«Мне вельмі падабаецца, калі дактары ўсё тлумачаць»: Беларуска — пра медыцыну ў Латвіі
У Латвіі значна больш павагі з боку дактароў і нашмат менш патэрналізму. Беларуска Наста Захарэвіч распавяла пра медыцыну ў Латвіі.
![fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas3__1__logo.jpg fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas3__1__logo.jpg](/img/v1/images/fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas3__1__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
З 2020 года Латвія выдала 1959 відаў на жыхарства для беларусаў. Усяго ў Латвіі пражывае прыблізна 66 тысяч беларусаў, якія складаюць другую па велічыні нацыянальную меншасць.
Беларуская журналістка Анастасія Захарэвіч атрымала бежанства ў Латвіі ў 2021 годзе. Цяпер для "Белых халатаў" яна распавяла, што ў Латвіі з медыцынай і як у цэлым працуе сістэма аховы здароўя.
«Можна вельмі шмат чаго, і ўсе гэта бескаштоўна»
Наста першапачаткова падавалася на бежанства ў Латвіі і пражывала ў лагеры для бежанцаў, пакуль яе статус разглядалі. Доўжылася гэта каля паўгода. Наста кажа, што пакуль чалавек на разглядзе, у яго асаблівыя медыцынскія правы.
“Можна вельмі шмат чаго, і ўсе гэта бескаштоўна, напрыклад, візіты да доктара. Таксама калі патрэбны нейкія тэрміновыя аперацыі, штосьці робіцца бескаштоўна”, — дзеліцца Наста.
Калі чалавек ужо атрымаў статус бежанца, ён мае пастаянны від на жыхарства. Гэты від на жыхарства дае такія ж правы, якія ёсць у грамадзян Латвіі.
“Чалавек прыпісваецца да сямейнага доктара — і адзін такі візіт да доктара каштуе два еўра. Але я шмат чаго вырашаю анлайн, або па званку – за гэта не трэба плаціць. Напрыклад, калі мне патрэбна выпісаць новы рэцэпт на лекі замест старога, альбо выпісаць накіраванне да нейкага доктара, то ў Латвіі можна гэта рабіць па званку. Потым прыходзіш у рэгістратуру, забіраеш усё сама, бескаштоўна.
А калі ўжо патрэбна прысутнасць, напрыклад паслухаць лёгкія, то прыходзіш да сямейнага лекара і плаціш свае 2 еўра”, — тлумачыць Наста.
Наста падкрэслівае, што яна кажа выключна пра дзяржаўныя клінікі. А калі патрэбны іншы доктар (не сямейны лекар), то запіс ужо будзе платным.
“Прыкладна 40 еўра будзе каштаваць прыём у любога лекара. Таксама ў дактароў ёсць умоўныя бясплатныя візіты.
Як гэта працуе? Ты бярэш накіраванне ў сямейнага доктара і абіраеш у патрэбнага цябе доктара бясплатны візіт. Але плаціш дзесьці чатыры еўра. Гэта называецца пацыенцкі ўнёсак. Звычайна такіх дактароў няшмат, таму трэба чакаць, але гэта справа такая.
У адрозненне ад Беларусі, чалавек не прывязаны да клінікі. Ты можаш спакойна выбраць любога доктара ў любым горадзе Латвіі. Калі мне спатрэбіцца штосьці тэрмінова, то я буду шукаць — і на працягу тыдня штосьці недзе абавязкова знойдзецца”, — тлумачыць беларуска.
Кошт медыцынскай страхоўкі ў Латвіі складае прыкладна 300 еўра ў год. Наста тлумачыць, што большасць працадаўцаў афармляюць супрацоўнікам страхоўку, якая пакрывае платныя візіты да лекара.
“Ёсць дактары, да якіх не трэба браць накіраванне ад сямейнага доктара. Гэта гінеколаг, афтальмолаг і псіхіятр. У псіхіятра ўсё абсалютна бескаштоўна. У гінеколага ўмоўна бясплатныя чатыры еўра. У афтальмолага таксама”, — распавядае Наста.
«Калі прам бачна, што ў чалавека сітуацыя небяспечная, абавязкова штосьці прыдумаюць»
Наста гаворыць, што з сямейнай доктаркай у яе “добрыя і цікавыя стасункі”.
“Звычайна я да яе прыходжу са спісам сімптомаў, гіпатэтычнымі дыягназамі і з умовамі, што з гэтым рабіць. Мы з ёй размаўляем. Я кажу, што мне трэба, — і яна мне выпісвае. Пару разоў былі экстраныя сітуацыі, калі мне патрэбна была яе дапамога, але ўсё атрымлівалася добра. Калі была гінекалагічная сітуацыя, мая доктарка, нягледзячы на агульна забіты расклад у паліклініцы, знайшла мне доктарку на заўтра. Я разумею, што мне вельмі пашанцавала с сямейнай лекаркай. Але калі прам бачна, што ў чалавека сітуацыя небяспечная, абавязкова штосьці прыдумаюць”, — распавядае Наста.
Але не бывае і без смешных выпадкаў. Наста кажа, што адзін раз ёй не пашанцавала з афтальмолагам.
“Афтальмолаг прапаноўвала лячыць вочы кропелькамі з чарніцы. Але гэта выключэнне нейкае”, — смяецца Наста.
Наогул жа, Наста задаволеная медыцынай і камунікацыяй з дактарамі.
“Значна больш павагі з боку дактароў і нашмат менш патэрналізму. Калі была такая сітуацыя, што мне патрэбна было пакласціся ў лякарню, доктарка мне доўга і цярпліва тлумачыла, навошта мне гэта трэба. Яна тлумачыла, што адбываецца змаім целам, якія будуць наступствы, але яна і пакідала мне выбар”, — кажа Наста.