Ніхто не хацеў паміраць за Мегары, або Дробная нагода для вялікай вайны
Згадаем пра адзін з першых у гісторыі выпадкаў увядзення эканамічных санкцый — прычым дзейсных санкцый, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
Гэта было ў часы, калі з-за суперніцтва Афін і Спарты грэчаскі свет быў расколаты на дзве часткі. Адна палова падтрымлівала Афінскі марскі саюз, іншая – Пелапанескі саюз, у якім запраўляла Спарта. Сілы супернікаў былі прыкладна роўнымі, таму ваяваць адно з адным ні Афіны, ні Спарта не хацелі. Не з-за міралюбнасці, а па прычыне здаровых апасенняў у зыходзе вайны.
А якраз паміж двума саюзамі, прама ля паўднёвых межаў Атыкі, размяшчаўся маленькі гарадок Мегары. Але, паколькі яму не вельмі пашанцавала з размяшчэннем, вектар геапалітычнай лаяльнасці ў горада Мегары часта мяняўся.
І вось падчас чарговай змены вектара лаяльнасці ў Мегарах пры нявысветленых абставінах загінуў афінскі пасол. Афінскія ўлады адразу ж абвінавацілі Мегары ў правакацыі і парушэнні правілаў дыпламатычнага этыкету, прынятых паміж прыстойнымі людзьмі.
Каб пакараць Мегары, афінскія ўлады ўвялі супраць горада гандлёвую блакаду. Забаранілі купцам з Мегараў гандляваць з гарадамі, якія ўваходзілі ў Афінскі марскі саюз.
Гэта, дарэчы, быў адзін з першых у гісторыі выпадкаў увядзення эканамічных санкцый. І дзейсных санкцый.
Увесь росквіт горада Мегары залежаў ад гандлю. Сам горад быў не ў стане забяспечыць сябе нават хлебам у дастатковых колькасцях.
Гэта значыць, разлік быў на тое, што мегарцы, калі згаладаюцца, зменяць вектар лаяльнасці ў правільны бок. І што Пелапанескі саюз не стане ўвязвацца ў канфлікт. Максімум —выкажа вельмі глыбокія заклапочанасці. Таму што ніхто не хоча паміраць за Мегары.
І спачатку яно быццам бы ўсё да таго і ішло. Спартанцы зусім не хацелі ўвязвацца ў вялікую вайну з-за дробнай крыўды маленькага гарадка. Няхай нават гэты гарадок быў іх саюзнікам. Ну, гэта значыць, спартанцы рабілі грозныя вербальныя інтэрвенцыі і выказвалі самыя глыбокія заклапочанасці. Але ваяваць не хацелі. Таму што недарэчна ж спартанцам паміраць за Мегары.
Вельмі можа быць, што далей глыбокіх заклапочанасцяў справа б і не зайшла, калі б не іншыя спартанскія саюзнікі. Таму што саюзнікі асцерагаліся, што эмбарга супраць Мегараў было такім маленькім эксперыментам. І, што калі гэта эксперымент скончыцца паспяхова, то афіняне захочуць эксперыментаваць далей. Урэшце Карынф, другі па велічыні горад Пелапанескага саюза, прыгразіў, што ён выйдзе з такога саюза. Што калі спартанцы не хочуць абараняць саюзнікаў, то Карынфу яны таксама больш не саюзнік.
Вайна, якая пачалася пасля гэтага і якой усе баяліся і ўсе чакалі, доўжылася 27 гадоў і скончылася поўным разгромам Афін. І вядома, пра гандлёвае эмбарга супраць маленькага гарадка Мегары, якое стала падставай для вялікай вайны, да таго часу ўжо мала хто памятаў…