Не нашкодзь ёй! Як пісаць пра хатні гвалт

Грамадскае аб’яднанне «Радзіслава» прэзентавала памятку/метадычку/рэкамендыцыі — тое, чаго не хапала недзяржаўным арганізацыям і сродкам масавай інфармацыі ў сумеснай працы па тэме гендарнага гвалту.

_mg_8245_logo.jpg


Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі і прадстаўніцамі СМІ Вольга Гарбунова з ГА «Радзіслава» адзначыла, што за час працы ў грамадскай арганізацыі назбіралася шмат пытанняў у працы са СМІ. Дый у СМІ пры вялікім вопыце час ад часу ўзнікаюць розныя праблемы. Як засцерагчы супрацоўніцтва з пацярпелымі і не нашкодзіць чытачам/гледачам/слухачам апасродкавана? Як дапамагчы грамадству стаць больш інфармаваным і свядомым у тэме гендарнай гвалту? Як ўплываць на фармаванне новых каштоўнасцяў: правоў чалавека, негвалтоўнасці, салідарнасці і раўнапраўя?

_mg_8234_logo.jpg


Прэзентаваная метадычка магла бы мець назву «18 пунктаў пра набалелае», але называецца «Супрацоўніцтва без траўмаў: як асвятляць тэму гендэрнага гвалту ў адносінах да жанчын у СМІ бяспечна».Варта адзначыць, што прэзентацыя брашуры адбылася ў дзень закрыцця выставы «Традыцыйныя каштоўнасці» ў Галерыі Ў, якую ладзіла ГА «Радзіслава». Выстава пазіцыянавалася як арт-дыскусія на тэму традыцыйных каштоўнасцей і іх уплыў (ці неўплыў) на праблему хатняга гвалту. Але, як той кажа, выстава закрываецца, а праблемы застаюцца.

_mg_8244_logo.jpg


У беларускім грамадстве адсутнічае рэальнае ўяўленне аб распаўсюдзе хатняга (і іншага гендарнага) гвалту ў дачыненні да дзяўчынак, дзяўчат і жанчын, уключаючы людзей, якія маюць досвед жаночай сацыялізацыі. Мінімальная магчымасць кожнага паўплываць на гэта — выкарыстоўваць карэктную лексіку — мову, якая не дае ацэнак і не навешвае цэтлікаў.
Мы прывядзем толькі пяць правілаў асвятлення тэмы гендарнага гвалту ў дачыненні да жанчын. У 2018 годзе ўжо з упэўненасцю можна сцвярджаць, што кожны з нас — прадстаўнік сродкаў масавай інфармацыі: у сацыяльных сетках і месэнджарах. І нават ад такой дробязі, як выкарыстанне правільных словаў у тых жа каментарах, постах у сацыяльных сетках, можна шмат змяніць у агульнай карціне краіны.

1. «Не нашкодзь!»

Вядома, словы «гвалт» і «небяспека» знаходзяцца ў адной плоскасці. Таму ў працы з пацярпелай трэба разумець і ўзровень сваёй адказнасці. Гэта той рэдкі выпадак, калі журналіст(ка) перастае быць проста журналістам(кай). Тут не патрабуецца аб’ектыўная падача інфармацыі.
Задача журналіста(кі), працуючы з пацярпелай, — забяспечыць яе інфармацыйнай бяспекай. Што пад гэтым разумець? Не раскрываць у матэрыяле дадзеных пра яе месцазнаходжанне, рэальныя прозвішчы і імёны. Вольга Гарбунова які ўжо раз падкрэслівае, што не трэба злоўжываць даверам пацярпелай. Нават калі яна згодная на публічны розгалас свайго прозвішча, фотаздымкі, усё роўна трэба папярэдзіць яе пра магчымыя наступствы. І калі пацярпелая нікуды не звярталася за дапамогай, абавязкова падзяліцеся з ёй кантактамі службаў дапамогі. Не забывайцеся на іншых: у матэрыял змясціце актуальныя кантакты службаў дапамогі. Як бачым, у дадзеным кантэксце, вы — ужо не проста журналіст(ка), а спраўдны(ая) праваабаронца.

img_20181206_114324_logo.jpg


2. «Называй людзей і з'явы сваімі імёнамі»

Здавалася б, што можа быць больш зразумелым, чым гэтае правіла. Але больш за ўсё праблем, якія ляжаць на паверхні, — менавіта тут. Не выкарыстоўвайце «мову варожасці» ў матэрыяле ці каментарах, і не транслюйце міты і стэрэатыпы пра гвалт. Дарэчы, праваабарончая ініцыятыва «Журналісты за талерантнасць» запусціла сэрвіс для праверкі тэкста на некарэктную лексіку па тэматыцы ўразлівых груп, дзе можна прасканаваць свой тэкст на карэктнасць.
Пры напісанні тэкстаў кіруйцеся правілам: называй людзей і рэчы сваімі імёнамі. Гэта значыць — не падменьвайце паняцці. «Згвалтаванне» ніколі не азначае «сэкс» ці «непастаянныя адносіны». Гэта злачынства з прымяненнем гвалту, якое мае юрыдычныя наступствы. Гвалт, у сваю чаргу, ніколі не можа быць «канфліктам» ці «сямейнай спрэчкай». «Хатні гвалт» адрозніваецца ад «канфлікта» тым, што гэта сістэматычныя інцыдэнты гвалту, мэта якіх — падпарадкаванне іншага чалавека, атрыманне ўлады і кантролю над ім.
У адносінах да пацярпелай ад хатняга гвалту слова «ахвяра» не выкарыстоўваецца, бо гэтае азначэнне аўтыматычна выключае магчымасць супраціўлення з боку жанчыны. Дарэчнымі словамі ў дадзеным кантэксце з’яўляюцца «пацярпелая ад гвалту», альбо «перажыўшая гвалт».
Некарэктным тэрмінам будзе і словазлучэнне «злачынства на глебе страсці» ў адносінах да забойстваў жанчын, што з’яўляюцца ахвярамі гендарнага гвалту, — таму што «злачынстваў на глебе страсці» папросту не існуе.

_mg_8249_logo.jpg


Важна выкарыстоўваць правільныя тэрміны, бо менавіта так гвалт становіцца нормай: спачатку моўнай, а потым — сацыяльнай, культурнай і палітычнай. Выкарыстанне некарэктнай лексікі пры размове з пацярпелай ад гвалту ў матэрыяле — самы лёгкі сродак нанесці ёй дадатковую шкоду. Але памятайце з першага пункта: «Не нашкодзь!»



3. «Для чаго гэта ўсё?»

Перад тым, як пачынаць пісаць артыкул, адкажыце самому сабе на пытанне: «Дзеля чаго гэта робіцца?» Матываваць пацярпелых звяртацца па дапамогу ў адпаведныя органы? Павысіць дасведчанасць пра віды і формы гвалту? Мэтаў можа быць шмат, але прадстаўнікі(цы) ГА «Радзіслава» адзначаюць, што пры гэтым мэты — не павінны супярэчыць першым двум пунктам.
Эксперты «Радзіславы» параўноўваюць тэму хатняга гвалту са своеасаблівым квадратам з раўназначнымі бакамі: злачынства, здароўе, правы чалавека і грамадства. Насамрэч, калі капаць глыбей, то бачна, што складнікамі хатняга гвалту з’яўляюцца вялікія кіты. Гендарны гвалт — гэта злачынства, якое трэба прадухіляць і караць. Тут — замах на жыццё і годнасць чалавека. І гэта ўжо парушэнне фундаментальных правоў чалавека, прадугледжаных Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека.
Вядома, імгненна вырашыць усе праблемы, звязаныя з правамі чалавека, яго ментальным здароўем немагчыма. Але калі мы зацікаўленыя ў павышэнні дабрабыту грамадства, тэма гендарнага гвалту — тое праблемнае поле, з якога можна пачынаць працу.

4. Не займайце пазіцыю Шэрлака Холмса!

Не раз адзначалася спецыфічнасць тэмы гендарнага гвалту, таму і інструменты па падрыхтоўцы матэрыялаў на гэтую тэму адрозніваюцца ад іншых. Фактчэкінг у дадзеным кантэксце зводзіцца толькі да праверкі правільнасці прыведзенай статыстыкі і згаданых службаў дапамогі.
Журналісты(кі) не павінны праводзіць расследаванняў па сітуацыі хатняга гвалту, ставіць дыягназ пацярпелым — праз каментары псіхолагаў і міліцыі па канкрэтнай сітуацыі. Эксперты «Радзіславы» звяртаюць увагу, што гэта, як мінімум, некарэктна: ставіць пад сумневы словы таго, хто вам даверыўся. Дый расследаванне па такой тэме — не кампетэнцыя журналістаў(ак).
Размова ідзе пра пазіцыю агрэсара. Па статыстыцы, у сітуацыях, звязаных з гвалтам, жанчына гаворыць праўду ў 73% выпадкаў. А мужчына, які здзейсніў гвалт — толькі ў 10%.
На падставе гэтага Вольга Гарбунова раіць суправаджаць гісторыю пацярпелай ад гвалту не словамі агрэсара, якія абвяргаюць яе, а каментарамі экспертаў, што спецыялізуюцца на праблемах гендарнага гвалту.

_mg_8238_logo.jpg


5. «Не абясцэньвайце!»

Яшчэ адна асаблівасць працы з тэмай гендэрнага гвалту — абавязковае ўзгадненне тэксту. Эксперты «Радзіславы» адзначаюць, што адмова ўнясення правак у матэрыял — гэта таксама прычыненне шкоды пацярпелай. Працуючы з пацярпелай ад гвалту важна ўлічваць рызыкі паўторнай траўматызацыі гераіні матэрыяла.
Будзьце гатовыя, што пацярпелыя ад гвалту ў апошні момант папросяць не публікаваць матэрыял. І гэта абгрунтавана. Фармуліроўкі матэрыяла, візуальная яго частка, могуць ставіць яе ў небяспечнае становішча, якое яна дагэтуль недаацэньвала. Дык не абясцэньвайце яе перажыванні!
Падрахоўваючы прыведзеныя правілы, адкажыце на пытанне: «Ці гатовы я працаваць з гэтай тэмай на такіх умовах?» Безумоўна, пісаць трэба, і пісаць трэба шмат, але калі ты не гатовы, то лепш адмовіцца ад гэтай ідэі, каб не нанесці нікому новай шкоды.
Матэрыял падрыхтаваны ў межах кампаніі па павышэнню медыйнай бачнасці ўразлівых сацыяльных груп «Дайце слова!» праваабарончай арганізацыі «Журналісты за талерантнасць» сумесна з ARTICLE 19 пры падтрымцы Пасольства Вялікабрытаніі ў Мінску. Усе матэрыялы кампаніі можна знайсці па хэштэгу #stophateby.