Знаёмцеся: гэта яны забудоўваюць Курапаты
Замоўнік будоўлі каля Курапатаў СТАА «БелРэстІнвэст» не толькі меў інфармацыю пра месца масавых растрэлаў ахвяр сталінскіх рэспрэсій, але і нібыта распрацаваў комплекс мерапрыемстваў па стварэнні мемарыяла «Курапаты». На справе быў рэалізаваны толькі праект забаўляльна-рэстарацыйнага комплексу.
Курапаты — гэта найбольшае мемарыяльнае сведчанне генацыду беларускага народа. Паводле лідара КХП—БНФ Зянона Пазняка, які ў 1988 годзе разам з Яўгенам Шмыгалёвым першы адкрыў праўду пра Курапаты, і прафесара Уроцлаўскага ўніверсітэта Здзіслава Вінніцкага, колькасць ахвяр савецкіх рэпрэсій у гэтым урошчы можа сягаць 250 тысяч чалавек.
Савецкія ўлады намагаліся знішчыць гэтае месца, пракладваючы адмыслова праз Курапаты напрыканцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў Мінскую кальцавую аўтадарогу, якая разрэзала ўрочышча на дзве часткі. Было вынішчана мноства магіл масавых пахаванняў. Чарговы наступ адбыўся ў 2001—2002 гадах, калі ўжо мясцовыя чыноўнікі прынялі рашэнне пашырыць гэтую аўтадарогу з дзвюх палосаў руху да шасці. Напрыканцы 2002 года Мінгарвыканкам аддаў зямлю непасрэдна ля магіл пад забудову катэджнага пасёлка «Сонечны».
У другой палове 2000-х пачынаецца незаконнае будаўніцтва наўпрост у ахоўнай зоне забаўляльнага цэнтра «Бульбашъ-холл» усяго за 50 метраў ад мемарыялу. Ахоўную зону Курапатаў дзеля гэтага наўмысна скарачаюць у некалькі разоў. Гэта ж паўтараецца і ў выпадку з будаўніцтвам бізнес-цэнтру на вул. Мірашнічэнкі ў 2017 годзе. Толькі праз актыўны супраціў грамадзянскай супольнасці ўдаецца спыніць гэтую будоўлю.
Найбольш жа драматычнай стала сітуацыя вакол забаўляльнага цэнтру са здзеклівым назовам для беларусаў «Бульбашъ-холл». Перайменаваны праз шмаліткія грамадскія пратэсты на «Паедзем паядзім», ён правакатыўна адчыніўся акурат у 30-ю гадавіну з моманту раскрыцця жахлівай праўды пра Курапаты. Адбылося гэта нягледзячы на ўхваленыя ў 2012 годзе Генеральнай пракуратурай і Міністэрствам культуры пастановы, у якіх вызначана катэгарычная забарона будоўлі.
Замоўнікам будоўлі ад самага пачатку стала Супольнае таварыства з абмежаванай адказнасцю (СТАА) «БелРэстІнвэст». Кампанія не толькі валодала ўсёй інфармацыяй што да месца масавых растрэлаў і пахаванняў ахвяр сталінскіх рэспрэсій, але і нібыта распрацавала комплекс мерапрыемстваў па стварэнні мемарыяла «Курапаты», які накіравала для ўхвалення ў Міністэрства культуры. У рэчаіснасці ж быў рэалізаваны толькі праект забаўляльна-рэстарацыйнага комплексу, а пра мемарыял ніхто з гэтай кампаніі ўжо нават і не ўзгадвае.
Паводле дадзеных з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР), кампанія «БелРэстІнвэст» зарэгістраваная Мінскім гарвыканкамам 02.09.2009 г. з юрыдычным адрасам Мінск, зав. Казлова, д.5а, оф. 3а. Дырэктарам кампаніі з’яўляецца Ярмоленкаў Андрэй Феліксавіч. Дата рэгістрацыі і пачатка незаконнага будаўніцтва, а таксама адсутнасць адкрытай інфармацыі на працягу амаль 10 гадоў пра іншую дзейнасць гэтай кампаніі наводзяць на думку, што яна была створана акурат для пабудовы забаўляльнага аб’екта ў ахоўнай зоне Курапатаў.
То бок інвестары загадзя прадугледзелі ўсе мажлівыя будучыя фінансавыя і рэпутацыйныя страты і паспрабавалі іх мінімізаваць праз стварэнне новай юрыдычнай асобы. Хто ж гэтыя людзі? Паводле выпісу з АДР 50% СТАА «БелРэстІнвэст» належыць СТАА «КварталМЗС», 33.3% — амерыканскай кампаніі з абмежаванай адказнасцю Lenthon Realty LLC і пазасталыя 16,7% — закрытай акцыянернай кампаніі з абмежаванай адказнасцю Bealcy Investments Ltd., зарэгістраванай на Кіпры.
Галоўным уласнікам «БелРэстІнвэст» з’яўляецца кампанія СТАА «КварталМЗС», якая мае практычна той жа юрыдычны адрас, што і «БелРэстІнвэст», розняцца толькі кабінеты. На сайце Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва пазначаная асноўная знешнеэканамічная дзейнасць СТАА «КварталМЗС» — агульнае будаўніцтва будынкаў. У адкрытым доступе адсутнічае якая-кольвек інфармацыя пра рэалізаваныя праекты гэтай кампаніі, што даволі дзіўна, улічваючы, што яна дзейнічае на працягу ўжо 14 гадоў.
А ў суседнім будынку зарэгістравана кампанія амаль з аднайменнай назвай — ТАА «КварталМЗС—Буд». У гандлёвых базах дадзеных кампанія фігуруе як сталічны забудоўнік жылой і нежылой нерухомасці з ажыццяўленнем дзейнасці ў сферы долевага будаўніцтва. Характэрна, што ў некаторых інфармацыйных рэсурсах «КварталМЗС-Буд» падае для патэнцыйных кліентаў той жа адрас сваёй кампаніі, што мае і «КварталМЗС». Гэтак, у базе будаўнічых аб’ектаў і тэндараў «Будаўнічая біржа» (stroybirzha.by) кампанія пазначыла ўжо вядомы нам адрас — Мінск, зав. Казлова, 5а. Меркавана мы маем справу з аднымі і тымі ж уласнікамі гэтых дзвюх кампаній.
У 2014 годзе «КварталМЗС-Буд» пачаў будаўніцтва ў Мінску 15-павярховага жылога дома ў квартале вул. Лынькова — П.Глебкі — праезд Масюкоўшчына. Аб’ект атрымаў назву «Жылы комплекс «Паркавы», які кампанія падае ў якасці свайго галоўнага праекта ў сферы будаўніцтва жылой нерухомасці. Цікава, што кампанія на працягу трох гадоў да гэтага не будавала жылых дамоў.
На сайце адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска пададзена інфармацыя пра тое, што кампанія-забудоўнік ТАА «КварталМЗС-Буд» створана ў выніку рэарганізацыі СТАА «КварталМЗС» у форме выдзеляння.
Кіраўніком ТАА «КварталМЗС-Буд» з’яўляецца Логвін Вольга Вітальеўна. У якасці кантактных дадзеных для сувязі з кампаніяй «КварталМЗС-Буд» Вольга Логвін падае электронную пошту і нумар тэлефона ТАА «ІВ», якая фігуруе як «Група кампаній ІВ», зарэгістраваная ў тым жа будынку — на зав. Казлова, 7б. Меркавана і «БелРэстІнвэст» і «КварталМЗС», «КварталМЗС-Буд» — маюць непасрэднае дачыненне да «Групы кампаній ІВ».
Кампанія «ІВ» з’яўляецца адным з буйнейшых мінскіх дэвелапераў, якая рэалізавала больш за два дзясяткі будаўнічых праектаў. Напрыклад, бізнес-цэнтры ў Мінску «Вікторыя-Плаза» (на вул. Платонава) і «Парк-Плаза» (вул. Лагойскі тракт) і іншыя.
Уласнікам ТАА «ІВ» з’яўляецца Ізраілевіч Аркадзь Львовіч, які ўваходзіць у Топ-200 паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў Беларусі паводле версіі ej.by (займае 98-ю пазіцыю). Апроч «Групы кампаній «ІВ» яму належыць таксама СЗАТ «Асфальтабетонны завод». Сярод актываў былі кампанія «МІГінвэст», рэстарацыі «Баржа» і Carpaccio.
У красавіку 2013 года Аркадзь Ізраілевіч меў канфлікт з начальнікам упраўлення інвестыцый камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Мікалаем Ахраменкам у мінскай рэстарацыі «Тусэ». Паводле словаў бізнесоўца, чыноўнік паводзіў сябе з недастаковай павагай да яго. Гарадскія ўлады здзейснілі службовую праверку, у выніку якой абвінавачанні бізнесоўца былі адкінутыя. А зараз самае цікавае: прадстаўнікі камітэта эканомікі заявілі, што гаспадарамі рэстарацыі «Тусэ» з’яўляюцца партнёры Ізраілевіча, што, «паводле меркавання абвінаваўчага боку, спрычынілася да правакацыйных паводзінаў бізнесоўца, які здзяйсняў фотаздымку чыноўнікаў без іх дазволу і адчуваў сябе гаспадаром палажэння».
Ужо закрыты клуб-рэстарацыя «Тусэ» належаў кампаніі ТАА «Белнаватэкс груп», якая валодае некалькімі рэстарацыямі і кавярнямі ў Мінску — «Гранд Кушавель» (непадалёк Мінск-Арэны) і theView, якія рэпрэзентуюць уласны брэнд кампаніі — «Наша рэстарацыйная група». Меркавана кампаніі належыць і кавярня «Лета» на Заслаўскім вадасховішчы, якая раней фігуравала з назовам «Бульбашъ-пляж». Дырэктарам кампаніі з’яўляецца Вараб’ёў Ігар Алегавіч. Паводле дадзеных з АДР, суўладальнікамі «Белнаватэкс груп» з’яўляюцца: Зайдэс Леанід Лейбавіч (32%), грамадзянка Ізраіля Сурыс Аліна (24,5%) і, амерыканская кампанія Lenthon Realty LLC (29%) і Bealcy Investments Ltd. (14,5%), зарэгістраваная на Кіпры. Дзвюм апошнім належаць 50 адсоткаў ужо згаданай кампаніі «БелРэстІнвэст», што збудавала «Бульбашъ-холл», а ейным меркаваным уласнікам з’яўляецца кампанія «ІВ» Аркадзя Ізраілевіча.
Асноўным уласнікам «Белнаватэкс груп» і партнёрам Аркадзя Ізраілевіча па бізнесу з’яўляецца Леанід Зайдэс, чыё імя ўжо фігуравала раней вакол будаўніцтва «Бульбашъ-холла».
Другая суўладальніца «Белнаватэкс груп» — грамадзянка Ізраіля Аліна Сурыс, якая, паводле «Нашай Нівы», з’яўляецца фармальным уласнікам, а самім бізнесам займаецца яе сын — Барыс Сурыс.
Леанід Зайдэс і Барыс Сурыс таксама з’яўляюцца даўнімі партнёрамі і валодаюць шэрагам супольных міжнародых актываў. Ім належаць 70 адсоткаў польска-украінскага холдынгу ТАА «МАГ-2000», зарэгістраванага ў 2000 г. у Кіеве. Паводле інфармацыі з афіцыйнага сайту кампаніі, яна займаецца вытворчасцю навагодніх і калядных тавараў, мае завод у Польшчы, у Кіеве і ў родным Зайдэсу Слуцку.
Супраць гэтай кампаніі ва Украіне распачатая крымінальная справа праз азнакі крымінальнага правапарушэння, прадугледжанага ч. 5 арт.15, ч.5 арт.191 КК Украіны. Следчыя падазраюць службовых асобаў ТАА «МАГ-2000» у раскраданні ў 2015 годзе бюджэтных грошай на суму 503 014 грн (прыблізна 19500 долараў). Апроч гэтага вядома, што Зайдэс і Сурыс валодаюць таксама 70% кампаніі ТАА «СК Б.Т.С.», зарэгістраванай у 1994 годзе ў Кіеве.
Кампанія займалася будаўніцтвам і грузаперавозкамі. Неаднаразова прыцягвалася да адказнасці праз здзейсненыя правапарушэнні на рынку каштоўных папер. На гэты момант кампанія знаходзіцца ў стане спынення дзейнасці і мае станам на 01.05.2018 г. падатковы доўг у суме 51 000 грн.
Пазасталымі партнёрамі Аркадзя Ізраілевіча і Леаніда Зайдэса, датычнымі наўпрост да незаконнага будаўніцтва ў Курапатах, як было зазначанае вышэй, з’яўляюцца кампаніі Lenthon Realty LLC і Bealcy Investments Ltd.
Амерыканская кампанія Lenthon Realty LLC валодае 33.3% у СТАА «БелРэстІнвэст» і 29% у «Белнаватэкс груп». Блогер Эдуард Пальчыс знайшоў падрабязную інфармацыю пра ўласнікаў гэтай кампаніі ў дзяржаўным рэгістры амерыканскага штату Ілінойс. Адным з іх з’яўляецца Леон Сагальчык, якому раней належала амерыканская фармацэўтычная кампанія Sagmel, Inc., што стварыла досыць буйны бізнес безрэцэптурных лекаў на тэрыторыі Беларусі, Украіны, РФ і Казахстану, яе профільныя актывы пазней набыла кампанія Bayer HealthCare.
Леон Сагальчык хаця і жыве ў ЗША, але мае інвестыцыйныя інтарэсы ў Беларусі. Другі ўласнік Lenthon Realty LLC — Антон Меліхаў — з’яўляецца ў ЗША даволі вядомым бізнесоўцам і філантропам. Разам з Сагальчыкам ён заснаваў кампанію Sagmel, быў яе прэзідэнтам, а таксама стварыў некамерцыйныя арганізацыі Bright Future International і unite4:good foundation. Паходзіць з Мінска, у 1989 годзе пераехаў у ЗША.
Кампаніі Bealcy Investments Ltd. належыць 16,7% «БерРэстІнвэст» і 14,5% «Белнаватэкс груп». Зарэгістраваная яна на Кіпры ў 2008 г. Паводле інфармацыі з базы дадзеных дзяржаўнай рэгістрацыі кампаній Кіпру можна меркаваць, што яе рэгістрацыя здзейснена на падстаўных асоб, бо кожны з пададзеных дырэктараў афіляваны з больш, чымся 400 кампаніямі.
Характэрна, што Bealcy Investments Ltd. разам з Леонам Сагальчыкам і вядомым беларускім бізнесоўцам Сяргеем Левіным і іншымі суўладальнікамі кампаніі Lebortovo Capital Partners Ltd., інвеставалі 30 млн долараў у пабудову ў Асіповічах парфумава-касмэтычнай фабрыкі «Свабода», перайменаванай потым у «Сонца». Фабрыка вядомая перадусім праз стварэнне брэнду «Мара». Падчас расследавання выяўленае, што адзін з дырэктароў Bealcy Investments — Georgios Chr. Kirou фігуруе ў якасці кіраўніка кампаніі ў Lebortovo Capital Partners Ltd., а таксама ў актыве Сяргея Левіна — Lebortovo Investments Ltd. Можна зрабіць здагадку, што да Bealcy Investments Ltd. можа мець непасрэднае дачыненне сам Сяргей Левін.
Мінскія ўлады аддалі ў арэнду кампаніі «БелРэстІнвэст», афіляванай з Аркадзем Ізраілевічам і згаданымі вышэй замежнымі інвестарамі, досыць вялікую тэрыторыю сталічнай зямлі для будаўніцтва рэстарацыі. Паводле інфармацыі «НН», тэрыторыю з агульнай плошчай 1,2 гектары кампанія арэндуе з канца 2007 года ў два этапы. Сума арэндных плацяжоў складае на год усяго 1401 долар 66 цэнтаў, дамова дзейнічае ажно да 30.10.2106 года. Не кожны нават замежны інвестар можа пахваліцца падобнымі спрыяльнымі для развіцця бізнесу ўмовамі.
Апроч гэтага выдзяленне ў арэнду зямлі з тэрыторыяй ахоўнай зоны можа сведчыць пра значны карупцыйны складнік. Характэрна, што рэстарацыйную дзейнасць на базе збудаванага забаўляльнага комплексу здзяйсняе не «БелРэстІнвэст» і не «Белнаватэкс груп», але апошні фігурант гэтага расследавання — кампанія ТАА «Амізбел».
Вядома, што яна зарэгістраваная паводле рашэння Мінгарвыканкама 16.05.2017 г. з статутным фондам 267 637 рублёў. Яе заснавальнікам і ўласнікам з’яўляецца кампанія «Белнаватэкс груп». Паказальна, што кампанія створана ўсяго праз некалькі месяцаў пасля перамогі грамадзянскай супольнасці ў канфлікце, звязаным са спробай іншых інвестараў збудаваць у ахоўнай зоне Курапатаў бізнес-цэнтр.
Падобныя схемы з дыверсіфікацыяй сродкаў у розныя актывы зазвычай выкарыстоўваюць, каб прадухіліць мажлівыя фінансавыя і рэпутацыйныя страты. Дзеля гэтага і рэгіструюць дадатковыя фірмы-«пракладкі». Дырэктарам «Амізбел» з’яўляецца Святлана Дубкова, якая раней кіравала службай вытворчасці ў мінскіай сетцы кавярняў Cafe Garage.
Як бачым, вакол незаконна збудаванага забаўляльнага цэнтру ў Курапатах засяроджаныя супольныя інтарэсы, сілы і сродкі буйных уласнікаў як будаўнічага, гэтак і рэстарацыйнага бізнесу, якія аперуюць шматлікімі актывамі і значнымі фінансавымі рэсурсамі. Відавочна, што яны досыць паспяхова лабіююць свае інтарэсы ў органах дзяржаўнага кіравання.
Трагедыя з нацыянальным мемарыялам «Курапаты» — гэта сведчанне зацяжной хваробы беларускага грамадства і выклік усім нацыятворчым сілам, якія здатныя і могуць паўстаць супраць руйнавання сакральнага месца і супраць адкрытага здзеквання з соцень тысяч пакутнікаў зямлі беларускай. Бо грош нам цана як нацыі, калі мы не зможам абараніць ці не самае святое для большасці беларусаў месца.