярод 11 абвінавачаных — сямейная пара, Андрэй і Паліна Ляшко. У сям’і двое малых дзяцей — трох і шасці гадоў. Паліна цяжарная трэцім дзіцём.

Пра абставіны крымінальнай справы Паліна расказала Свабодзе.

13 верасня яна гуляла з мужам у цэнтры гораду. «Мы заўважылі нешта незвычайнае — людзі вадзілі карагод! Спачатку нехта ўключыў музыку, гралі «Песні пераменаў», NRM, здаецца, іншыя гурты, а людзі танцавалі. Усе былі такія натхнёныя, радасныя. Людзі былі прыгожа апранутыя, нібыта свята нейкае было. Нехта купляў і даваў людзям марозіва. Мы стаялі на тратуары і назіралі за гэтым. І тое пастаялі мо некалькі хвілін і пайшлі. А потым па нас прыйшлі», — кажа Паліна.

«Пайшлі сведкамі — выйшлі падазраванымі»

Спачатку мужа і жонку выклікалі на допыт як сведак. «Мяне шукалі на працы, хоць я ў дэкрэтным адпачынку, па месцы рэгістрацыі — я там не жыву. Урэшце прыехалі да нас на лецішча. Пайшлі мы як сведкі, а выйшлі — сталі падазраванымі па крымінальнай справе. За тое, што стаялі і глядзелі. А па-іхняму выходзіць, што мы «груба парушалі грамадзкі парадак», «спынілі працу транспарту» і так далей. Мы былі там без сцягоў, без анічога. Не крычалі, не арганізоўвалі нікога і нічога, не клаліся на асфальт пад тралейбусы...», — кажа жыхарка Брэста.

Яе муж Андрэй — адзіны кармілец у сям’і. Бо Паліна ў дэкрэце і цяжарная. Калі Андрэй стаў падазраваным па крымінальнай справе — яму забаранілі выезд за мяжу. А ён працаваў дальнабойшчыкам за мяжой, і з гэтага заробку жыла сям’я. Цяпер Андрэй без працы, і гэта адбілася значна на фінансавым стане сям’і. «Мы вымушаныя былі адмовіцца ад адваката, бо гэта вельмі дорага для нас...Мы проста не пацягнем адвакацкія паслугі. Раней у Брэсце былі праваабаронцы, яны дапамагалі бясплатна. Але цяпер і іх пераследуюць — няма да каго і звярнуцца па дапамогу. Я раней звярталася да праваабаронцаў — дык мяне цяпер і за гэта выклікалі ў міліцыю, але я не пайшла, якраз дзеці хварэлі», — кажа Паліна.

«Мы з дзецьмі застанемся без капейкі грошай»

Яна бядуе, што калі муж атрымае «хімію», то ёй з дзецьмі не будзе наогул за што жыць. Яе наўрад ці хто возьме на працу з трыма малымі дзецьмі. «Мы проста застанемся без капейкі», — кажа яна. Сям’я жыве на здымнай кватэры.

«Ужо тры «партыі» людзей асудзілі за той карагод. Давалі нават калонію, а ў асноўным — жанчынам — «хатнюю хімію», а мужчынам — «хімію» з накіраваннем ва ўстанову. Яшчэ такая акалічнасць... Цяжарным жанчынам паводле нашага закону не могуць даць «хімію», а вось калонію — могуць... Вось так. Мы нічога не грамілі, не палілі, не ламалі, нават не скакалі і не пляскалі ў далоні — а цяпер нас будуць судзіць. На допытах нам казалі: «Раз вы ступілі на асфальт, значыць, парушылі працу транспарту», — зазначае жыхарка Брэста.

Што за «карагодная справа»?

13 верасня падчас акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў сотні берасцейцаў выйшлі на скрыжаванне праспекту Машэрава і бульвару Касманаўтаў, дзе зладзілі карагод. Паводле абвінавачання, людзі «дзейнічалі ў групе з іншымі асобамі, якія на праезнай частцы гучна крычалі, свісталі, выгуквалі лозунгі, пляскалі ў ладкі, наўмысна бралі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, перашкаджалі працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацыяў».

Беларускія сілавікі ўжылі супраць жыхароў Брэста вадамёт — разагналі карагод.

Усяго па крымінальнай справе праходзіць як найменей 56 чалавек. Ужо прайшлі тры суды, на якіх судзілі па 10–14 жыхароў Брэста.

Цяпер будуць судзіць чацвёртую «дзясятку», дакладней, 11 чалавек.