Палітвязню Кірылу Паўлаўцу прысудзілі тры гады «хіміі»
У судзе Савецкага раёна Мінска 5 красавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе палітычнага зняволенага Кірыла Паўлаўца, якому прад’яўлена абвінавачанне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Справу разглядала суддзя Марына Фёдарава. Пракурор — Анастасія Маліко.
Кірыл Паўлавец быў затрыманы 4 кастрычніка пасля «Маршу вызвалення палітвязняў». Калі ён быў ужо дома, яму патэлефанавалі з незнаёмага нумара, папрасілі выйсці ў двор і адагнаць машыну. Там яго і затрымалі людзі ў балаклавах.
На наступны дзень быў суд. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП) і ў непадпарадкаванні работнікам міліцыі (23.4 КаАП). Прысудзілі 14 сутак. Але на волю ён так і не выйшаў. Была заведзеная крымінальная справа, з Акрэсціна яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

Згодна з прад’яўленым абвінавачаннем, Кірыл Паўлавец 30 жніўня на плошчы Свабоды заклікаў да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Перашкодзіў сваімі дзеяннямі працы транспарту, асабліва аўтобусам (там велізарны спіс аўтобусаў, якія ездзяць па найбліжэйшых маршрутах).
Таксама 9 жніўня на праспекце Дзяржынскага, вул. Пушкіна, Жукава зноў перашкаджаў руху транспарту (аўтобусы, тралейбусы) і спыняў іх нармальную працу.
На двух папярэдніх судовых пасяджэннях пракурор хадайнічала аб выкліку ў суд ужо вядомага па многіх працэсах сведкі — супрацоўніка Цэнтральнага РУУС Мінска Аляксандрава Аляксандра Аляксандравіча.
Аднак сведка так і не з’явіўся. Суд прыняў захады пра забеспячэнне яўкі сведкі на працэс. Не з’явіўся няўлоўны Аляксандраў і 30 сакавіка. Таму суд прыняў рашэнне завяршыць судовае следства без яго.
Падчас судовых спрэчак пракурор Маліко прасіла суд прызнаць Паўлаўца вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на тры гады з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).

Сёння суддзя Фёдарава агучыла прысуд: тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Апроч таго, грамадзянскі пазоў камунальнага прадпрыемства «Мінсктранс» за панесеныя страты будзе разглядацца ў грамадзянскім працэсе.
spring96.org