Мінскай чацверцы, якая адбіла чалавека ад АМАПа, — ад 4 да 5 гадоў калоніі
Суд Фрунзенскага раёна Мінска 2 красавіка абвясціў прысуд па крымінальнай справе чатырох жыхароў сталіцы — Яўгена Бароўскага, Івана Зянько, Аляксея Драбы і Уладзіміра Кацкеля.
Іх абвінавацілі адразу па трох
артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў
дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» (арт. 364 КК), «Арганізацыя і
падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны
ўдзел у іх» (арт. 342 КК), «Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці» (арт.
218).
Справу разглядала суддзя Юля Блізнюк. Дзяржабвінаваўца — пракурор Вікторыя Таратыка.
У справе сем пацярпелых супрацоўнікаў АМАПу.
Падзеі адбываліся пасля 17 гадзін 11 кастрычніка 2020 года.
Падчас разгону «Маршу гонару» каля станцыі метро «Пушкінская» яны, як вынікае з матэрыялаў следства, перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека, уступілі з імі ў бойку, нанеслі некалькі ўдараў па галовах і разбілі шкло ў службовым аўтамабілі.
Што прасіла дзяржабвінавачанне?
Івану Зянько па арт. 218 — 3 месяцы арышту, па арт. 342 — абмежаванне волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу на 2 гады, па арт. 364 — 5 год пазбаўлення волі. Разам — пяць год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;
Яўгену Бароўскаму па арт. 342 — 3 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, па арт. 364 — 4 гады пазбаўлення волі, разам — 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;
Аляксею Драбу па арт. 364 з улікам непагашанай ранейшай судзімасці — 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;
Уладзіміру Кацкелю па арт. 364 з улікам непагашанай ранейшай судзімасці — 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Апошнія словы абвінавачаных
Яўген Бароўскі быў лаканічным: «Нічога не парушаў, супрацьпраўных дзеянняў не здзяйсняў».
Іван Зянько сказаў, што не ведае тых людзей, якіх у судзе паказвалі некалькі разоў на відэа, але нічога дрэннага яны не рабілі.
«Сабралі з міру па нітцы, паказалі нейкія размытыя скрыншоты, на якіх невядома што», — завяршыў ён свой кароткі выступ.
Аляксей Драба: «Прашу паблажкі ў суда, абяцаю ў далейшым весці законапаслухмяны лад жыцця, прашу не судзіць строга. Пяць месяцаў у СІЗА паслужылі мне ўрокам. Мая дапытлівасць прывяла мяне ў турму... Раскайваюся, віну часткова прызнаю».
Кацкель: «Ніякага злачынства не здзяйсняў, знаходзіўся дома на каранціне, хварэў на каронавірус. Прашу вызваліць мяне з-пад варты і зняць з мяне ўсе абвінавачанні».
Суддзя Юлія Блізнюк абвясціла прысуд:
Яўгену Бароўскаму — абмежаванне волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу — 3 гады па першым артыкуле, па арт. 364 — пазбаўленне волі тэрмінам на чатыры гады.
Сумарна — пазбаўленне волі на чатыры гады ў калоніі агульнага рэжыму;
Івану Зянько — арышт на 3 месяцы па першым артыкуле, па арт. 342 КК — абмежаванне волі на 2 гады, па 364 артыкуле — пазбаўленне волі на 5 гадоў.
Сумарна — пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму;
Аляксей Драб і Уладзімір Кацкель прызнаныя вінаватымі па арт. 364 Крымінальнага кодэкса — па пяць гадоў у калоніі агульнага рэжыму;
Залічыць у тэрмін адбыцця пакарання — адзін дзень пад вартай як адзін дзень пазбаўлення волі.
Апроч гэтага Бароўскаму ў грамадзянскім працэсе будзе вырашацца пытанне аб кампенсацыі іску «Мінсктранса» ў памеры 4 699 рублёў. Зянько павінен аплаціць ГУУС 7 073 рублі 75 капеек.
Кожны павінен аплаціць пацярпелым па справе амапаўцам маральную шкоду ў памеры ад 2000 да 3000 рублёў.