На мяжы з Расіяй затрымалі аўтобус з беларусамі

«Візавых турыстаў» не пускаюць назад у Беларусь без пашпартоў. Аўтобус развярнулі на мяжы.

miazha_9.jpg


Калі іспанскі візавы цэнтр у Мінску закрыўся, беларускія турфірмы пачалі прапаноўваць аўтобусныя паездкі ў Маскву для атрымання шэнгенскіх віз у іспанскай амбасадзе.
Учора групу беларусаў, якія скарысталіся прапановай турфірмы, затрымалі на расійскай мяжы: выезд з Расіі ў Беларусь без пашпартоў (якія засталіся ў амбасадзе) аказаўся незаконным.
Увечары 3 чэрвеня ў рэдакцыю выдання, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім, напісала Алена, якая паехала менавіта ў такі візавы тур, арганізаваны агенцтвам viza5.by. Разам з ёю падавацца на іспанскую мультывізу адправіліся яшчэ каля 40 чалавек.
Першая частка падарожжа прайшла добра: беларусы здалі ў дакументы ў амбасаду, у тым ліку пашпарты, узамен атрымалі іх копіі з адзнакамі і накіраваліся назад, на радзіму, бо візы трэба чакаць 2 тыдні. Жанчына, якая іх суправаджала, спаслаўшыся на нейкую «пастанову», запэўніла, што па гэтых дакументах іх павінны прапусціць на расійска-беларускай мяжы.
Аднак на расійскім памежным пераходзе «Чырвоная Горка» візавых турыстаў адмовіліся прапускаць па выдадзеных копіях пашпартоў — запатрабавалі арыгінальныя дакументы. Развярнулі аўтобус і на іншым памежным пункце — «Рудня». Тут высветлілася, што ніякай «пастановы», якая дазваляе законна перасячы мяжу па атрыманых паперах, няма — вярнуцца дадому без пашпарта беларусы не маюць права.
Паводле слоў Алены, прапусцілі толькі турыстаў з ID-картамі — яны перасеклі мяжу пешшу. Астатнюю групу пасля 4-гадзіннага чакання ў начным лесе каля расійскай мяжы (у аўтобусе не было пітной вады і не працавалі разеткі) павезлі ў гатэль у Смаленск.
«Што далей — незразумела. У многіх няма грошай», — расказвае Алена.
Паслугі візавага агенцтва каштавалі беларусам 440 рублёў з чалавека, плюс спадарожныя выдаткі — страхоўка, сродкі на рахунку, неабходныя для адкрыцця візы (1700 еўра), візавыя зборы і іншае. Ніякай дамовы з агенцтвам таксама ніхто з турыстаў не заключаў і нічога не падпісваў, таму як дзейнічаць у падобнай сітуацыі, яны не ведаюць.
«Неяк усе радасна рынуліся, хутка заплацілі і паехалі. Толькі цяпер усе апамяталіся», — адзначыла жанчына.