Мінгарвыканкам не пагадзіўся стварыць Грамадска-кансультатыўную раду

Рух «За Свабоду» атрымаў адказ ад мінскіх уладаў на ліст з шэрагам прапановаў дзеля паляпшэння жыццядзейнасці сталіцы, якія былі складзены па выніках адмысловага круглага стала «Народнай праграмы». 



minharvyk.jpg

У адказе Мінгарвыканкаму ад імя намесніка старшыні Віктара Лапцева датычна прапановаў паведамляецца «аб намеры па магчымасці ўлічыць іх у сваёй дзейнасці».

Нагадаем, заступіўшы на пасаду старшыні Мінгарвыканкаму пры канцы мінулага году, Андрэй Шорац у звароце да жыхароў сталіцы сказаў: "Мы гатовыя разгледзець любыя прапановы, якія зробяць горад больш прыгожым, больш багатым і камфортным".

Удзел у круглым стале «Народная праграма» для Мінска», падчас якога былі выпрацаваны прапановы, частку якіх Рух «за Свабоду» даслаў сталічным уладам, узялі: эканаміст Зміцер Бабіцкі (займаецца пытаннямі транспарту і лагістыкі), лідар ініцыятывы «Еўрапейская перспектыва» Віктар Янчурэвіч (вырашэнне лакальных праблем у горадзе), старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч (захаванне гістарычнай спадчыны), былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Навасяд (ЖКГ і абарона правоў спажыўцоў), стрыт-арт-актывіст Алег Ларычаў (мастацкія акцыі і гарадская прастора).

Сярод іншага, напрыклад, было прапанавана прыцягнуць да адказнасці вінаватых у незаконным будаўніцтве гатэля «Кэмпінскі». «Абавязковай умовай узвядзення аб'екта з'яўлялася аднаўленне гістарычнага помніка – электрастанцыі на новым месцы. Аднак захаваць паспелі толькі галоўны фасад, потым паступіла ўказанне знасіць. Зараз мы рыхтуем матэрыялы справы, адным з фігурантам якой будзе былы старшыня Мінгарвыканкаму Мікалай Ладуцька», - патлумачыў на круглым стале Антон Астаповіч.

Яшчэ што тычыцца архітэктуры і будаўніцтва, мінскім уладам прапанавана вярнуцца да распрацаванага некалькі год таму праекта рэгенерацыі гістарычнага цэнтра горада. Так, гаворка вядзецца пра ўладкаванне пешаходнай зоны на вуліцах Рэвалюцыйная і Камсамольская і стварэнне падземнага паркінгу на 600 машын пад Кастрычніцкай плошчай.

Сярод іншых прапановаў «Народнай праграмы» для Мінска»:

Каб забяспечыць большую прывабнасць грамадскага транспарту, неабходна павялічыць ягоную хуткасць хаця б да 25 кмг праз вылучэнне асобных палос;

Больш шырока выкарыстоўваць электронныя табло на прыпынках грамадскага транспарту, якія павінны паказваць рэальны, а не паводле графіку часавы інтэрвал руху;

Стварыць агульны рэестр плошчаў Мінска, якія не выкарыстоўваюцца і могуць быць аддадзеныя пад разнастайныя формы гарадской актыўнасці;

Уважаць за вырашальнае меркаванне жыхароў горада ў справе прыняцця рашэнняў па рэзанансных і правакуючых сацыяльную напружанасць праектах. Дыялогавай пляцоўкай можа стаць Грамадска-кансультатыўная рада пры Мінгарвыканкаме;

Прапанову аб стварэнні такой рады мінскія чыноўнікі палічылі «непрымальнай».

Тлумачэнне такое: «Мінскі гарвыканкам, адміністрацыі раёнаў г. Мінска ажыццяўляюць сваю дзейнасць у адпаведнасці з заканадаўствам, перш за ўсё аб мясцовым кіраванні і самакіраванні», таксама «дзейнічае Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў, які з’яўляецца прадстаўнічым дзяржаўным органам, што вырашае пытанні мясцовага значэння зыходзячы з інтарэсаў насельніцтва і агульнадзяржаўных інтарэсаў, і ўдзельнічае ў абмеркаванні пытанняў рэспубліканскага значэння, якія закранаюць інтарэсы сталіцы». Акрамя таго, маўляў, «дзейнічае Мінскі гарадскі каардынацыйны савет палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, які аб’ядноўвае найбольш шматлікія і актыўныя грамадска-палітычныя структуры сталіцы».

Пры гэтым мінскія ўлады ўпікнулі Рух «За Свабоду» за тое, што нібыта «статут Руху, у тым ліку мэты, задачы, прадмет і метады дзейнасці, не прадугледжвае правядзенне такіх мерапрыемстваў, як цыкл семінараў «Народная праграма» па выпрацоўцы планаў рэформаў у розных сферах».

Даводзіцца канстатаваць, што мінскія чыноўнікі няўважліва вывучылі статут Руху «За Свабоду», у якім адной з мэтай пазначана «садзейнічанне пабудове грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы», а ў якасці адной з задач – «арганізацыя і правядзенне сустрэч, лекцый, семінараў, трэнінгаў, выставаў, прэзентацый, конкурсаў, фестываляў і канцэртаў, канферэнцый, сімпозіумаў, у тым ліку і міжнародных».

Прапановы ж, дасланыя мінскім уладам, якраз з’яўляюцца «садзейнічаннем пабудове грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы».

Паводле прэс-службы Руху «За Свабоду»