Жоўтая бірка для зняволенага ратавальніка
Жонка Яўгена Дзмітрыева Дар'я распавяла «Новаму Часу» пра першае спатканне з мужам за кратамі.
Спачатку яму падпісалі дазвол на спатканне на адны суткі, а калі Яўген адмовіўся — павялічылі тэрмін сустрэчы яшчэ на адны суткі. Дар'я кажа, што гэты час праляцеў незаўважна, вельмі хутка, не паспелі многае абмеркаваць. Яўген распавёў, што ГУБАЗіК усім палітычным вязням прызначае прафілактычны ўлік, па прыбыцці ў калонію ім вешаюць бірку жоўтага колеру і ставяцца больш жорстка, чым да астатніх.
Яўген трымаецца, на спатканні казаў, што самае страшнае было, калі біў і здзекаваўся ГУБАЗіК, а ўсё астатняе можна сцярпець. Усміхаецца, не падае духам, вельмі пазітыўны. Верыць, што перамога будзе хутка.
Нагадаем Яўген Дзмітрыеў працаваў пажарным-ратавальнікам у МНС. Яго затрымалі 4 кастрычніка пасля «Марша вызвалення палітвязняў» каля свайго дома ў Мінску. Меркавана, за ім сачылі.
Спачатку яму прысудзілі адміністрацыйны арышт па арт. 23.34 КаАП («Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве»). Пасля заканчэння арышту ён на волю не выйшаў, стала вядома, што супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
Першапачаткова Яўгена абвінавачвалі па арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і арт. 364 Крымінальнага кодэкса («Гвалт ці пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органоў унутранных спраў»).
Абвінавачанне паводле 364 артыкула знялі. Яўгена асудзілі на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Вы можаце падтрымаць Яўгена лістом ці паштоўкай:
ПК №22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20. Дзмітрыеву Яўгену Уладзіміравічу.
Жоўтыя біркі для «палітычных»
Раней ужо паведамлялася, што палітвязняў адзначаюць жоўтымі біркамі. Напрыклад, Вітольд Ашурак пісаў са шклоўскай калоніі пра тое, што пакараных па «пратэставых» артыкулах абавязалі насіць біркі жоўтага колеру.
Вылучэнне колерам прыводзіць да таго, што зняволеныя ў турме знаходзяцца ў няроўных умовах, «каляровыя» маюць павышаную ўвагу з боку турэмнай адміністрацыі, а таксама больш вялікія шанцы атрымаць дадатковае пакаранне (у тым ліку змяшчэнне ў ШІЗА або карцар), іх могуць пазбавіць спатканняў і пасылак ад родных. Гэта прыводзіць да стыгматызацыі і дыскрымінацыі пэўных груп зняволеных.
Яшчэ раней у такой сітуацыі знаходзіліся асуджаныя па «наркатычным» арт. КК 328. На найвышэйшым узроўні было прапанавана адбываючым пакаранні за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, стварыць такія ўмовы, каб «смерці прасілі». Маўляў, калі ў краіне шмат такіх злачынцаў, «давайце адну з калоній адшкадуем для гэтага». Так з'явілася самая жорсткая папраўчая калонія № 22 — «Ваўчыныя Норы». Такія асуджаныя пазначаліся зялёнымі біркамі. «Маці-328» шляхам доўгай і руплівай барацьбы ўдалося дамагчыся зняцця гэтых бірак. Цяпер асуджаныя па 328 артыкуле маюць біркі белага колеру.
Колеравая дыферэнцыяцыя людзей
На дадзены момант вядома, што выкарыстоўваецца наступная колеровая маркіроўка вязняў:
Зялёным колерам адзначаюцца затрыманыя з нестандартнай знешнасцю (дрэды, сіні колер валасоў, пірсінг і г.д.). Падвяргаюцца катаванням і жорсткаму абыходжанню, але ідзе і шмат славесных здзекаў і абраз. Яшчэ нядаўна гэтым колерам адзначаліся асуджаныя па «наркатычных» артыкулах 328.
Жоўтым колерам вылучаюцца, як правіла, анархісты, пераследам якіх займаюцца КДБ і спецыяльныя аддзелы ГУБАЗіКа. Жоўтая бірка пазначае чалавека як «схільнага да экстрэмізму» і мае на ўвазе адмысловую ўвагу з боку турэмнай адміністрацыі. Гэта значыць, што гэтыя людзі абавязаныя заўсёды знаходзіцца ў першых шэрагах на праверках, атрымліваць лісты толькі з бытавой інфармацыяй і выконваць любое распараджэнне адміністрацыі, інакш чалавек пазбаўляецца званкоў, спатканняў, перадач і/або яго змяшчаюць у ШІЗА (штрафны ізалятар).
Чырвоным колерам маркіруюцца асуджаныя, якія, на думку адміністрацыі калоніі, схільныя да ўцёкаў або суіцыду.
Белым колерам — усе астатнія зняволеныя.
Пры гэтым серыйныя забойцы, гвалтаўнікі, карупцыянеры і іншыя зняволеныя, асуджаныя за «асабліва цяжкія» злачынствы, ніякім колерам не пазначаюцца.
Палітвязняў могуць караць за кожнае парушэнне правілаў калоніі некалькімі суткамі ў ШІЗА: выпускаюць адтуль на дзень ці два, а потым зноў адпраўляюць у ізалятар. Так было, напрыклад, з палітвязнем Мікітам Емяльянавым.
Некалькі разоў на дзень прыходзяць у асноўным толькі да палітычных і праводзяць ператрусы. А ператрус — асобная нагода атрымаць парушэнне. Вось, напрыклад, за што:
- у тумбачцы можна захоўваць толькі адну кнігу, калі знойдуць больш — парушэнне;
- вопіс рэчаў у асабістай сумцы павінны адпавядаць таму, што ў ёй знаходзіцца;
- не ў тым месцы папіў гарбату ці каву. Можна толькі на кухні;
- на лакальным участку правяраюць, каб быў ахайны, апрануты па форме, якая ўсталяваная. Не дай Бог, каб быў расшпілены гузік або захістаўся каўнер;
- ложак павінен быць засланы без адзінай зморшчынкі і г.д.
Праваабаронцы лічаць недапушчальным выкарыстанне маркіроўкі жоўтым колерам у калоніях для пазначэння палітычна актыўных грамадзян.