"Міжнародная амністыя" заклікае Лукашэнку змякчыць вынесеныя смяротныя прысуды

"Міжнародная амністыя" распаўсюдзіла заяву, у якой заклікае ўсіх неабыякавых накіроўваць лісты Аляксандру Лукашэнку і генпракурору Беларусі Аляксандру Канюку з патрабаваннем змякчыць нядаўна вынесеныя смяротныя прысуды, увесці мараторый на прымяненне смяротнай кары і даць грамадскасці доступ да поўнай актуальнай інфармацыі аб прымяненні гэтага віду пакарання ў Беларусі.



amnestyintl_logo_2.jpg

"53-гадовы мужчына, Эдуард Лыкаў, быў прыгавораны да смерці 26 лістапада, але інфармацыя пра гэта была абнародавана амаль праз месяц. Ён стаў чацвёртым чалавекам, які атрымаў смяротны прыгавор у 2013 годзе. Той факт, што інфармацыя пра гэты апошні смяротны прысуд прасачылася ў прэсу амаль праз месяц пасля яго вынясення, з'яўляецца тыповым для атмасферы сакрэтнасці, якая акружае прымяненне смяротнай кары ў Беларусі", — гаворыцца ў заяве "Міжнароднай амністыі".


У праваабарончай арганізацыі таксама "вельмі расчараваныя навіной пра тое, што Гомельскі абласны суд паўторна вынес смяротны прысуд у дачыненні да Аляксандра Грунова 24 снежня 2013 года пасля таго, як Вярхоўны суд вярнуў справу на разгляд у кастрычніку".


Нагадаем, Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль прымяняецца смяротная кара, а таксама адзіная еўрапейская дзяржава, якая не ўваходзіць у Савет Еўропы. Асноўнай перашкодай для ўваходжання з`яўляецца наяўнасць смяротнай кары.
 

У 1993 годзе беларускі парламент атрымаў статус спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ), але ўжо ў 1996-м быў пазбаўлены гэтага статусу пасля рэферэндуму, які ўзаконіў смяротную кару.
 

У чэрвені 2009 года ПАСЕ прыняла рэзалюцыю аб вяртанні Беларусі статусу спецзапрошанага пры ўмове адмены смяротнай кары або ўвядзення мараторыя на яе прымяненне. Аднак ужо ў наступным годзе ў Беларусі мелі месца новыя пакаранні смерцю, пасля чаго ПАСЕ афіцыйна рэкамендавала сваім членам не наведваць краіну. Пасля расстрэлу ў 2012 годзе Дзмітрыя Канавала і Уладзіслава Кавалёва, абвінавачаных ва ўчыненні тэракта ў мінскім метро, генсакратар СЕ Турб`ёрн Ягланд заявіў: "Наяўнасць у Беларусі смяротнай кары не дазваляе ёй мець які-небудзь статус у межах Савета Еўропы".
 

Паводле звестак "Міжнароднай амністыі" і кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнай кары ў Беларусі", за апошнія 20 гадоў у краіне пакараныя смерцю больш як 400 чалавек. На заклікі праваабаронцаў увесці мараторый на смяротную кару або адмяніць яе ўлады спасылаюцца на вынікі рэферэндуму 1996 года, падчас якога большаць беларускіх грамадзян выступілі за захаванне смяротнай кары. Арцём Шрайбман, БелаПАН