«Значыць, дзембель — вясна 23-га. А там — па сітуацыі». Што вядома пра суд па «справе Леаніда Судаленкі»
«Гомельская Вясна» апублікавала вытрымкі з лістоў палітзняволенага праваабаронцы «Вясны» Леаніда Судаленкі да гомельскага актывіста Васіля Палякова, дзе ён распавёў, што адбываецца на закрытым працэсе. Вось што вядома пра суд над «вясноўцамі».

Леанід Судаленка
абскардзіў рашэнне суда аб закрыцці працэса:
«Цёмныя справы робяцца за замкнёнымі дзвярыма, і з гэтым не паспрачаешся. Я абскардзіў, тым не менш, патрабуючы публічнасці суду».
Палітзняволенай Таццяне
Ласіца на першым дні працэса стала кепска:
«Суд быў да 13.00, потым Таццяне выклікалі "хуткую" — і ўсё. Пасля абеду суду ўжо не было. Працяг у панядзелак, калі Таццяна будзе ў норме».
Леанід на судзе падаў
ужо 9 хадайніцтваў — усе былі адхіленыя:
«Падаў 9 хадайніцтваў, якія суд паслядоўна адхіліў. Два з іх — на паручыцельства. Адмоўлена».
Абвінавачванне па справе
падтрымліваюць тры пракуроры:
«У справе аж тры пракуроры з гарадской пракуратуры падтрымліваюць абвінавачанне і сур’ёзна лічаць, што праваабарона ў краіне незаконная!»
У судзе дапытваюць 61
сведку:
«У мяне працягваюцца суды. Нудна, руціна. Выйшаў, паглядзеў налева, сеў у тралейбус… (так Леанід апісвае адказы сведак, у якіх шмат «вады»). І так 97% тамоў — ні пра што. Разбіраюць серыю пікетаў 19 года Марыі Тарасенка супраць "дэкрэта аб дармаедах". Яшчэ крыху — і да выбараў 10-га года вернуцца».
Прагнозы па выніку суду
ў праваабаронцы несуцяшальныя:
«Дзяўчат (Ласіца і Тарасенка), думаю, вызваляць. Таццяне яшчэ паўгода давядзецца пасядзець. Па Марыі — інтрыга. Па другой частцы арышт — мінімальна. У мяне максімальны тэрмін — мінус некалькі месяцаў на дзіцёнка. Значыць, дэмбель — вясна 23-га. А там па сітуацыі».
Леанід плануе падаваць
апеляцыйную скаргу на прысуд:
«Суды, як я пісаў, пакуль да 24 верасня распісаны: 61 сведка будуць дапытаны, 79 тамоў крымінальнай справы абвешчаны. Далей невядомасць. Апеляцыю буду падаваць».