Рассельгаснагляд: Ветслужба Беларусі не ліквідуе прычыны паставак небяспечнай прадукцыі

Ветэрынарная служба Беларусі не прымае мер па ліквідацыі прычын паставак у Расію небяспечнай у ветэрынарна-санітарных адносінах прадукцыі, гаворыцца ў паведамленні Рассельгаснагляду па выніках нарады, што прайшла 28 снежня з удзелам кіраўніка ведамства Сяргея Данкверта.



belorusskie_produkty3915397.jpg

Сярод іншага на нарадзе былі разгледжаны вынікі "аналітычнага вывучэння прычын і ўмоў, што прывялі да трапляння ў гандлёвы абарот на тэрыторыі Расіі небяспечнай жывёлагадоўчай прадукцыі, вырабленай беларускімі мяса- і малакаперапрацоўчымі прадпрыемствамі".


"Па экспертнай ацэнцы, асноўнай прычынай з'явілася тое, што кампетэнтнымі органамі Беларусі не праводзіцца своечасовая актуалізацыя нарматыўна-прававых актаў у сферы ветэрынарыі і харчовай бяспекі", — гаворыцца ў паведамленні Рассельгаснагляду.


Зазначаецца, што на працягу 2014 года Рассельгаснаглядам у адрас ветэрынарнай службы Беларусі былі накіраваны 43 звароты па фактах неадпаведнасці падкантрольнай прадукцыі па паказчыках бяспекі патрабаванням Мытнага саюза, на якія было атрымана толькі 7 адказаў. 
"Нягледзячы на сур'ёзнасць такой сітуацыі, інфармацыя Рассельгаснагляду своечасова не накіроўваецца цэнтральным апаратам беларускай ветэрынарнай службы і да рэгіянальных служб, і да вытворцаў для аператыўнага прыняцця адэкватных карэкціровачных мер. Па стане на сённяшні дзень беларускім бокам матэрыялы аб ліквідацыі парушэнняў, выяўленых расійскімі інспектарамі падчас апошняй інспекцыі беларускіх прадпрыемстваў, так і не прадстаўлены ў Рассельгаснагляд. Пры гэтым такія матэрыялы павінны былі быць прадстаўлены не пазней за 23 снежня гэтага года", — канстатуе расійскае ведамства. 
Паведамляецца таксама, што 28 снежня Сяргей Данкверт падчас тэлефонных перамоў "паўторна давёў занепакоенасць Рассельгаснагляду па ўсім комплексе двухбаковых адносінаў" да галоўнага дзяржаўнага ветэрынарнага інспектара Беларусі Васіля Півавара.
Нагадаем, на мінулым тыдні памочнік кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандр Радзькоў заявіў журналістам, што пошукам вінаватых у сітуацыі з пастаўкамі беларускай прадукцыі зоймуцца следчыя органы Беларусі і Расіі. Паводле слоў Радзькова, калі гэта тэма абмяркоўвалася прэзідэнтамі Беларусі і Расіі, то расійскі кіраўнік зазначыў, што гэтыя рашэнні прымаліся без яго ведама. 
"Таму запрасілі і кіраўніка расійскай мытні, Данкверта (кіраўнік Рассельгаснагляду). І яны спрабавалі апраўдацца. Але як можна апраўдацца Рассельгаснагляду, калі па нейкіх парушэннях вы адразу закрываеце 21 прадпрыемства, а потым пачынаеце правяраць... А там, аказваецца, нармальная вытворчасць еўрапейскага ўзроўню з усімі стандартамі, з добрай прадукцыяй. Будуць разбірацца, аж да крымінальных спраў", — сказаў памочнік Лукашэнкі. 
Беларускі кіраўнік таксама заявіў, што абмежаванне Расіяй транзіту тавараў з Беларусі было ўведзена без узгаднення з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным і без ведама Еўразійскай эканамічнай камісіі. 
"Насуперак усім міжнародным нормам нам забаранілі транзіт тавараў з беларускай тэрыторыі. Гэта ўсё зроблена ў аднабаковым парадку, без якіх-небудзь кансультацый, абыходзячы Еўразійскую эканамічную камісію і, больш за тое, як стала вядома ў выніку сённяшніх перамоў з Уладзімірам Уладзіміравічам, без яго згоды", — сказаў Лукашэнка 23 снежня ў Маскве на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета. 
У лістападзе Рассельгаснагляд абвясціў аб узмацненні жорсткасці ўмоў транзіту расліннай прадукцыі з Беларусі ў сувязі з падазрэннямі ў рээкспарце тавараў з краін ЕС. Пазней была уведзена забарона на ўвоз у Расію прадукцыі шэрагу беларускіх мясакамбінатаў і птушкафабрык. Афіцыйнай прычынай забароны названа выяўленне ў гэтай прадукцыі бактэрый, мікраарганізмаў, антыбіётыкаў і геному віруса афрыканскай чумы свіней.
Аляксей Арэшка, БелаПАН