Чытачы абурыліся артыкулам Relax.by пра рэстарацыю ля Курапатаў. Артыкул выдалены (абноўлена)
На беларускім партале Relax.by 12 чэрвеня выйшаў артыкул пра рэстарацыю «Поедем поедим», якая знаходзіцца за 50 метраў ад мемарыялу Курапаты. Многія чытачы і карыстальнікі сацсетак выказалі абурэнне з гэтай нагоды, рэдакцыя адрэагавала на гэта выдаленнем каментароў, піша Радыё Свабода.
Супраць рэстарацыі «Поедем поедим» ад пачатку чэрвеня штодзень адбываюцца акцыі пратэсту. Супраць будоўлі на пляцоўцы, раней вядомай як «Бульбаш-хол», пратэставалі і судзіліся ўжо амаль сем гадоў.
Аднак у артыкуле Relax.by ні аб блізкасці рэстарацыі да Курапатаў, ні аб пратэстах супраць «”кабака” на костках», як яе называюць пратэстоўцы, няма ні слова.
Шэраг карыстальнікаў адзначае рэкламны тон артыкулу, адсутнасць любой крытыкі і пазітыўную ацэначнасць у яскравых эпітэтах. Relax.by сапраўды прапануе рэкламу такога фармату («топ-навіна») за 1490 рублёў, але пазначэння таго, што артыкул рэкламны, на сайце няма.
Раней карыстальнікі адзначалі, што і на старонцы рэстарацыі на Relax.by не прапускалі (і, верагодна, не прапускаюць дагэтуль) негатыўныя каментары — на момант публікацыі там быў толькі адзін пазітыўны, хоць, напрыклад, на мапах Google ва ўстановы сем дзясяткаў негатыўных каментароў.
«Не думаю, што рэстарацыя за 50 метраў ад мемарыялу „Курапаты», месца нацыянальнага смутку, можа быць прывабнай, — каментаваў артыкул гісторык Павал Булаты. — Напэўна, трэба мець асаблівае пачуццё вычварэнства і маральнай дэградацыі, каб адкрыць установу „для разняволенага і спакойнага сямейнага адпачынку» каля месца, дзе штодня цягам чатырох гадоў з 1937-га па 1941 год няспынна ні за што расстрэльвалі людзей».
«Грошы не пахнуць, так?» — абурыўся ў каментарах блогер Антон Матолька.
«Не пытаюся пра сумленне — яго, відаць, няма, — пісаў паэт Андрэй Хадановіч. — Але хоць рэшткі мазгоў ёсць? Гэта ж і немінучае банкруцтва, і ад нядобрай славы ніколі не адмыесся. Журналістам рэкламаваць такое — жахлівы сорам».
Пад артыкулам на сайце на момант публікацыі з'явілася 150 каментароў, але пэўны час яны ўручную выдаляліся. Аперацыйны дырэктар кампаніі Artox (валодае Relax.by, Dom.by, 103.by ды іншымі праектамі) Аляксандар Стэльмах у камэнтарах да паста Матолькі на Facebook абвясціў, што выдаленыя каментары вяртаюць на сайт.
«На жаль, адзін з нашых супрацоўнікаў праявіў звышстараннасць у іх выдаленні, — тлумачыў Стэльмах знікненне крытычных каментароў. — У нас не было намеру чысьціць абмеркаванне або задаваць яму які-небудзь дакладны кірунак. Кожны вольны выказаць сваю думку наконт установы».
Адказаў на іншыя пытанні пра артыкул Стэльмах не даў.
Свабодзе не ўдалося ўзяць каментар у аўтаркі артыкулу Юліі Шамковай або рэдактара сайту — у рэдакцыі Relax.by спачатку абяцалі «ператэлефанаваць пазней», а пасля адмовіліся ад каментароў.
UPD: Праз некаторы час скандальны артыкул быў выдалены з сайта. "Мы не можам не заўважыць, што нават у такім фармаце матэрыял закрануў пачуцці некаторых нашых чытачоў, якія палічылі недапушчальным адкрыццё ўстановы ў непасрэднай блізкасці ад Курапатаў, месцы масавых расстрэлаў беларусаў у міжваенны перыяд. Relax.by — сайт пра рэстараны, моду, забавы, гарадскую жыццё. Значны палітычны і грамадскі рэзананс не з'яўляецца для нас рэдакцыйнай мэтай.
Паважаючы пачуцці і пазіцыю нашых чытачоў, мы прынялі рашэнне выдаліць матэрыял з сайта".