Маці загінулага расійскага салдата сцвярджае, што ваенных адпраўляюць ва Украіну па "ўказанні зверху"
Расійскія ваенныя часткі адпраўляюць салдат на Данбас па "ўказанні зверху". Пра гэта распавяла маці аднаго з загінулых на Украіне вайскоўцаў Антона Туманава. З ёй удалося пагутарыць журналісту брытанскай газеты "The Telegraph" Тому Парфіту.
![384619838.jpg 384619838.jpg](/img/v1/news/full/384619838.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Маці Антона Туманава каля яго магілы
Алена Туманава, якой 41 год, кажа, што яе 20-гадовы сын загінуў 13 жніўня ў Снежным у выніку абстрэлу "Градам".
"Адзінае, чаго я не магу зразумець, — за што ён аддаў сваё жыццё. Чаму мы не маглі даць людзям ва Украіне самім вырашыць свае праблемы? Чаму, калі ўлада накіравала Антона туды, чаму яны не могуць гэта прызнаць і расказаць, што менавіта з ім адбылося?" — кажа яна.
Паводле афіцыйнай версіі, якую агучылі маці, Туманаў загінуў падчас "нясення службы" на "пазіцыі часовай дыслакацыі вайсковай часткі 27777" — часткі 18-й мотастралковай брыгады, якая базуецца ў Чачні. У даведцы аб смерці Антона Туманава, якую выдалі ў Растове 18 жніўня, указана, што ён памёр ад "раненняў у выніку выбуху", пры гэтым пра прычыны ранення ўказана, што яно "не ўстаноўлена".
Цела салдата ў родны Казьмадзям'янск (рэспубліка Мары Эл) даставілі яшчэ праз пяць дзён. Алена Туманава распавяла, што размаўляла з маёрам часткі ў Чачні па тэлефоне. Той пацвердзіў, што яе сын быў забіты ва Украіне, але ваенны адмовіўся паведаміць якія-небудзь падрабязнасці. Паводле яго слоў, загад [аб адпраўцы салдат ва Украіну, — рэд.] "быў дадзены зверху ў вербальнай форме".
Перад гібеллю сам Антон Туманаў распавёў родным, што ў сярэдзіне ліпеня ён быў накіраваны ў Растоўскую вобласць на мяжу з Украінай "на вучэнні". Потым ён распавядаў сваёй дзяўчыне Насці Чарновай пра тое, што ён выязджаў ва Украіну і суправаджаў пастаўкі зброі і ваеннай тэхнікі.
Пазней, 10 жніўня, ён ператэлефанаваў маці і сказаў: "Заўтра яны адпраўляюць нас у Данецк. Мы будзем дапамагаць міліцыі". На наступны дзень ён распавёў маці: "Мы здаем дакументы і тэлефоны. Яны выдалі нам па дзве гранаты і па 150 патронаў кожнаму". Праз некалькі гадзін ён напісаў на сваёй старонцы ВКонтакте: "Здаў тэлефон. Паехаў ва Украіну".
Па словах таварыша Тумана па зброі, яны перасякалі мяжу з Украінай 11 і 12 жніўня. "А 13 жніўня ў абед калона трапіла пад абстрэл, у якім Антон і загінуў. У гэты момант мы былі ва Украіне, у Снежным", — напісаў маці таварыш загінулага.
Дзяўчына Туманава сцвярджае, што ў тэлефонных размовах ён адмаўляў, што быў добраахвотнікам. "Антон не быў добраахвотнікам. Ён не хацеў ехаць ва Украіну ваяваць і забіваць людзей. У ім не было той агрэсіі", — сказала яна.