«Выбалботваючы планы Пуціна, Лукашэнка падае сігнал: ратуйце мяне, а заадно і сябе ад гэтага вар'ята»

Лукашэнка спадзяецца, што ягоныя дзеянні ацэняць не сучаснікі, а будучыя пакаленні. І нават будуць ацэньваць не дзеянні, а матывы. І ў той жа час пасылае сігнал Захаду аб тым, каб яго абаранілі ад вар’яцкіх дзеянняў Пуціна. Менавіта такі сэнс прамоваў у Гарадзенскай вобласці бачыць аналітык Сяргей Чалы.

Ілюстрацыйнае фота з cryptonews.com

Ілюстрацыйнае фота з cryptonews.com

— Мерапрыемства ў Гродне было само па сабе вельмі дзіўным, — сказаў Сяргей Чалы ў эфіры шоу Ноч з Чалым. — Гэта нават не ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае адкрыццю бальніцы, і не мерапрыемства, прысвечанае закладцы каменя ў падмурак гэтай бальніцы. Гэта закладка капсулы з пасланнем нашчадкам у камень, закладзены ў падмурак будучай бальніцы.

Сэнс гэтага паслання не важны, ён банальны. Як яны напісалі — «мы жывем мірным і шчаслівым жыццём, але наша сэрца баліць». Хочацца сказаць яшчэ: лапы ломіць, хвост адвальваецца.

На самай справе значна важней, навошта гэта пасланне наогул спатрэбілася. Лукашэнка матывуе гэта сапраўднымі намерамі, якія павінны ўбачыць будучыя пакаленні.

Гэта значыць ён спадзяецца, што ацэньваць будуць не ягоныя дзеянні, а матывы. І што на цяперашніх спадзявацца ўжо немагчыма, таму, можа быць, калісьці нашчадкі зразумеюць і даруюць.

І няма нічога незвычайнага: Лукашэнка, як і ўсе дыктатары, хацеў бы, каб яго судзіў не звычайны суд, а суд гісторыі, суд вечнасці. Але ў даным выпадку смешна, што наступленне «вечнасці» для Лукашэнкі аказваецца падазрона хуткім.

Ён сам кажа, што пасланнем нашчадкам з'яўляецца не толькі закладзены тэкст, але і сама бальніца, якая будзе пабудаваная. Яму сказалі, што бальніцу плануюць пабудаваць за 50 месяцаў, на што Лукашэнка адказаў, што гэта доўга і даў тэрмін у два гады. Гэта значыць, як у старажытных людзей: усё, што за лікам сем — азначала шмат, так для Лукашэнкі чатыры гады і ўсё, што за імі — вечнасць.

Чалы таксама адзначае, што кіраўнік Беларусі заўсёды хацеў увайсці ў гісторыю чалавекам, пры якім бы наша краіна не аказалася ўцягнутай у вайну.

— Але высветлілася, што яго менш турбуе рэальны міжнародна-прававы статус суагрэсара ў вайне, якая ідзе, чым вайна з NATO, якая, з ягоных слоў, абавязкова не адбудзецца.

Глядзіце таксама

Чалы працытаваў Лукашэнку, калі той звяртаўся да палякаў, літоўцаў і латышоў, тлумачачы, што яны «не збіраюцца нападаць на гэтым участку» (сам кіраўнік тады знаходзіўся ў Ашмянскім раёне).

— Гэта значыць Лукашэнка сказаў, каб усе ведалі, што менавіта цяпер, менавіта на іх, менавіта тут і менавіта з Пуціным наступаць не будзем. Больш за тое, ён нават патлумачыў, як менавіта ён не будзе нападаць, на якія менавіта правакацыі на мяжы яны рэагаваць не будуць.

Гэта значыць, ён апісаў, як вайна будзе адбывацца і як яна не павінна пачацца. Ён нават намаляваў сцэнар, як менавіта не будуць паводзіць сябе войскі NATO, калі ён на іх не нападзе пасля правакацыі, якая не здарыцца.

Гэта было б абсалютным глупствам, калі толькі не выказаць здагадку, што Лукашэнка на самай справе паказальна і прастадушна прагаворвае планы Пуціна, якога ён спецыяльна згадаў. Тут і інцыдэнт правакацыі на мяжы, і рэакцыя саюзнікаў.

Навошта ён гэта робіць? Выбалботваючы планы Пуціна, ён жа на самай справе падае сігнал аб дапамозе: ратуйце мяне, а заадно і сябе ад гэтага вар'ята.

Як высветлілася, ніякіх ілюзій ад зыходу гэтай вайны ён ужо не мае.

Паводле Салідарнасці