Не верыць гараскопам?
Кажуць, як год сустрэнеш, так яго і пражывеш. З гэтага пункту гледжання нас чакае ў 2015-м шмат цікавых падзей і навінаў. Бо 1-га студзеня мы прачнуліся ў крыху іншай краіне, чым тая, што была ў 2014-м.
З 1-га студзеня на тэрыторыі Беларусі, Расіі і Казахстана афіцыйна пачаў дзейнічаць Еўразійскі Эканамічны Саюз — ЕАЭС. Афіцыйную дзейнасць ён пачаў у вельмі неспрыяльных умовах. Гэта найперш тычыцца «гандлёвай вайны» Расіі і Беларусі на фоне расійскага харчовага эмбарга заходніх прадуктаў. Яна нікуды не падзелася.
Наперадзе ЕАЭС таксама чакаюць вялікія цяжкасці, у прыватнасці, гэта тычыцца нашай выгады ў гэтым саюзе. Калі мы пра яго дамаўляліся, барэль нафты каштаваў каля 100 долараў. З саюза мы атрымлівалі дазвол пакідаць у 2015-м палову экспартных пошлінаў за нафту ў бюджэце «сінявокай» у памеры паўтары мільярды долараў.
Аднак зараз кошт нафты ўпаў удвая, адправедна, павінны знізіцца і экспартныя пошліны. Да таго ж Расія ўвяла «падатковы манеўр», які замяняе гэтыя экспартныя пошліны ўнутраным расійскім падаткам. То бок, ад меркаваных палутара мільярдаў у бюджэт краіны мы атрымаем… Колькі? Гэта вялікая загадка, але сума знізіцца добра, калі на траціну, а не ўдвая.
У новым 2015-м годзе нам трэба сплаціць каля 4-х мільярдаў долараў па вонкавых пазыках. Калі разлік на экспартныя пошліны не спраўдзіўся, трэба шукаць іншыя грошы. Як заўсёды — ў насельніцтва.
З 1-га студзеня памер базавай велічыні павялічаны з 150 тысячаў рублёў да 180 тысячаў. Базавая велічыня не вельмі ўплывае на нашыя заробкі — гэта не мінімальны спажывецкі бюджэт і не пражытковы мінімум. Затое на што яна ўплывае канкрэтна — гэта на памеры плацяжоў і штрафаў, якія разлічваюцца акурат з гэтай самай «базавай». Такім чынам, бюджэт папаўняецца за кошт насельніцтва.
Крышку ўзрастуць кошты з яшчэ адной прычыны. З 1-га студзеня Нацбанк спыняе выпуск 50-рублёвых купюраў і пачынае выводзіць іх са звароту. Адпаведна, кошты будуць акруглены да сотні.
Праўда, расплаціцца ў краме 50-рублёўкамі можна будзе яшчэ да 1 ліпеня 2015 года, а банкі будуць прымаць іх да 1 верасня.
Вельмі складана ў новым годзе прыйдзецца прэсе. З 1 студзеня набывае моц новы Закон аб друку і сродках масавай інфармацыі, які беларускі парламент прыняў літаральна напярэдадні Новага года. Гэты закон дазваляе Міністэрству інфармацыі блакаваць інтэрнэт-сайты і зачыняць выданні не толькі за канкрэтныя парушэнні. Раней СМІ маглі закрыць за распаўсюджванне інфармацыі ад імя незарэгістраваных арганізацый, прапаганды наркотыкаў, псіхатропаў, вайны, экстрэмісцкай дзейнасці. А з 1 студзеня забараняецца таксама распаўсюд «інфармацыі, якая здольная нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».
Хто будзе вызначаць, якая інфармацыя «наносіць шкоду нацыянальным інтарэсам» і ў чым палягаюць нацыянальныя інтарэсы? Ва ўлады бачанне «нацыянальных інтарэсаў» адно, а ў Партыі БНФ — зусім іншае. Улада не здолела выпрацаваць дзяржаўную ідэалогію, не кажучы ўжо пра такое паняцце, як «нацыянальныя інтарэсы».
Прыклад гэтаму мы ўжо пабачылі напрыканцы мінулага года, пад час блакіроўкі шэрагу незалежных інтэрнэт-сайтаў, у якую патрапілі нават афіцыйна зарэгістраваныя ў Беларусі СМІ, у тым ліку адзінае беларускае недзяржаўнае агенцтва навінаў БелаПАН. Згодна нарадзе ў міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, уся віна гэтых сайтаў была ў тым, што яны публікавалі меркаванні экспертаў наконт валютнага крызісу і дэвальвацыі беларускага рубля, чым спарадзілі «дэвальвацыйныя чаканні» і ажыятаж на валютным рынку.
Увогуле, дэвальвацыйныя чаканні і ажыятаж на валютным рынку — гэта віна Нацбанка і Мінэканомікі, але расплочваліся за яе перш за ўсё незалежныя СМІ.
Зазначым, што паводле гэтага закону Мінінформ можа блакаваць не толькі сайты СМІ, але і ўсе сайты, якія «перыядычна распаўсюджваюць інфармацыю», нават прыватныя блогі.
Нялёгкі год будзе і для папяровых СМІ. Згодна новаму закону, улады ствараюць рэестр распаўсюднікаў сродка масавай інфармацыі. Распаўсюд СМІ без уключэння ў рэестр забаронены.
Калі рэдакцыі яшчэ здольныя патрапіць у гэты рэестр, то што рабіць добраахвотным распаўсюджвальнікам? Альбо прадпрымальнікам, якія гандлююць, сярод іншых тавараў, і газетамі? Таксама дваць заяўку на патрапленне ў рэестр? Папяровы «Новы Час» дагэтуль не распаўсюджваюць дзяржаўныя манапалісты — «Белпошта» і «Белсаюздрук», і мы трымаемся на ўласнай службе распаўсюду і добраахвотніках, якія нам у гэтым дапамагаюць. Што нам зараз рабіць з кожным гэтым чалавекам?
Але мы паспрабуем выжыць. І не такое праходзілі.
Ну і нас чакае гарачая восень. У гэтым годзе ў Беларусі — прэзідэнцкія выбары, якія маюць прайсці не пазней за 20 лістапада. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына агучыла найбольш верагодную дату — нядзеля, 15 лістапада. Згодна з Выбарчым кодэксам, вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь пачынаецца за 80 дзён і заканчваецца за 50 дзён да выбараў. А ініцыятыўныя групы кандыдатаў у прэзідэнты рэгіструюцца і таго раней — за 85 дзён да выбараў. То бок, на выбары мы «стартанем» недзе 20-га жніўня і ўсю восень будзем слухаць чарговыя «абяцанкі-цацанкі».
А працэс падрыхтоўкі да выбараў пачнецца яшчэ раней, недзе ў ліпені. Бо ініцыятыўныя групы трэба ж сфармаваць? Так што прэсе пра летні адпачынак можна забыцца. Калі яна, канешне, да гэтага лета дажыве…
Карацей, расслабляцца ў 2015-м нам не прыйдзецца.
Як кажуць гараскопы, 2015 год па кітайскім (ўсходнім) календары — год зялёнай або сіняй драўлянай казы. Каза возьме стырно ў сваё капыта 19 лютага. Кітайцы лічаць, што год Казы «ўнясе глыбокія перамены ў кожную сферу нашага з вамі жыцця. Запальчывасць, упартасць, непрадказальнасць — вось якія, не вельмі пахвальныя, характарыстыкі ўласцівыя гэтаму знаку гараскопа. Будаваць якія-небудзь глабальныя планы гараскоп на 2015 год не раіць. У год Козы гэта справа бескарысная і няўдзячная. Упёртая Каза паверне ўсё па-свойму, і ўсе задумкі прыйдзецца пераглядаць ў аўральным парадку. Пасля спакойнага і ўраўнаважанага года Каня да капрызнасці і наравістасці Казы трэба будзе прызвычаіцца. Вядома, Каза усімі сіламі імкнецца да дабрабыту, любові і шчасця. Але вось тое, як яна будзе дасягаць сваіх мэтаў спадабаецца не кожнаму» — напісана ў інтэрнэтах.
Але ўсе прачытаныя аўтарам гараскопы сыходзяцца ў адным: год Казы стане важным перыядам, які прынясе шмат пераменаў. Тое, што ўжо адбылося адразу ж, 1-га студзеня — лішняе таму пацверджанне.
Вось і не вер пасля гэтага гараскопам!