Уцёкі з падводнай лодкі
Беларуская міжнародная палітыка ў 2014 годзе парушыла шмат сваіх шаблонаў і, магчыма, заклала асновы новай вонкавай дактрыны. Але лёс рэжыму ў наступным годзе па-ранейшаму залежыць ад Масквы.
У навагоднім віншаванні АГЛ на 2014 год не было ніводнага сказу, прысвечанага міжнароднаму стану Беларусі. Гарант умудрыўся ўзгадаць нават статыстыку вяселляў, але міжнародную тэматыку апусціў. З іншага боку, такі падыход спічрайтараў ягонага віншавальнага тэксту быў лагічным. Нашто казаць пра тое, што і так заставалася нязменным практычна з 2010 года: пасля Плошчы Мінск аказаўся ізаляваны на сусветнай арэне, абапіраючыся выключна на Крэмль. Сімвалічна ў гэтай сувязі выглядала тое, што 25 снежня Пуцін выпісаў Беларусі чарговы крэдыт, які ў прэсе называлі навагоднім падарункам.
Адзіным незвычайным нюансам у паводзінах Мінска на міжнароднай арэне ўзімку 2013–2014 гг. было больш асцярожнае стаўленне да падзей на Майдане. У адрозненне ад часоў «Аранжавай рэвалюцыі», Лукашэнка неяк вяла сімпатызаваў Януковічу і нават спрабаваў перакласці на ягоны клан адказнасць за ўвесь сыр-бор. Пісалі, што ў Мінску баяцца, каб разварот Кіева ў бок Масквы пасля адмовы падпісваць Пакт аб Асацыяцыі з ЕС не павялічыў колькасці халяўшчыкаў каля крамлёўскай кармушкі.
Застой у беларускай дыпламатыі цягнуўся да канца лютага, калі ў Крыму з’явіліся «зялёныя чалавечкі». Па досведзе Абхазіі і Паўднёвай Асеціі думаецца, што Мінск адкрытым тэкстам анексіі паўвостраву ніколі б не прызнаў — як заўсёды, хітрыў бы і дурыў галаву тэмамі пра славянскае братэрства. Аднак з Крымам усё выглядала больш сур’ёзна, чым у 2008-м на Каўказе. Украіна і Беларусь (а таксама Казахстан) абапіраліся на аднолькавую прававую базу, якая гарантавала ім суверэнітэт і тэрытарыяльнае адзінства. Гутарка ідзе пра Будапешцкі мемарандум, які Расія парушыла падчас крымскай авантуры. Перспектыва рымейку крымскага сцэнару недзе ў Гомелі або Віцебску відавочна напужала гаспадароў Драздоў. Ужо 28 лютага Уладзімір Макей гучна заявіў: «Самае важнае — захаваць тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і незалежнасць Украіны».
Спачатку аналітыкі скептычна ацэньвалі шансы Мінску застацца ўбаку ад крыжовага паходу Масквы на дапамогу рускамоўным Украіны. Аднак сітуатыўны альянс з Астаной, дзе таксама былі ў шоку ад навінаў з Крыму, і важнасць для Масквы праекту Еўразійскага эканамічнага саюзу (ён быў падпісаны пазней, у красавіку) далі Лукашэнка прастору для манеўру і дазвол на вольныя кантакты з майданаўскім урадам. Праўда, некаторыя лічаць, што Пуцін з-за нейкіх стратэгічных опцый сам настаяў, каб Лукашэнка выйшаў на пострэвалюцыйнае кіраўніцтва ў Кіеве.
Трэба адразу сказаць, што чырвоную лінію, якая магла б раз’юшыць Крэмль, падчас кантактаў з майданаўцамі Мінск не парушыў. Гэта было дасягнута за кошт таго, што РБ рабіла ўвесь час дыяметральныя па сэнсу крокі і заявы. Так, 28 сакавіка Мінск галасуе ў ААН супраць рэзалюцыі пра тэрытарыяльнае адзінства Украіны, а ўжо 29-га Лукашэнка прымае ў сябе Аляксандра Турчынава. Альбо: Мінск заклікае Маскву ўзмацніць кантынгент расійскіх вайсковых самалётаў у Баранавічах, аднак у інтэрв’ю Савіку Шустэру Лукашэнка называе крымскія акцыі Масквы «агрэсіяй».
Пасля пачатку вайсковых дзеянняў на Данбасе лексіку айчыннай дыпламатыі ўзбагачае тэрмін «беларуская пляцоўка для мірных перамоваў». З улікам апісаных вышэй кульбітаў, іншай альтэрнатывы, падаецца, не было. 26 жніўня ў Мінску адбыўся саміт Мытнага саюза з удзелам дэлегацыі з Еўрасаюза і асаблівага госця — Пятра Парашэнкі. Цяпер Мінск канчаткова асядлаў функцыю медыятара — Мінск становіцца месцам сустрэчы ўдзельнікаў канфлікту на Данбасе.
Новы імідж Мінска плюс расклад у рэгіёне, гледзячы па ўсім, прымусілі Захад пераглядзець канцэпцыю «апошняга дыктатара Еўропы» (сваю ролю тут, безумоўна, згуляла і вызваленне Алеся Бяляцкага 21-га чэрвеня). Брусэль таксама ўзнагародзіў АГЛ кампліментам за ягоную міратворчую місію. Хутка на бераг Свіслачы падцягнулася дэлегацыя Штатаў, якая пачала весці перамовы пра частковую адмену санкцый. Як ні парадаксальна, рэакцыя на такога кшталту рандэву ў беларускім грамадстве хутчэй асцярожная. Некаторыя дэмакраты пачалі казаць пра пагрозу «азербайджанізацыі» Беларусі, калі геапалітыка будзе для Брусэля і Вашынгтона больш істотнай, чым правы чалавека.
Іншая фракцыя дэмакратаў рэагавала на амуры Мінска з Захадам народным фразеалагізмам — «куды ты падзенешся з падводнай лодкі?» Прывязка Беларусі да Расіі вельмі моцная. Нават у галаву не ўкладваецца, як эканоміка «сінявокай» можа існаваць без рознага кшталту субсідый з Усходу. Аднак глыбокая восень 2014-га прынесла адзнакі таго, што рэсурсы Крамля пад уплывам санкцый пачынаюць таяць — з усімі наступствамі.
Ілюстрацыяй новага трэнду стала, безумоўна, мытная вайна паміж сябрамі Мытнага саюза, якая па іроніі гісторыі выбухнула напярэдадні 20-й гадавіны стварэння Саюзнай расійска-беларускай дзяржавы. Пасля таго, як Расія ўвяла эмбарга на пастаўкі заходніх прадуктаў, на яе рынак хлынуў паток забароненай садавіны і сыроў праз межы саюзных дзяржаў. Напрыклад, праз расійска-беларускую мяжу сталі паступаць не толькі тоны беларускага малака, але і экзатычныя прадукты. У выніку Рассельгаснагляд распарадзіўся спыніць транзіт еўрапейскіх прадуктаў праз расійска-казахскую і расійска-беларускую межы, фактычна абвінаваціўшы Мінск у кантрабандзе.
Рэакцыяй Мінска стала рашэнне «вярнуць на мяжу мытныя слупы», увёўшы мытны нагляд расійскіх фураў. Прычым зроблена гэта было літаральна за месяц да пачатку працы Еўразійскага эканамічнага саюза, які Масква разглядае як рубеж постсавецкай рэінтэграцыі. Відавочна, што за інтэграцыю трэба плаціць, аднак ці здольная на гэта Масква ва ўмовах імклівай дэвальвацыі рубля?
З іншага боку, у Масквы ёсць сродкі каб не даць Мінску стаць геапалітычным ванькам-устанькам. «Падзенне курсу беларускага рубля таксама непазбежна, пытанне толькі ў тым, калі і наколькі ён зваліцца і ці паўторыцца сітуацыя 2011 года, якая прывяла да так званых маўклівых акцый пратэсту ў Беларусі. А ў 2015 годзе ў Беларусі прэзідэнцкія выбары, відавочна, што Лукашэнка прагназуе і разумее, што ісці на выбары да грамадзян, прыбыткі якіх абваляцца ў 2–3 разы ў доларавым эквіваленце, даволі небяспечна і складана», — пішуць расійскія «Аргументы и Факты», даючы зразумець, што лёс рэжыму ў наступным годзе залежыць ад волі Масквы.
Ці пагодзіцца на такую пастаноўку пытання Мінск або паспрабуе працягнуць «ўцёкі з падводнай лодкі», мы даведаемся ў наступным годзе.