Нягледзячы на глаукому і перанесены рак. 66-гадовай пенсіянерцы далі 14 сутак
66-гадовай пенсіянерцы Зоі Кароткінай, якая знаходзіцца ў стадыі рэмісіі па анкалогіі, суддзя Цэнтральнага раёна Карсюк даў 14 сутак адміністрацыйнага арышту. Сведка Аляксандр Аляксандраў, даючы паказанні, не змог нават назваць яе імя.
Учора ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска прайшло пасяджэнне
па ч. 1 арт. 23. 34 Каап па справе 66-гадовай Зоі Кароткінай. Яе затрымалі ў
суботу, 23 студзеня, піша Onliner.
— У вас маецца якая-небудзь група інваліднасці? — спытаў у
пачатку паседжання суддзя Карсюк.
— Ужо няма, — адказала Зоя Уладзіміраўна.
— Памер вашага сярэднямесячнага даходу?
— 520 рублёў пенсія.
— У стане цяжарнасці знаходзіцеся?
— Не, вядома, — здзіўлена адказвае пенсіянерка. Суддзя
тлумачыць правы і абавязкі патэнцыйнай правапарушальніцы і зачытвае пратакол. У
гэты час Зоя Кароткіна моцна кашляе.
— Я не згодная толькі з тым, што я свядома ўдзельнічала, і
што я ўдзельнічала з кімсьці ўдваіх, і што я мела ў руках, што вы там кажаце,
сімволіку? — сказала Зоя Уладзіміраўна. — Я прызнаю сябе вінаватай у тым, што я
не ведала, што парушаю нейкія законы. Няведанне не вызваляе ад адказнасці, таму
я вымушаная прыняць пакаранне. Але я зусім апалітычны чалавек і не ўнікала ва
ўсе гэтыя справы, якія мяне не цікавяць. А аказалася, што ёсць такія справы. Я
ішла ў краму і спынілася паглядзець, што адбываецца.
Суддзя перапыняе яе і кажа, што час для дачы тлумачэнняў у
жанчыны яшчэ будзе.
— Ну я проста спяшаюся, я ж не ведаю ўсёй гэтай цырымоніі. Я
не прызнаю сябе вінаватай, не ўдзельнічала ні ў якіх маніфестацыях, — адзначае
яна і адмаўляецца ад далейшых тлумачэнняў.
Згодна з пратаколам яе паказанняў, яна паказвала знак «віктары» аўтамабалям, што праязджалі па праспекце Незалежнасці і сігналілі. Але Зоя Уладзіміраўна кажа, што гэта не яе словы. Яна распавяла,
што спачатку па праспекце ехала калона з дзяржаўнымі сцягамі, а потым сігналілі
яшчэ нейкія машыны. Да яе падышла іншая пенсіянерка, яны сталі размаўляць, а
потым Зою Кароткіну ўзялі за локаць і павялі да машыны.
— Я ўжо гадоў дзесяць не гляджу тэлевізар і не цікаўлюся,
што наогул адбываецца, — кажа яна.
Сведка, як і чакаецца, Аляксандраў Аляксандр Аляксандравіч.
— А хто такі Аляксандраў? Сведка нейкі ці хто? — удакладняе
пенсіянерка.
Суддзя не адказвае на яе пытанне і пераходзіць да апытання сведкі, пасля чаго заяўляе аб змене анкетных звестак. Па традыцыі выступае сведка па Skype і ў масцы. Гэта міліцыянт Цэнтральнага РУУС Мінска. Сілавік прадказальна распавядае, што разам з АМАПам затрымаў двух чалавек, якія «парушалі грамадскі парадак, пікетавалі ў мэтах выказвання сваіх асабістых палітычных настрояў. Падчас пікетавання грамадзянка [неразборліва] Вера Уладзіміраўна знаходзілася з іншым удзельнікам пікету, які трымаў у руках бел-чырвона-белы сцяг».
Суддзя перапыняе сведку і ўслых выпраўляе прозвішча, імя і
імя па бацьку затрыманай.
— Кароткінай? — здзіўлена перапытвае сведка, ўзнікае
працяглая паўза. — А-а-а, усё зразумеў.
Ён распавядае тое ж самае, толькі нібыта пра Зою
Уладзіміраўну, кажа, што яна трымала сцяг. Да яе паварочваюць камеру, міліцыянт
кажа, што пазнае яе. Пенсіянерка адмаўляе, што ў кагосьці з іх была сімволіка.
— Я спадзяюся, што сведка не выконвае якой-небудзь
спецзаказ, а проста сапраўды мяне з кімсьці пераблытаў, — падсумоўвае Зоя
Кароткіна. — Я не адчуваю сябе вінаватай у нейкім злачынстве, вінаватая толькі
ў тым, што не сачу за навінамі палітыкі. Да таго ж у мяне вельмі слабае
здароўе: нават калі б хацела [удзельнічаць у мерапрыемствах], то не змагла б,
таму што я вельмі стамляюся. У мяне была анкалогія, вельмі цяжкае лячэнне на
працягу не аднаго дзесяцігоддзя. Зараз я ў рэмісіі, нават сёння мяне ванітавала
і кружылася галава, таму што за акном змяняецца надвор'е. Прыміце, калі ласка,
пад увагу, што ў нас з гэтай жанчынай не было ніякай сімволікі-звычайная
бабская размова. Мы дзве пажылыя гаварлівыя бабы.
Суддзя, не раздумваючы, прызнаў пенсіянерку вінаватай і даў
ёй 14 сутак адміністрацыйнага арышту.
— Я асуджаная на 14 сутак? Я правяду тут 14 сутак? — у
здзіўленні перапытала яна. Суддзя Карсюк паўтарыў рашэнне і агучыў тэрміны
магчымага абскарджання.
— Я не ведаю, як гэта рабіць, ды і не вытрымаю. Гэта не ў
маіх сілах, таму паеду сядзець, — завяршыла дыялог пажылая жанчына.
Onliner пагутарыў з мужам Зоі Уладзіміраўны, Анатолем. Ён
кажа, што быў у вёсцы на дачы, яго жонка патэлефанавала яму як раз прыкладна
падчас свайго затрымання, але нічога сказаць не паспела. Мужчына зразумеў, што
здарылася нешта нядобрае. Пазней даведаўся, што яе забралі ў РУУС, і
накіраваўся туды. Чакаў каля гадзіны, а потым яму сказалі, што спісы будуць
толькі пасля 12 гадзін ночы, абмяняўся тэлефонамі з міліцыянтам. У тры гадзіны
ночы быў прапушчаны званок, але да таго часу Анатоль ужо заснуў.
— Раніцай мне набралі ўжо з Акрэсціна, сказалі, што яна там
і што я магу прывезці для яе лекі-таблеткі і кроплі. Я ўзяў яшчэ з сабой пару
апельсінаў, бананаў і Вадзіцы, але іх не ўзялі: прымаюць толькі лекі, — сказаў
мінчук.
На Акрэсціна тры тыдні не прымаюць перадачы. Па-ранейшаму
вінаваты каронавірус
Па словах Анатоля, пасля хіміятэрапіі ў яго жонкі пашкоджаныя лёгкія, таму яна цяжка пераносіць нават невялікія скразнякі і перамены надвор'я — пачынае кашляць і чхаць.
— Праапераваная з усіх бакоў — і зверху, і знізу. Я ўжо не
памятаю нават, колькі «хімій» у яе было. І з вачыма ў яе
праблемы — глаўкома, і з ціскам — цэлы букет хвароб, пастаянна носіць з сабой
шмат таблетак. Невядома, як яна там выжыве. Спадзяюся, што яна была цёпла
апранутая. Але ці дадуць ёй насіць цёплую вопратку ў гэтых казематах, я не
ведаю. Кажух, спадніца ў яе была доўгая, — успамінае муж затрыманай.
Мужчына кажа, што не чакаў адміністрацыйнага арышту для
жонкі. Ён не быў на судовым пасяджэнні: даведаўся пра яго за пяць хвілін да
пачатку.
— Я думаў, што яе адпусцяць. Трымаць такіх людзей... Ну якую
яны ўяўляюць пагрозу дзяржаве? Што яны яму зробяць? Думаў, можа, штраф які дадуць. Але столькі сутак! Аб якой чалавечнасці тут можна казаць? — задае ён
рытарычнае пытанне.
Анатоль Паўлавіч распавядае, што яго жонку пачалі апераваць у Бараўлянах яшчэ ў 1987 годзе — акурат пасля аварыі на ЧАЭС.
— У яе была інваліднасць, але яе знялі некалькі гадоў таму.
Напэўна, каб не плаціць пенсію, — у нас жа ўсё сацыяльна арыентавана.
Пятага лютага Зоі Кароткінай споўніцца 67 гадоў. Свой дзень
нараджэння яна сустрэне ў няволі.