Падатак на беднасць

Калі няма адкуль узяць грошы, можна думкі забраць іх у самых бедных. Мы ўжо чулі пра тое, каб браць падаткі з бяздзетных, з прастытутак, з алкаголікаў. А зараз прэм’ер Мясніковіч вынайшаў яшчэ адзін падатак — з беспрацоўных.



full_1358339065.jpg

Фота uvaga.by

Паводле словаў Мясніковіча, у Беларусі каля 445 тысяч чалавек працаздольнага насельніцтва нідзе не працуюць. Гэтыя людзі не ўносяць ніякага ўкладу ў развіццё эканомікі і пры гэтым карыстаюцца сацыяльнымі выгодамі. «Сітуацыютрэба выпраўляць. Адзін са спосабаў — увядзенне падатку з непрацуючых», — сказаў Мясніковіч.

Варта адзначыць, што пра барацьбу з дармаедствам розныя афіцыйныя асобы казалі неаднаразова. «Як рэагаваць у рынкавых умовах, я пакуль яшчэ не ведаю, але мы абавязкова спытаем кожнага беспрацоўнага, чаму ён не працуе», — зазначаў, у прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка. Старшыня Мінгарвыканкаму Мікалай Ладуцька прапаноўваў прыцягваць «утрыманцаў» да грамадскіх прац: упарадкавання газонаў, ліквідацыі надпісаў на сценах, добраўпарадкавання тэрыторый. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Ярашэвіч меркаваў караць грамадзян за «дармаедства» ў крымінальным парадку, а ягоная каляжанка Вольга Палітыка заклікае «праявіць грамадзянскую свядомасць» і адмовіцца ад паслуг незарэгістраваных у якасці ІП прыватнікаў. Кшталту, афіцыйна людзі нідзе не працуюць, а дзяржава іх утрымлівае, хоць яны і зарабляюць сабе на жыццё.

Прапанова Мясніковіча выклікала шэраг з’едлівых каментароў экспертаў. Былы міністр працы Аляксандр Сасноў прапанаваў браць падатак «на паветра», і найперш абкласці гэтым падаткам урад, які знаходзіцца на ўтрыманні дзяржавы, а значыць, найбольш адказны за стварэнне бачнасці працы. Лідар прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч таксама забаўляецца: як браць падатак з таго, хто не мае грошай? Абкласці падаткам дапамогу па беспрацоўі, агульны памер якой складае 8 долараў на месяц? Альбо чым браць падатак з тых самых «асацыяльных элементаў», якія добраўпарадкуюць тэрыторыю альбо ездзяць у калгасы збіраць ураджай за тое, каб іх там пакармілі і далі з сабою садавіны-гародніны? Натурай?

З дзяржаўнага боку, нават дзіўна, што Мясніковіч заклапаціўся праблемай беспрацоўя і назваў лічбу ў 445 тысяч чалавек. Бо, па дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на 1 ліпеня 2013 года на ўліку па беспрацоўі ў службе занятасці Беларусі было зарэгістравана 22,6 тысяч чалавек.

Яшчэ адно дзіва, гэта тое, што беспрацоўныя ўвогуле існуюць. У той жа справаздачы Мінпрацы канстатуецца, што на 12 ліпеня наймальнікі заявілі аб наяўнасці 72,7 тысяч свабодных працоўных месцаў, з іх 70,4% — для рабочых, 29,6% — для спецыялістаў і служачых. Гэта ў тры разы больш, чым афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных.

А вось з боку «недзяржаўнага» зразумела, што «падатак на беспрацоўе» разлічаны на тых, хто працуе ў «шэрых сферах эканомікі» альбо за мяжой. Гэтым тлумачыцца і лічба Мясніковіча. Паводле падлікаў незалежных экспертаў, у нас ад 600 тысяч да 1 мільёна часова ці стала працуюць за мяжой, часцей — у Расіі. Гэта хаця б супастаўляльна з лічбамі Мясніковіча.

Усе адмыслоўцы ў адзін голас кажуць: «клопат» Мясніковіча скіраваны менавіта на гэтых людзей. Але скіраваны ён не ў тым, каб вырашыць гэтую праблему, а ў тым, каб, па старой звычцы, «усё ўзяць і падзяліць».

Сапраўды, у тым, што чалавек не працуе зусім альбо працуе за мяжой, вінаватая дзяржава. Менавіта яна не забяспечвае мінімальную колькасць працоўных месцаў. Да таго ж, як адзначаюць эксперты, у Беларусі практычна знішчаная сістэма перападрыхтоўкі кадраў. Для таго, каб чалавек пачаў працаваць, трэба забяспечыць яго новай, запатрабаванай прафесіяй.

Не забяспечвае дзяржава і нейкі «старт» нанова вывучанаму спецыялісту. Шмат хто ў вакансіях піша: «з досведам працы». Але дзе гэты досвед возьме новы спецыяліст, які толькі-толькі скончыў курсы перападрыхтоўкі? Гэта яшчэ адна праблема, пра якую дзяржава не клапоціцца.

Ну і, канешне, праблема заробку. Калі адзін з вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў кажа пра падатак з беспрацоўных, то значыць, што ў дзяржаве няма грошай на выплату заробкаў. Але нават беспрацоўны без заробку працаваць не будзе.

«Праедзьце па Мінску, паглядзіце на шматлікія будоўлі — краны стаяць і не працуюць. Гэта таму, што працоўныя з'ехалі ў Расію, дзе ім плацяць на парадак больш. На тыя вакансіі, якія ёсць, з заробкам тры мільёны ў месяц, проста немагчыма пражыць. Дык забяспечце людзей нармальным заробкам! Хай ён будзе нават на 20% ніжэй расійскага — працоўныя ў Беларусь вернуцца», — разважае той жа Фядыніч.

Зыходзячы з той ж справаздачы Мінпрацы, удзельная вага вакансій з заробкам да двух мільёнаў рублёў складае 29,2%, ад двух да трох мільёнаў — 32,1%, да чатырох мільёнаў — 22%. А між тым, чатыры мільёны цяпер складаюць крыху больш за 450 долараў.

Гэта значыць, што 83,3% прапанаваных на рынку працы вакансій не дацягваюць да «сярэдняй зарплаты па краіне ў 500 долараў». Не кажучы ўжо пра амбітныя планы ўрада давесці сярэдні заробак у гэтым годзе да 600, а тое і да 700 долараў у эквіваленце.

Без карэннай перабудовы працоўнай сістэмы ўрад атрымліваецца ў замкнёным коле. З аднаго боку, браць падатак з беспрацоўных — амаль немагчыма. З другога — стварыць з беспрацоўнага працуючага таксама не выходзіць: заробкі вельмі нізкія, каб за іх працаваць. З трэцяга боку, сістэма перападрыхтоўкі кадраў толькі паскорыць выезд працоўных за мяжу: той, хто атрымае дэфіцытную спецыяльнасць, адразу з'едзе туды, дзе больш плацяць. Выйсце — у стварэнні новых эфектыўных вытворчасцяў. А для гэтага павінна быць мадэрнізацыя эканомікі. А змяняць на гэтым полі «правілы гульні» дзяржава ўжо не хоча па палітычных матывах. Для яе хай усе будуць «роўныя ў беднаце», — толькі б не патрабавалі большага.