Мы памятаем. 21 год таму знік Дзмітрый Завадскі

Журналіст Дзмітрый Завадскі знік па дарозе ў аэрапорт «Мінск-2» пры нявысветленых абставінах. Яму было 27 гадоў...

07ef48bd_a5fd_4214_a96d_e2ce9cdc4738_logo_1_1.jpg


За гэтыя гады праваахоўныя органы Беларусі так і не адказалі на пытанні, хто быў арганізатарам і выканаўцам гэтага злачынства і што насамрэч здарылася з Дзмітрыем.
Па факце знікнення Завадскага была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле «Забойства», аднак потым абвінавачанне было перакваліфікавана на «Выкраданне і незаконнае пазбаўленне чалавека волі».
14 сакавіка 2002 года Мінскі абласны суд прызнаў вінаватымі у выкраданні Дзмітрыя Завадскага афіцэраў спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка (асуджаныя на пажыццёвае зняволенне), былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза (асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі), а таксама беспрацоўнага грамадзяніна Сяргея Савушкіна (ужо выйшаў на волю).
Паводле абвінавачання, матывам злачынства стала помста: маўляў, Завадскі публічна абвінаваціў Ігнатовіча, якога зімой затрымалі ў Чачне, ва ўдзеле ў вайне на баку чачэнскіх байцоў. Аднак ніхто з асуджаных не прызнаў сваёй віны ні па адным з эпізодаў. Больш за тое, у інтэрв'ю Ірыне Халіп для «Новай газеты» «Праўда пра эскадроны смерці» былая жонка Дзмітрыя Святлана Завадская сказала, што ў судзе высветлілася: затрыманне здымаў не «Першы канал», а НТВ, і зусім іншы аператар. Таксама аказалася, што следчыя перадалі справу ў суд, нават не высветліўшы час і месца злачынства.
Журналіст Павел Шарамет за два дні да пачатку судовага працэсу даў прэс-канферэнцыю ў Маскве, на якой распавёў, што замовіў выкраданне тагачасны генеральны пракурор Беларусі Віктар Шэйман. Вясной 2000 года ён займаў пасаду кіраўніка Савета Бяспекі і мог быць зацікаўленым у тым, каб знішчыць сведку дзеянняў беларускіх спецслужб у Чачні.
27 лістапада 2003 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў зніклага журналіста памерлым. Між тым, цела Дзмітрыя Завадскага дагэтуль не знойдзена.
20 ліпеня 2004 года на прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што мае дакументы, якія могуць ператварыць справу Завадскага ў «антысправу». Што ён меў на ўвазе і чаму гэтыя дакументы дагэтуль не апублікаваныя — невядома.
4 жніўня 2004 года маці Дзмітрыя Вольга Завадская звярнулася ў пракуратуру Рэспублікі Беларусь з заявай аб аднаўленні справы: Вольга Рыгораўна патрабавала правесці пракурорскую праверку інфармацыі, агучанай Лукашэнкам. Аднак пракуратура не адрэагавала на яе заяву.
І далей расследаванне па справе аб знікненні Завадскага некалькі разоў аднаўлялася — «у сувязі з наноў адкрытымі абставінамі» — і прыпынялася зноў — са спасылкай на «необнаружение безвестно исчезнувшего лица», аднак выніку не прынесла.
7 ліпеня 2005 года падчас акцыі «Ланцуг неабыякавых людзей» супрацоўнік АМАПа моцна ўдарыў Святлану Завадскую кулаком у твар.
Вясной 2016 года Святлана Завадская як пацярпелая па справе аб знікненні Завадскага двойчы звярталася ў Следчы камітэт з хадайніцтвам пра атрыманне інфармацыі па крымінальнай справе і копій шэрагу працэсуальных дакументаў.
Святлана Завадская прасіла Следчы камітэт паведаміць, ці аднаўлялася папярэдняе расследаванне справы і калі не — то па якіх прычынах. Таксама яна прасіла выдаць ёй копіі пастаноў пра ўзбуджэнне крымінальнай справы, вылучэнне матэрыялаў у асобную вытворчасць і прыпыненне вытворчасці па крымінальнай справе. Яна ўказала, што копіі працэсуальных дакументаў ёй неабходныя для абскарджвання дзеянняў (бяздзеяння) органа крымінальнага пераследу.
У адказ Святлане Завадскай паведамілі, што вытворчасць па крымінальнай справе прыпыненая і што закон не прадугледжвае права пацярпелага атрымліваць копіі названых працэсуальных дакументаў.


Палітыкі, журналісты і праваабаронцы лічаць, што Завадскага, а таксама Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, выкралі так званыя «эскадроны смерці». Паводле папярэдняга заключэння праваабаронцаў, асноўнымі падазраванымі па справе па выкраданнях і забойствах Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага з’яўляюцца Аляксандр Лукашэнка, Віктар Шэйман (тагачасны кіраўнік Савета бяспекі), Юры Сівакоў і Уладзімір Навумаў (у розныя часы — міністры ўнутраных спраў), Дзмітрый Паўлічэнка (тагачасны камандзір в/ч 3214) і Мікалай Васільчанка (тагачасны начальнік Службы бяспекі прэзідэнта). Высновы беларускіх праваабаронцаў былі пацверджаны ў 2004 годзе ў адмысловым дакладзе дэпутата Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Хрыстаса Пургурыдыса, які праводзіў уласнае расследаванне.

Грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» заклікала прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці не забываць пра справу Завадскага і не даваць забыць яе ўладам да таго часу, пакуль мы даведаемся ўсёй праўды пра гэтае злачынства, пакуль не будуць названыя імёны яго натхняльнікаў і выканаўцаў. Кампетэнтныя органы павінны правесці поўнае і аб'ектыўнае расследаванне абставін знікнення Дзмітрыя Завадскага.