Аднаўленне воднага шляху з Балтыкі ў Чорнае мора адмоўна паўплывае на экалогію рэгіёна

У выпадку рэалізацыі міжнароднага праекта аднаўлення воднага шляху Е-40 з Балтыйскага ў Чорнае мора на Прыпяці будзе пабудавана 6 плацін. Адна з іх з'явіцца ля мяжы нацыянальнага парку «Прыпяцкі». Эколагі занепакоеныя магчымымі зменамі гідралагічнага рэжыму Прыпяці і уздзеяннем плацін на навакольнае асяроддзе.



platina.jpg

Праграма транспамежнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна 2007-2013» уключае ў сябе праект «Аднаўленне магістральнага воднага шляху Е-40 на ўчастку Днепр-Вісла». Водны шлях Е-40 даўжынёй больш за 2 тысячы км, мае прайсці па тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Украіны і злучыць Балтыйскае і Чорнае мора. На беларускай тэрыторыі гэты шлях пройдзе па Прыпяці на ўсім працягу яе суднаходнай часткі.

platina2.jpg

На думку прыхільнікаў праекта, аднаўленне воднага шляху Е-40 дасць стымул для развіцця беларускай, украінскай і польскай эканомік дзякуючы актывізацыі гандлю паміж гэтымі краінамі, а таксама ЕЗ і краінамі Усходняга партнёрства, будзе садзейнічаць стварэнню новых працоўных месцаў.

Праект прадугледжвае будаўніцтва 6 плацін на Прыпяці, прапускных шлюзаў, абвалоўвання Прыпяці і выраўноўванне яе рэчышча. Вынікам узвядзення гэтых гідратэхнічных збудаванняў будзе, у тым ліку, змена гідралагічнага рэжыму поймы ракі і спыненне паводак, што ў значнай ступені паўплывае на навакольнае прыроднае асяроддзе.

platina3.jpg

Варыянт рэгулявання р. Прыпяць, які прадугледжвае будаўніцтва 6 плацін

Водны шлях Е-40 праходзіць праз тэрыторыю, дзе размяшчаюцца нацыянальны парк «Прыпяцкі», 10 заказнікаў рэспубліканскага і 13 заказнікаў мясцовага значэння, 30 помнікаў прыроды. Каля 70 відаў жывёл, якія там жывуць, уключаныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Заказнік "Сярэдняя Прыпяць" і нацпарк «Прыпяцкі» з'яўляюцца Рамсарскімі тэрыторыямі — водна-балотнымі ўгоддзямі міжнароднага значэння, маюць статус тэрыторый, важных для аховы птушак. Нацыянальны парк «Прыпяцкі», акрамя гэтага, мае статус ключавой батанічнай тэрыторыі — тэрыторыі з багатай флорай.

platina4.jpg

У снежні 2015 года ў польскім Любліне адбылася заключная канферэнцыя праект «Аднаўленне магістральнага воднага шляху Е-40 на ўчастку Днепр-Вісла».

На гэтым мерапрыемстве Марскі інстытут у Гданьску прадставіў грамадскасці АУНА меркаванага аднаўлення воднага шляху. Была прынятая рэзалюцыя, у якую па ініцыятыве эколагаў ўнеслі прапанову правесці глыбокі экалагічны аўдыт, каб загадзя ацаніць усе рызыкі, звязаныя з аднаўленнем шляху Е-40. У 2016 годзе працягваецца праца Камісіі па пытаннях развіцця воднатранспартнага злучэння Е-40 і вывучэнне эканамічных і экалагічных аспектах і ўмоў для яго аднаўлення. Далейшым крокам будзе вызначэнне статусу Е-40 на міжурадавым узроўні. Рэканструкцыя воднага шляху пачнецца толькі пасля адабрэння гэтага праекта з боку трох краін і вылучэнні фінансавання.