Яраслава Збароўскага асудзілі на 3 гады «хіміі» і вызвалілі ў зале суда

Раніцай 5 красавіка ў судзе Першамайскага раёна Мінска быў агалошаны прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да 50-гадовага Яраслава Збароўскага, якога вінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Мужчыну прыпісвалі ўдзел у падзеях у ноч з 10 на 11 жніўня каля ГЦ «Рыга»: блакаванне дарогі ўласнай машынай, узвядзенне барыкад.

Яраслаў Збароўскі з жонкай пасля вынясення прысуду. Фота spring96.org

Яраслаў Збароўскі з жонкай пасля вынясення прысуду. Фота spring96.org

Палітзняволены віну не прызнаў, казаў, што трапіў на месца мітынга выпадкова — ехаў павячэраць з жонкай, апынуўся ў заторы, рухаўся марудна праз гэта, пры першай магчымасці развярнуўся ў адваротным накірунку і паехаў дамой. Не адмаўляе, што выходзіў з машыны на раздзяляльную паласу і здымаў на тэлефон пратэстоўцаў для асабістага архіву, пасля выдаліў відэа, бо «яно не перадавала атмасферу».
Суддзя Максім Трусевіч палічыў, што віна Яраслава Збароўскага даказаная, і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады. Таксама вырашыў канфіскаваць у даход дзяржавы ўласны аўтамабіль абвінавачанага як сродак здзяйснення злачынства. Заяўлены пазоў «Мінсктранса» па кампенсацыі нанесенай шкоды за спыненне руху транспарту па ўсім горадзе ў памеры 21 831 рубель 69 капеек суд пастанавіў выдзеліць у грамадзянскае судаводства.
Яраслава Збароўскага вызвалілі з-пад варты ў зале суда, меру стрымання змянілі на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах. Тэрмін утрымання пад вартай залічаць у тэрмін адбыцця пакарання з разліку адзін дзень СІЗА за два дні абмежавання волі.
spring96.org