Няма чым плаціць

Больш за 200 чалавек у Шклоўскім раёне маюць запазычанасць па аплаце жыллёва-камунальных паслуг.

Днямі шклоўская раённая газета «Ударны фронт» у двух нумарах апублікавала вялікі спіс кватэранаймальнікаў, якія маюць запазычанасць па аплаце жыллёва-камунальных паслуг і капітальнаму рамонту больш за два месяцы. Спіс уключае ў сябе 228 асоб, сума запазычанасці якіх вагаецца ад трохсот тысяч да пяці мільёнаў беларускіх рублёў.



6244b2ba957c48bc64582cf2bcec3d04.jpg

Больш за 200 чалавек у Шклоўскім раёне маюць запазычанасць па аплаце жыллёва-камунальных паслуг.
Днямі шклоўская раённая газета «Ударны фронт» у двух нумарах апублікавала вялікі спіс кватэранаймальнікаў, якія маюць запазычанасць па аплаце жыллёва-камунальных паслуг і капітальнаму рамонту больш за два месяцы. Спіс уключае ў сябе 228 асоб, сума запазычанасці якіх вагаецца ад трохсот тысяч да пяці мільёнаў беларускіх рублёў.
Метадам агалошвання праз мясцовую прэсу прозвішчаў неплацельшчыкаў за паслугі ЖКГ шклоўскія камунальнікі карыстаюцца не ўпершыню, аналагічныя спісы публікаваліся ў раённай газеце і ў мінулым годзе. Па словах аднаго з супрацоўнікаў камунгаса, гэта дае пэўны станоўчы эфект, некаторыя з неплацельшчыкаў пачынаюць пагашаць запазычанасць, бо ім сорамна перад знаёмымі.
Для таго, каб даўжнікі нарэшце пачалі пагашаць запазычанасць, выкарыстоўваюцца і больш радыкальныя метады. У кожным з камунгасаў Магілёўскай вобласці ёсць спецыяльныя брыгады, якія прыпыняюць падачу вады, адключаюць ацяпленне і каналізацыю злосным неплацельшчыкам. Пры гэтым камунальнікі не звяртаюць асаблівай увагі на тое, што пасля адключэння вады і каналізацыі ў гэтых людзей іх ні ў чым не вінаватыя суседзі жывуць быццам бы ў «газавых камерах». А санітарныя нормы і правілы пражывання пакуль яшчэ ніхто не адмяняў.
«Праблем з неплацельшчыкамі сапраўды ўзнікае вельмі шмат, — кажа былы супрацоўнік шклоўскага камунгаса Аляксандр Н. — Не плацяць за камунальныя паслугі не толькі так званыя «асацыяльныя элементы», ці, прасцей кажучы, п’яніцы, якіх апроч гарэлкі нічога не цікавіць, а і цалкам прыстойныя людзі. Я асабіста ведаю выпадкі, калі чалавек страціў працу і не можа своечасова разлічыцца за кватэру, калі запазычанасць узнікла з-за таго, што сям’я вучыць дзяцей за плату ў вышэйшай навучальнай установе, і грошай няма літаральна на самае неабходнае. А колькі сярод неплацельшчыкаў адзінокіх пенсіянераў, у якіх пенсіі хапае толькі на лекі і танныя прадукты харчавання! Ды і наогул шмат людзей у Шклоўскім раёне маюць невялікія заробкі (асабліва ў вёсцы) і з цяжкасцю могуць аплаціць усе выдаткі».
Сярэдняя заработная плата ў Шклоўскім раёне за студзень-сакавік 2010 года склала 820,4 тысячы рублёў. Па ўзроўню заробкаў шклаўчане нашмат адстаюць ад жыхароў многіх іншых рэгіёнаў Беларусі. Для прыкладу, сярэднемесячная налічаная заработная плата па краіне ў студзені-сакавіку склала 1 мільён 38,3 тысячы рублёў.