Мы не сеем, мы не пашам

Як толькі наступае перыяд саджаць бульбу, у Беларусі рэзка скарачаецца колькасць навінаў. А калі на тыдні зрабілі тры выходных дні з пяці працоўных, узнікла ўражанне, што бульбу кінуліся саджаць не толькі шараговыя грамадзяне, але і міністры са сваімі намеснікамі.



ahliad_3.jpg

Дзейнасць спынілася — усе на гародах. І толькі Аляксандр Лукашэнка працягвае за ўсім назіраць. Ён традыцыйна выправіўся ў раёны, пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэта не дзіва — так ён робіць кожны год. Тым больш, што ён упэўнены — там ужо можна паўнавартасна працаваць. Але тое, што кіраўнік дзяржавы там нагаварыў, выклікае пэўнае недаўменне.

Найперш, спадар Лукашэнка ўбачыў, як ідзе сяўба з борта верталёта і раскрытыкаваў аграрыяў за нізкую культуру земляробства, паведамляе ягонай прэс-служба. Праўда, яна не распавядае пра тое, як можна ацаніць культуру земляробства з вышыні птушынага палёту. Па-мойму, для гэтага трэба пабываць на зямлі.

Але ўласна на зямлю Аляксандр Лукашэнка, падаецца, так і не трапіў. Адзначыўшы, што Магілёўская вобласць зараз працуе «практычна горш за ўсіх у краіне», Лукашэнка наведаў таварна-малочныя фермы. Яго праінфармавалі аб развіцці жывёлагадоўлі і выкананні яго даручэнняў па тэхнічным перааснашчэнні і рэканструкцыі МТФ і комплексаў. Як высветлілася, тут таксама «ўсё не дзякуй Богу».

У ліку праблемных пытанняў — навучанне спецыялістаў працы ў сучасных умовах. «Мы дамаўляліся, што, перш за ўсё, трэба накіраваць спецыялістаў на лепшыя фермы і навучыць іх працаваць. Чаму не навучылі?» — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы і запатрабаваў неадкладна вырашыць гэтую праблему.

Дзіўна: я раней думаў, што спецыялістаў павінны рыхтаваць не на фермах, а ў адпаведных навучальных установах. Дзеля гэтага ў нас ёсць нават аграрна-тэхнічны ўніверсітэт. А калі яго выпускнікоў трэба накіроўваць на фермы і там яшчэ давучваць — навошта тады ён патрэбны? Лепш адразу накіраваць чалавека на прадпрыемства пасля, скажам, школы альбо ПТВ. Навошта марнаваць пяць гадоў часу і бюджэтныя сродкі? Хай адразу ж на ферме вучыцца!

А між тым, сродкі на развіццё Магілёўскай вобласці ўкладаюцца немалыя. Толькі ў 2013 годзе ў рамках дзяржпраграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС у гэты рэгіён з рэспубліканскага бюджэту было накіравана каля 400 мільярдаў рублёў! А рэгіён, па словах Лукашэнкі, «як быў у адстаючых, так і працягвае да гэтага часу плесціся ў хвасце».

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік адзначыў, што з васьмі раёнаў паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці 6 адносяцца да найбольш пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Плошча, якую яны займаюць, складае больш за 1 мільён гектараў, або 36,1% ад агульнай плошчы Магілёўскай вобласці.

І гэта яскравы прыклад таго, што, колькі грошай у яго не ўкладай, «мірны атам» усё роўна застаецца небяспечным. Разочак спаскудзіўшы тэрыторыю і забрудзіўшы яе радыенуклідамі, мы атрымалі праблему на стагоддзі, і ніякія грошы тут не дапамогуць. Цэзію і стронцыю па барабану, колькі ў чалавека ў кішэні грошай і на якой ён пасадзе сядзіць.

Дарэчы, на прыкладзе вандроўкі спадара Лукашэнкі ў Магілёўскую вобласць варта было б задумацца жыхарам вобласці Гродзенскай, і Астраўца ў прыватнасці. Праз пару-тройку год мы маем намер дабудаваць там АЭС, а год праз 50 яна свой рэсурс выпрацуе. І на працягу жыцця ўсяго аднаго пакалення Астравец з маляўнічага краю ператворыцца ў апаленую радыяцыяй пустэчу, якую ніякія грошы не ўзновяць.

Закрануў Аляксандр Лукашэнка падчас візіту і праблемы Украіны. Па ягоных словах, людзі адтуль ужо пачынаюць бегчы ў спакойную і добразычлівую Беларусь. Але і тут не без разынкі. Ён звярнуў увагу на тое, што не можа забараніць уезд у краіну, аднак у Беларусі глядзяць, што за людзі едуць. «Калі сем’ямі, то зразумела. Але можа ж хлынуць і крымінал сюды. У нас і так яго хапае, ледзь спраўляемся з гэтым», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Да гэтага нам сто разоў казалі і паўтаралі, што мы тут — краіна, якая перамагла арганізаваную злачыннасць і крымінал. Насамрэч — «ледзь спраўляемся». Аказваецца, за відавочнай барацьбой з карупцыяй і наркагандлем у нас хаваецца яшчэ нешта, чаго не чутно, не бачна, але што вельмі небяспечнае, і ледзь-ледзь не вырвецца на волю.

І яшчэ адну навіну сказаў беларускі правадыр. Аказваецца, у Беларусі ўжо мадэрнізавана ўся сістэма аховы здароўя. Пры гэтым найменшая ўвага была ўдзелена Мінску, але і гэтая праблема ў бліжэйшы перыяд будзе вырашана.

Хто-небудзь заўважыў вынікі гэтай мадэрнізацыі? Цікава, у чым яны праяўляюцца? У тым, што з дапамогай грамадскасці ўдалося адмахацца ад прапановаў некаторых дэпутатаў увесці плату за наведванне паліклінік?

А яшчэ на тыдні Аляксандр Рыгоравіч правёў перамовы з Уладзімірам Пуціным і Нурсултанам Назарбаевым наконт стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза. Перамовы былі безвыніковымі. Збольшага, Расія выказалася, што не гатовая адмяніць для саюзнікаў пошліны на газ і нафту, без чаго для гэтых саюзнікаў сам саюз губляе сэнс. Але пры тым Уладзімір Пуцін здолеў уламаць сваіх калегаў на заяву, што дамова пра ЕАЭС будзе падпісаная ў Астане 29 мая.

У гэтым ёсць вялікія сумневы, бо, раней казалася, што яна павінна быць гатовая да падпісання з 1 мая. Да таго ж, аб’ектыўным паказчыкам эфектыўнасці супрацоўніцтва з’яўляецца і Мытны саюз. А тут рэаліі даволі кепскія. Узаемны гандаль краін — членаў Мытнага саюза ў 2014 годзе хутчэй за ўсё не вырасце, мяркуе міністр па гандлі Еўразійскай эканамічнай камісіі Андрэй Сляпнёў. «Хутчэй за ўсё, па выніках гэтага года будзе калі не зніжэнне, то не рост узаемнага гандлю», — сказаў Сляпнёў.

Дык варта ствараць новы саюз, калі яшчэ з праблемамі старога не разабраліся?

Адзінае, што радуе, — Аляксандр Рыгоравіч шчыра і прадуктыўна папрацаваў на выходныя. Зараз ён вырашыў усе тэрміновыя праблемы, і можа са спакойнай душою сам пайсці і саджаць бульбу. Ці што яго там у Драздах расце…