"Міжнародная амністыя" адзначае адсутнасць у Беларусі прагрэсу ў пытанні адмены смяротнай кары

 Праваабарончая няўрадавая арганізацыя "Міжнародная амністыя" канстатуе тэндэнцыю да адмены смяротнай кары па ўсім свеце, адзначаючы, што ў Беларусі прагрэсу ў гэтым пытанні не назіраецца. Такія высновы ўтрымліваюцца ў штогадовым аглядзе сітуацыі са смяротнай карай за 2012 год, апублікаваным 10 красавіка на сайце amnesty.org.
 



amnisty.jpg

Беларусь летась заставалася адзінай краінай у Еўропе і Цэнтральнай Азіі, дзе захоўвалася практыка прымянення вышэйшай меры пакарання, — тут каралі не менш чым тры чалавекі, заяўляе праваабарончая арганізацыя. Прычым гэтую меру пакарання ў Беларусі "па-ранейшаму акружала абстаноўка строгай сакрэтнасці". Прыкметна, што ў 2012 годзе суседка Беларусі Літва поўнасцю адмовілася ад смяротнай кары, выключыўшы з заканадаўства апошнія артыкулы аб злачынствах, якія караюцца смяротнай карай, гаворыцца ў справаздачы.
 


У 2012 годзе, як і ў 2011-м, 21 дзяржава прымяняла на практыцы смяротную кару. Аднак гэта "прыкметна менш, чым 10 гадоў таму", адзначаюць праваабаронцы, дадаючы, што ў 2003 годзе такіх дзяржаў было 28. Паводле звестак "Міжнароднай амністыі", у 2012 годзе ў свеце было праведзена не менш чым 682 смяротныя кары — на дзве больш, чым у 2011-м. Знізілася колькасць вынесеных смяротных прыгавораў: 1.722 у 58 краінах у 2012 годзе супраць 1.923 у 63 краінах у 2011-м. Арганізацыя ў аглядзе дапускае, што рэальныя лічбы значна вышэйшыя за кошт мноства мяркуемых смяротных пакаранняў у Кітаі, дзе падобная інфармацыя трымаецца ў сакрэце.


Праваабаронцы адзначаюць, што пасля некаторага перапынку аднавілася вынясенне смяротных прыгавораў у Індыі, Японіі, Пакістане і Гамбіі, расце колькасць смяротных пакаранняў у Іраку. Больш за ўсё людзей каралі ў Кітаі, Іране, Іраку, Саудаўскай Аравіі, ЗША, Емене, дзе практыкаваліся павешанне, адсячэнне галавы, расстрэл і смяротныя ін'екцыі. Такія прыгаворы прысуджаліся за розныя злачынствы, у тым ліку за наркагандаль, эканамічныя злачынствы, у некаторых краінах — за вераадступніцтва, блюзнерства і пралюбадзейства.


"Рэгрэс, які назіраецца ў шэрагу краін сёлета, не можа не засмучаць, аднак у цэлым ён не мяняе агульнасусветную тэндэнцыю адмовы ад смяротнай кары. У многіх кутках свету кары застаюцца ў мінулым. Кары маюць месца толькі ў адной з кожных 10 краін", — пракаментаваў сітуацыю генеральны сакратар "Міжнароднай амністыі" Саліл Шэці.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН