Ніна, якая шпацыруе са сцягам. Фотагісторыя пра Ніну Багінскую — сімвал беларускага пратэсту
Яе затрымлівалі і адбіралі ў яе бел-чырвона-белыя сцягі, якія яна шые. Яе судзілі і штрафавалі за грамадзянскую пазіцыю. Але яна працягвае выходзіць на вуліцу, з гонарам несучы свой сцяг, надаючы людзям надзею, піша «Белсат».

30
снежня 2020 года ўжо легендарнай Ніне Багінскай споўнілася 74 гады. Фатографка
Таня Капітонава шпацыравала з ёю ў Мінску амаль пяць месяцаў і задакументавала,
як невысокая і далікатная пенсіянерка сталася сімвалам масавых пратэстаў і
прыкладам для ўсіх пакаленняў беларусаў.




Беларуская апазіцыйная актывістка, Ніна Багінская бярэ ўдзел у пратэстах з
1988 года, а ў 2020-м зрабілася асабліва вядомаю пасля фразы «Я гуляю!»,
сказанай амапаўцам, калі тыя не хацелі прапусціць яе з бел-чырвона-белым
сцягам. Праз сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю і крытыку ўлад Багінская
неаднаразова атрымлівала штрафы.





Незалежная фатографка і журналістка з Мінска Таццяна Капітонава з 2015 года
стварае праекты на сацыяльныя тэмы, у тым ліку ў кааперацыі з беларускімі
мастакамі і актывістамі. Супрацоўнічае з Getty Images, часопісам «Большой»,
34mag, Citydog ды іншымі незалежнымі медыямі. Выстаўлялася ў Беларусі,
Швейцарыі ды Польшчы.





— Я пачала фатаграфаваць Ніну пры канцы жніўня 2020 года ў часе самых масавых пратэстаў у гісторыі Беларусі. Добра памятаю 29 жніўня, калі ўпершыню дамовілася правесці з ёю цэлы дзень. Мы сустрэліся на плошчы Перамогі на жаночым маршы. Хвілін з пяць Ніна была ў атачэнні людзей, а пасля смела выйшла з сцягам на пустую праезную частку. Усе на імгненне заціхлі, а потым пачалі пляскаць у далоні. Колькі жанчын пайшлі следам за Багінскай. Падышлі амапаўцы, але хутка адышлі, зразумеўшы, што яны — у меншасці, — распавадае Таня. — Я назірала за ўсім збоку і не наважылася падысці бліжэй. Спачатку здавалася, што заставацца побач небяспечна: Ніна прыцягвае шмат увагі. Але потым зразумела: быць побач — найбольш бяспечна. Багінская заўжды аточаная людзьмі, а сілавікі не затрымліваюць тых, хто ідзе побач. На жаль, сітуацыя хутка змянілася — пачалі затрымліваць нават за сэлфі з Нінай.
У жніўні Нінаю пачалі цікавіцца розныя медыя, а мінакі цвердзілі: сустрэць Багінскую на маршы — добры знак. «Мы толькі дзеля вас і выходзім», — сказаў адзін хлопец, убачыўшы Ніну ў Курапатах, і хутка ўключыў франтальную камеру.



Усе хацелі сфатаграфавацца з Багінскай, і яна нікому не
адмаўляла. Спачатку Ніна на секунду нерухомела і пазіравала, але з цягам часу,
здаецца, перастала звяртаць увагу на смартфоны і камеры. Проста ішла і гаварыла пра
тое, што ёй рупіць.
Найчасцей на маршах Ніна разважала пра свабоду, гонар і годнасць. Казала пра тое, што ў Беларусі мусяць адбыцца сумленныя выбары, вінаватыя за зверскія здзекі мусяць быць пакараныя, а палітычныя зняволеныя — вызваленыя з турмаў.
Яна з лёгкасцю распавядала пра сябе, пра працу геолагам і
швачкаю, пра захапленне роварным спортам і ёгаю, пра атрыманую ў юнацтве
траўму і посттраўматычную эпілепсію. Апошняя — прычына амлеласцей Багінскай.
Так у пачатку гэтага лета Ніна ўпала на разагрэтую газавую пліту. У выніку давялося ампутаваць частку сярэдняга пальца.
Аднойчы мы разам ездзілі да яе на лецішча. Я захаплялася, як асцярожна Ніна ставіцца да рэчаў і прадуктаў. Яна збірае і сушыць скрыпень, вырошчвае зеляніну і садавіну, а ўдома перароблівае старое адзенне і сама шые сцягі.



Багінская «запазычылася» дзяржаве амаль 16 тысяч долараў
штрафаў. Ніна лічыць іх незаконнымі і кажа, што не збіраецца «фінансаваць»
рэжым Лукашэнкі і яго сілавікоў. НДА ўжо неаднойчы прапаноўвалі ёй сваю дапамогу,
але Багінская адмаўляецца. Яна кажа, што ёй стае.
Мне здаецца, Ніна не адразу прызвычаілася да ўвагі і людзей,
якія захапляюцца ёю і жадаюць выказаць сваю ўдзячнасць. Яна шмат разоў
адмаўлялася ад падарункаў і кветак, ад прапаноў адвезці яе дадому аўтамабілем
або таксоўкаю.
Толькі аднойчы я сустрэлася з негатывам у яе бок. Суседкі
з двара круцілі пальцам ля скроні, убачыўшы Багінскую. Эмоцыі астатніх
беларусаў заўжды аднолькавыя: Ніна Багінская — гэта захапленне, трымценне і выбух радасці.