Новы мільярд долараў

Міжнародны валютны фонд павялічыў памер крэдыту stand-by для Беларусі на 1 мільярд долараў, акрамя таго, у бліжэйшы час у краіну паступіць чарговы транш МВФ на 680 мільёнаў. Для гэтага афіцыйны Мінск быў вымушаны прайсці яшчэ крок да лібералізацыі эканомікі — пашырыць межы валютнага калідора для беларускага рубля.

Беларускі бок разлічвае атрымаць новыя грошы ўжо ў першай палове ліпеня.

Міжнародны валютны фонд павялічыў памер крэдыту stand-by для Беларусі на 1 мільярд долараў, акрамя таго, у бліжэйшы час у краіну паступіць чарговы транш МВФ на 680 мільёнаў. Для гэтага афіцыйны Мінск быў вымушаны прайсці яшчэ крок да лібералізацыі эканомікі — пашырыць межы валютнага калідора для беларускага рубля.
Беларускі бок разлічвае атрымаць новыя грошы ўжо ў першай палове ліпеня.
Праграма, якую ўзгаднілі з МВФ, прадугледжвае, што Беларусь захавае ў гэтым годзе збалансаваны бюджэт, будзе захоўваць адэкватна жорсткую грашова-крэдытную палітыку, забяспечыць большую гнуткасць абменнага курса ў калідоры +/- 10%, паглыбіць структурныя рэформы. Акрамя таго, запланавана сур’ёзная праграма па прыватызацыі. У МВФ спадзяюцца, што ў Беларусі будзе прыняты новы закон аб прыватызацыі і ўтворана прыватызацыйнае агенцтва.
Трэба адзначыць, што Беларусь ва ўмовах не атрыманага апошняга траншу крэдыту ад Расіі актыўна шукае грошы на Захадзе.
Пасля сустрэчы прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з амерыканскімі кангрэсменамі 30 чэрвеня, з’явілася магчымасць атрымання крэдытаў і з ЗША. Прынамсі, такія звесткі распаўсюдзілі па выніках сустрэчы з амерыканцамі прадстаўнікі апазіцыі.
У прыватнасці лідэр АГП Анатоль Лябедзька па выніках сустрэчы распавёў: “Яны ўсё ж пакуль не могуць і не хочуць верыць словам, а толькі справам. Таму яны дастаткова прыхільна паставіліся да формулы: крэдыты і інвестыцыі ў абмен на ўнутрыпалітычны дыялог і свабодныя выбары пры ўмове мараторыя на палітычныя рэпрэсіі і адсутнасці палітычных вязняў.
Па меркаванню эканаміста Леаніда Злотнікава, практычна немагчыма разглядаць, які крэдыт лепей: расійскі ці МВФ. Крэдыт ад МВФ па стаўцы на 2% меней за расійскі, затое расійскі даецца пад умову 5 гадоў пралангацыі, калі выплачваюцца толькі працэнты, і грошы аддаваць трэба будзе толькі праз 15 гадоў невялікімі часткамі. А пазыка ад МВФ — на тры гады. “Праблема хутчэй палітыка-эканамічная, звязаная з адносінамі, у прыватнасці, Расіі і Беларусі. У Беларусі пры гэтым захоўваецца праблема дэфіцыту гандлёвага балансу, і ўжо трэба аддаваць запазычанасці, якія краіна зрабіла раней. Я калісьці падлічваў, што, каб захаваць узровень жыцця ў Беларусі, трэба знешніх “уліванняў у эканоміку каля 1 мільярда долараў штомесячна. Ад МВФ засталося 1,7 мільярда плюс новы крэдыт у 1 мільярд — тры месяцы спакойнага жыцця. А потым будуць зноў праблемы, — лічыць эканаміст.