Пад прыцэлам муніты

Напрыканцы чэрвеня Пракуратура горада Мінска завяла крымінальную справу па артыкуле 193–1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь супраць прадстаўніка рэлігійнай арганізацыі. Яўгена Волкава, 25-гадовага жыхара сталіцы, абвінавачваюць у дзейнасці ад імя незарэгістраванага «Руху яднання» (Царква Муна).

Гэтую справу праваабаронцы называюць выключнай, таму што ўпершыню артыкул 193–1 выкарыстоўваецца супраць прадстаўніка рэлігійнай арганізацыі. Пра акалічнасці справы расказвае сам Яўген Волкаў.

Напрыканцы чэрвеня Пракуратура горада Мінска завяла крымінальную справу па артыкуле 193–1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь супраць прадстаўніка рэлігійнай арганізацыі. Яўгена Волкава, 25-гадовага жыхара сталіцы, абвінавачваюць у дзейнасці ад імя незарэгістраванага «Руху яднання» (Царква Муна).
Гэтую справу праваабаронцы называюць выключнай, таму што ўпершыню артыкул 193–1 выкарыстоўваецца супраць прадстаўніка рэлігійнай арганізацыі. Пра акалічнасці справы расказвае сам Яўген Волкаў.
— У пастанове аб завядзенні крымінальнай справы, якую мне нядаўна выдалі на рукі, супраць мяне высунута абвінавачванне ў тым, што з лістапада 2008-га па 25 лютага 2009 года я быў асноўным арганізатарам і каардынатарам незарэгістраванага «Руху яднання». У прыватнасці, мне інкрымінуюць вядзенне міжнародных і фінансавых спраў ад імя гэтай незарэгістраванай арганізацыі. Калі распавядаць храналагічна, то пра цікавасці да сваёй асобы я даведаўся сёлета 25 лютага, калі на кватэры, якую я здымаў, прадстаўнікі праваахоўных органаў правялі ператрус. У выніку забралі рэчы і літаратуру, якія пасля экспертызы павінныя былі пацвердзіць або абвергнуць маю прыналежнасць да незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі. У момант правядзення вобшуку на кватэры разам са мной знаходзіліся мае сябры, а таксама некалькі грамадзян Рэспублікі Карэя. Што тычыцца канфіскаванай літаратуры, то пасля экспертызы Камітэт па справах рэлігій прыйшоў да высновы, што яна змяшчае ідэалогію незарэгістраванага рэлігійнага аб’яднання, а таксама моманты непавагі да мусульман і хрысціян. Крымінальную справу супраць мяне завялі 18 чэрвеня. На першым допыце 29 чэрвеня следчы прапанаваў нам зарэгістравацца, тады, маўляў, усе прэтэнзіі да мяне знікнуць.
Спробы арганізацыі зарэгістравацца каментуе сведка па крымінальнай справе Ігар Валюк.
— З нагоды завядзення крымінальнай справы супраць Яўгена мы прыйшлі да разумення неабходнасці ў трэці раз паспрабаваць зарэгістраваць нашу арганізацыю. Першы раз мы звярнуліся ў Мінюст у 1996 годзе. Тады нам адмовілі ў дастаткова грубай форме. Само заключэнне экспертаў выклікала ў нас сумнеў у іх прафесійнасці. У 2001 годзе, калі ў нас была другая спроба зарэгістраваць арганізацыю, усё пайшло крыху лепш. Да нас паставіліся больш прыязна, але запатрабавалі прадставіць 250 адзінак літаратуры і відэазапісы. Праблема была ў тым, што некаторыя рэчы, якія пералічваліся ў спісе, увогуле не існавалі ў прыродзе. Так, напрыклад, у 2001 годзе ў Тулу прыязджаў вядомы карэйскі лектар з серыяй сваіх семінараў. Лектара звалі Ан. Дык вось, у камітэце па справах рэлігіі нас папрасілі прадставіць лекцыі нейкага Ана Тула, што мы не змаглі зрабіць, таму што такога чалавека проста не існавала ў прыродзе. Таксама папрасілі ў абмежаваны тэрмін зрабіць пераклады кніг з іспанскай, англійскай, карэйскай моваў. А некаторыя з кніг былі па пяцьсот старонак. Усе пераклады мусілі быць натарыяльна заверанымі. У прыватнай гутарцы нам паведамілі, што рэгістраваць не будуць нават тады, калі мы выканаем усе пастаўленыя перад намі ўмовы. Тым не менш, мы верым, што трэцяя спроба абавязкова скончыцца поспехам, і падстава для крымінальнай справы супраць Яўгена знікне.
Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, праваабаронца Алесь Бяляцкі адзначае, што артыкул 193–1 Крымінальнага кодэкса Беларусі з’яўляецца антыканстытуцыйным, а таксама супярэчыць міжнародным пагадненням, якія заключала Беларусь. «У прыватнасці, ён супярэчыць пакту аб палітычных і сацыяльных правах. Мы маем справу з першым у гісторыі Беларусі выкарыстаннем дадзенага артыкула супраць прадстаўнікоў рэлігійнай арганізацыі. Гэты захад варта расцэньваць як распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці. Ёсць іншыя магчымасці кантраляваць дзейнасць рэлігійных арганізацый, супраць якіх улады маюць тыя ці іншыя прэтэнзіі. Што ж датычыцца гэтай справы, то мы перакананыя, што ўлады яшчэ раз прадэманстравалі: дадзены артыкул накіраваны на абмежаванне актыўнасці беларускіх грамадзян», — адзначае праваабаронца.

----------------------------------------------------------------

Даведка:
Царква Аб’яднання (карэйск. «Тхангіль») — рэлігійная арганізацыя, якая прылічвае сябе да хрысціянства. Была заснавана Мун Сон Мёнам у 1954 годзе ў Сеуле (Паўднёвая Карэя). Існуюць і іншыя назвы арганізацыі, якія падкрэсліваюць яе накірунак на сінкрэтызм — «Царква яднання», «Рух аб’яднання». У адрозненні ад Беларусі, у Расіі рух зарэгістраваны і налічвае каля 1000–1500 прыхільнікаў. У 2005 годзе КДБ заклікаў грамадзян быць уважлівымі да Царквы Муна і Царквы саенталогіі, якія вядуць «прапаганду» ў краіне. Негалосна Царква Муна была прылічаная да дэструктыўных сектаў.