Назад у будучыню

Ніхто не думаў, што чарговая нарада па пытаннях праблемаў будаўнічай галіны для Лукашэнкі з’яўляецца настолькі знакавай. Хутка такія нарады павінны набыць усёабдымны, маштабны, і, не пабаюся гэтага слова, сусветны характар.  



773703.jpg

Здавалася б, ну што такое нарада? Ну, у чарговы раз дакладуць кіраўніцтву пра праблемы галіны, пасыплюць галаву попелам і паабяцаюць у бліжэйшы час вырашыць усе праблемы. Як звычайна, невытлумачальны «бліжэйшы час» расцягнецца немаведама наколькі, бо, як кажа старая савецкая мудрасць, няма нічога больш сталага, чым часовыя цяжкасці. На наступнай нарадзе зноў паабяцаюць, зноў нешта зробяць, але нешта недаробяць. Ізноў пасыплюць галаву попелам — і гісторыя пяройдзе на новы віток гэтага этапу.

Але ж для нашага правадыра такая нарада — гэта падзея. Гэта магчымасць у чарговы раз паказаць, хто ў доме гаспадар, магчымасць прадэманстраваць, што кароль добры, баяры ж кепскія. І таму «сеансы накачкі чыноўнікаў» трэба паставіць на больш сталую аснову. Але прыклад для гэтага Лукашэнка выбраў яўна няўдалы.

Аляксандр Рыгоравіч назваў гэтае мерапрыемства знакавай падзеяй і прызнаўся, што яно бачыцца яму своеасаблівым аналагам пленума Цэнтральнага Камітэта Кампартыі ў савецкія часы, калі з усіх рэгіёнаў збіраліся кіруючыя кадры і адкрыта абмяркоўвалі, сумесна вырашалі важнейшыя пытанні жыцця грамадства. У Беларусі пленумам ЦК павінен стаць фармат рэспубліканскай нарады.

«Такога фармату і шырокага складу ўдзельнікаў патрабуюць як актуальнасць тэматыкі, так і неабходнасць усебаковага абмеркавання рэальнай сітуацыі ў вельмі важных сферах дзейнасці, каб дайсці да кожнага рэгіёна, кожнай арганізацыі. Стаіць задача ўзняць і прапанаваць вырашэнне найбольш злабадзённых і значных для людзей пытанняў развіцця эканомікі і грамадства не толькі на сённяшні дзень, але і сярэднетэрміновую перспектыву», — сказаў Лукашэнка. Ён лічыць, што неабходна часцей, як мінімум раз на паўгода, збірацца ў такім складзе, каб на сістэмнай аснове даваць сігналы ўсяму грамадству аб праблемах, што ўзнікаюць, і шляхах іх вырашэння.

Падаецца, што ключавое выслоўе тут — «даваць сігналы». Таму што «ўзнімаць злабадзённыя і значныя для людзей пытанні» бессэнсоўна. Для гэтага трэба не нарады збіраць, а проста прайсціся па крамах, паглядзець на кошты, зазірнуць у жыроўкі, параўнаць, колькі мы плацім за ўсё і што за гэта мы атрымліваем. Злабадзённыя і значныя пытанні ўзнікаюць не на нарадах. На нарадах узнікаюць глупствы кшталту выязной пошліны ў сто долараў альбо планы па імгненным увядзенні тэхрэгламенту Мытнага саюза для прадпрымальнікаў.

Што тычыцца «шляхоў вырашэння», то тут не шляхі шукаць трэба, а вырашаць праблемы. Вырашаюцца ж праблемы, зноўку, на месцах, а не ў прэзідыумах.

Дый вялікае пытанне, ці вырашала нейкія праблемы ЦК КПСС? Ці было там «адкрытае абмеркаванне» і «сумеснае вырашэнне важнейшых пытанняў жыцця грамадства»? Тыя, хто памятае гэтыя пленумы, ведае, што, сапраўды, нічога апроч «сігналаў» на іх не было. Нельга сказаць, што жыццё ад гэтых пленумаў рабілася лепшым і весялейшым. Пра ролю ЦК КПСС у жыцці народа адказваў сам народ. Прыкладам, па-руску адказ на пытанне: «Што такое ЦК КПСС», гучаў так: «ЦК КПСС — набор глухих согласных». Гэта тычылася як лінгвістычнага складніку, так і персанальнага складу ЦК КПСС. Ніякіх «прарываў» ад «глухіх» і «згодных» чакаць не даводзілася.

Для чаго ж Аляксандру Рыгоравічу спатрэбілася ЦК КПСС? Ды проста для таго, каб напусціць пылу ў вочы і паказаць, што ён, нібыта, кіруе дзяржавай. Хаця па таму, як выконваюцца ягоныя даручэнні, можна смела сцвярджаць — няшмат чым ён і кіруе. Інакш проста не было б гэтай нарады, а ўсе пытанні будаўнічай галіны вырашыліся б пасля аналагічных мерапрыемстваў, якія прайшлі не далей, як у чэрвені гэтага года.

Для таго, каб праверыць эфектыўнасць «ЦК КПСС» у беларускіх умовах, трэба паглядзець на вынікі рэспубліканскай нарады: што ж мы маем у сухім астатку?

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што кошт квадратнага метра жылля па дзяржзамове ў 2014 годзе будзе роўны сярэднямесячнай зарплаце па краіне — гэта ён абяцаў неаднаразова. Ён забараніў ураду і мясцовым уладам самастойна ўключаць праекты ў дзяржаўную інвестыцыйную праграму. Запатрабаваў ад урада дзве рэчы: забяспечыць увядзенне ў Беларусі кантролю допуску на рынак арганізацый і спецыялістаў, якія працуюць у будаўнічай сферы, і ўвесці абавязковае рэзерваванне сродкаў падрадчыкаў для ліквідацыі магчымых дэфектаў пры будаўніцтве. І паведаміў, што ў Беларусі будзе распрацавана і зацверджана тыпавая дамова, якая павінна заключацца паміж грамадзянамі і забудоўшчыкамі пры будаўніцтве жылля. І, канешне ж, ужо па звычцы, у чарговы раз запатрабаваў, каб сітуацыя з «праблемнымі будоўлямі» вырашылася да лета 2014 года.

Можа быць, камусьці ад гэтых патрабаванняў і распрацовак і стала лягчэй. Але, як бачым, ніводных канкрэтных мераў па рашэнні надзённых праблем грамадзянаў прынята не было.

Штосьці з запатрабаванага, можа, палепшыць сітуацыю ў будучыні, але кардынальна яе наўрад ці зменіць. Так і застанецца будаўнічая галіна, па словах кіраўніка дзяржавы, «паедзеная іржой карупцыі». Аніякай нарадай гэтага не вырашыць.

А што далей? А далей Лукашэнка даручыў ураду сумесна з Адміністрацыяй прэзідэнта ўнесці прапановы па галіновай тэматыцы для наступных нарад. На думку кіраўніка дзяржавы, першачарговага разгляду патрабуюць праблемы ЖКГ і развіццё аграпрамысловага комплексу.

З гэтага мы атрымалі толькі ясны «сігнал», каго наступным разам будзе папракаць Аляксандр Рыгоравіч. Яўна гэта будуць не аграрыі. Па-першае, роўна праз паўгады якраз будзе час садзіць бульбу, а па-другое, адрываць аграрыяў ад пасяўной Лукашэнка не наважыцца. Так што рыхтавацца да разносу трэба працаўнікам ЖКГ.