Не раздражняйце прэзідэнта ў крызіс!

Падобна на тое, што беларуская апазіцыя сваімі бясконцымі прапановамі давяла такі беларускага прэзідэнта да белага калення. Аляксандр Лукашэнка, які штодня думае пра тое, як выйсці з эканамічнага крызісу, стаміўся ад бухцення пад руку. А тут яшчэ і іншыя пасажы.



cf004fdc76fa1a4f25f62e0eb5261ca3.jpg

Падобна на тое, што беларуская апазіцыя сваімі бясконцымі прапановамі давяла такі беларускага прэзідэнта да белага калення. Аляксандр Лукашэнка, які штодня думае пра тое, як выйсці з эканамічнага крызісу, стаміўся ад бухцення пад руку. А тут яшчэ і іншыя пасажы.
Нервовую рэакцыю беларускага прэзідэнта, пэўна, выклікаў візіт лідэра АГП Анатоля Лябедзькі і экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна ў Еўропу. Па выніках візіту яны распавялі, што, «выстройваючы адносіны з Беларуссю, Еўропа павінна кіравацца еўрапейскімі каштоўнасцямі і мараллю, а не вузкімі эканамічнымі інтарэсамі».
Паводле слоў Казуліна, беларускія ўлады робяць некаторыя крокі па дэмакратызацыі, але яны «не з’яўляюцца сістэмнымі, інстытуцыянальнымі, а закліканыя толькі здымаць кропкі напружанасці».
Кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька зазначыў, што Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы ставяць перад сабою задачу сфармаваць кааліцыю краін, якія гатовы адстойваць маральныя прынцыпы ва ўзаемаадносінах з Беларуссю. «У прыватнасці, мы разлічваем на Літву, Нідэрланды, Швецыю, Вялікабрытанію», — сказаў палітык.
Лябедзька зазначыў, што «некаторыя еўрапейскія палітыкі, калі глядзяць на Лукашэнку, бачаць у ім гаранта беларускага суверэнітэту, ахоўніка газавай трубы, які гарантуе транзіт газу ў Еўропу». «Сваю пазіцыю яны называюць прагматычнай, «рэальнай палітыкай». Нам хацелася б, каб у аснове адносінаў з Беларуссю ляжала не «рэальная палітыка», а еўрапейскія каштоўнасці», — заявіў палітык.
Вось гэтыя «несістэмныя крокі» ды «нам хацелася б», хутчэй за ўсё, і выклікалі ў прэзідэнта эмацыйны выбух.
«Як толькі мы з еўрапейцамі паспрабавалі дамовіцца, і працэс гэты пайшоў, у іх гэта выклікала істэрыю. Не верце, што гэтыя людзі — за адмену санкцый. Калі б мы апублікавалі ўсё, што мы ведаем пра апазіцыю і пра тое, як яна «працуе» ў Бруселі, Страсбургу і іншых гарадах Еўропы і Амерыкі, вы б жахнуліся», — заявіў прэзідэнт.
«Некаторыя «вялікія дзеячы», якіх мы памілавалі і з турмаў павыпускалі, аж вішчаць — ужо ў адкрытую, не стрымаліся — маўляў, трэба патрабаваць ад беларускіх уладаў, даваць ім дамашняе заданне, каб яны яго выконвалі, ціснуць і цкаваць іх у момант крызісу і гэтак далей (…) Гэта не апазіцыя, гэта — пятая калона, ворагі беларускага народа», — упэўнены Лукашэнка.
«Вось пазіцыя нашай вашывай апазіцыі. Падкрэсліваю — вашывай. Ніякая гэта не апазіцыя. Гэта ворагі беларускага народа, я гэта адказна заяўляю, ведаючы, пра што яны гавораць і чаго яны хочуць. Яны гатовы прадацца сёння любому, толькі б скруціць галаву Лукашэнку, ускочыць у яго крэсла самім і дэстабілізаваць становішча ў краіне. Не атрымаецца, пакуль я жывы», — заявіў Лукашэнка, наведваючы ААТ «Віцебскдрэў».
А апазіцыя ўсё бухціць і бухціць.
Але беларускія апазіцыянеры адразу далі «адкат назад», заявіўшы, што ў нейкім зрыве дыялогу Беларусі з Еўропай вінаватыя не яны, а самі ўлады. «Беларуская апазіцыя не можа сарваць дыялог улады з Еўропай, таму што такога дыялогу няма», — лічыць лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі.
«Дыялогу ўлады з Еўропай няма. Ёсць перамовы паміж уладай і еўрапейскімі чыноўнікамі, у якіх апазіцыя не бярэ ўдзел. Таму штосьці сарваць немагчыма. А дыялог пачнецца тады, калі ў гэтых перамовах будзе браць удзел і апазіцыя, і грамадзянская супольнасць Беларусі», — сказаў Баршчэўскі.
І адразу ж апазіцыянеры атрымалі яшчэ адзін, «асіметрычны», як зараз модна казаць, адказ. Мінгарвыканкам прапанаваў змяніць маршрут акцыі 25 сакавіка з нагоды Дня Волі.
Арганізатары акцыі планавалі прызначыць збор удзельнікаў у 18.00 на пляцоўцы перад будынкам прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук і затым пайсці на Кастрычніцкую плошчу. Аднак заяўнікаў акцыі выклікалі ў Мінгарвыканкам, дзе паведамілі пра адмоўны адказ на прапанаваны маршрут. Замест гэтага прагучала традыцыйная прапанова: прайсці па вуліцы Сурганава да плошчы Бангалор.
Што будуць рабіць з такім адказам заяўнікі акцыі, пакуль невядома. Вядома толькі, што ў мінулым годзе Дзень Волі скончыўся брутальным разгонам дэманстрантаў, якія планавалі прайсціся па цэнтры горада. Але ж тады «дыялога» не было...
І ўвогуле, чаму трэба швэндацца па горадзе, калі ў краіне крызіс? Трэба працаваць, і як мага больш падтрымліваць айчыннага вытворцу. Як гэта зроблена, прыкладам, у Брагіне.
Работнікам 52 арганізацый Брагінскага раёна прапанавана набыць кожнаму па 10 кілаграмаў рэпчатай цыбулі. Пра гэта гаворыцца ў распараджэнні Брагінскага райвыканкама.
«У сувязі з адсутнасцю рынкаў збыту на цыбулю і з мэтай яе рэалізацыі абавязваю кіраўнікоў усіх формаў уласнасці набыць у КСУП «Брагінка» цыбулю для патрэбаў сваіх работнікаў у кошт заработнай платы з разліку 10 кілаграм на працуючага», — напісаў у распараджэнні першы намеснік Брагінскага райвыканкама Валянцін Хмелянка.
Зараз цыбулю будуць набываць сельскагаспадарчыя арганізацыі, сельсаветы, аддзелы райвыканкама, аддзяленні «Беларусбанка», «Белаграпрамбанка» і БРСМ.
Старшыня Брагінскага райвыканкама Аляксандр Ятчанка нават пакрыўдзіўся, чаму гэта рашэнне выклікала такі рэзананс. «Цыбулю мы прапаноўваем па 450 рублёў за кілаграм, а ў крамах яна каштуе больш за тысячу. З рэалізацыяй цыбулі наогул у дзяржаве ёсць праблема, 60 працэнтаў цыбулі завезлі звонку. Вось з чым трэба было б разбірацца. Чаму завезлі цыбулю? Напэўна, хтосьці мае ў гэтым інтарэс, у тым, каб яе завозіць у Беларусь», — сказаў старшыня райвыканкама.
Цікава, калі брагінскую цыбулю не хочуць набываць нават па коштах удвая ніжэй за рынкавыя, то што гэта за цыбуля? Хацелася б на яе паглядзець. Улічваючы, што Брагінскі раён лічыўся найбольш пацярпелым ад аварыі ў Чарнобылі, можа, гэта цыбуля свеціцца ў цемры? Можна б было яе «таўкнуць» замест лямпачак.